Лідэр гурту Znich, тату-майстар, дызайнэр і мастак Аляксандар Рыгоравіч Таболіч сёлета вырашыў удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Ягоную ініцыятыўную групу зарэгістравалі пад нумарам 13, і яна зьбірае подпісы. Праўда, колькі ўжо сабралі, Таболіч яшчэ сказаць ня можа.
Паразмаўлялі з Аляксандрам Рыгоравічам пра тое, ці можа эканоміка выжыць без нацыянальнай ідэі і навошта яму прэзыдэнцкія выбары.
«Мяне ўспрымаюць як фрыка»
«У нас чыноўнікі, на жаль, не глядзяць на тое, што праз інтэлігенцыю, праз культуру можна падняць Беларусь да вышынь, — мяркуе Алесь Таболіч. — Хтосьці вось прыводзіў прыклад Ісьляндыі — там панкі зрабілі, можна так сказаць, рух, вылучыліся ў мэры гораду... То бок у нас усё ж такі павінны кіраваць ідэйныя людзі, якія могуць і робяць штосьці. Такая мая пазыцыя. Зразумела, што балятавацца ў прэзыдэнты ў мяне 99%, што шанцаў няма. Але падаць сваю ідэю, дзеля чаго гэта робіцца, можна».
У 1996 годзе Алесь Таболіч заснаваў гурт Znich, у якім спалучае беларускія фальклёрныя традыцыі зь цяжкай музыкай і экстрэмальным вакалам. За гады існаваньня гурт мае 6 студыйных альбомаў і некалькі сынглаў. Яшчэ Алесь удзельнічаў у стварэньні «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства», ён арганізатар оўпэн-эйр-фэстывалю «Купальскае кола».
Творчасьць знаходзіць сваю праяву амаль паўсюль, але навошта тады ісьці ў палітыку?
«Натхніўся, што трэба штосьці зьмяняць. Мяне ўспрымаюць як такога фрыка. Ну, 13-ы нумар [ініцыятыўная група Таболіча зарэгістраваная пад нумарам 13. — РС], фрык такі зь нейкай тусоўкі, мэталіст, рок-музыка, тату-майстар. І ў асноўным да мяне ставяцца, нібыта я як Зяленскі ва Ўкраіне», — кажа Таболіч.
Але ідэя пайсьці на выбары, кажа Алесь, — гэта сапраўдны крык душы, бо вельмі хочацца, каб Беларусь славілася сваімі талентамі па ўсім сьвеце, як у ІТ-тэхналёгіях, дызайне і іншых сфэрах.
«Улюбіў» людзей у тату зь беларускім арнамэнтам
Алесь нарадзіўся ў Жыткавічах у сям’і мастакоў. У 10 гадоў пераехаў у Менск, пайшоў вучыцца ў школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка.
«З маленства мяне вучылі любіць, паважаць як карані, так і сваю Беларусь. Мастацтва ўвасаблялася ў жывапісе, графіцы. Пасьля, калі я скончыў Акадэмію мастацтваў — па дызайне, гэта выкарыстаў у тату. Я адзін зь першых, хто пачаў прапаганду беларускага арнамэнту», — расказвае Алесь.
Майстрам тату і пэрманэнтнага макіяжу Алесь працуе ўжо 13 гадоў. А прыйшоў у прафэсію нечакана. Проста аднойчы зайшоў да аднаклясьніка, які ў той час працаваў у салёне «Ў лісіцы».
«Мы нешта паразмаўлялі, я там рысуначак зрабіў, і пасьля Павал Мікалаевіч Жыгімонт [заснавальнік салёну „Ў лісіцы“. — РС] убачыў гэты рысунак і сказаў: „Што гэта за майстар такі?“ І мяне запрасілі ў салён працаваць»
Алесь у 2013 годзе зладзіў першы агульнабеларускі Tattoo Fest, які праходзіць і цяпер і ўжо перарос у міжнародную імпрэзу. Ён ня проста распачаў прапаганду беларускага арнамэнту, а сапраўды «закахаў» людзей у тату-вышыванкі, якія сталі неверагодна папулярнымі.
«Гэта той скарб беларускага здабытку традыцыйнай культуры, які заўсёды быў зь беларусамі, як і мова. Гэта дзесьці глыбока ў душы ў кожнага беларуса жыве. Гэта тое, што прыйшло ад дзядуль, бабуль, прабабуль, гэтыя вышыванкі, тканіны», — кажа Таболіч.
«Людзям надакучылі гэтыя фэйкавыя палітыкі»
Два гады таму Алесь Таболіч у інтэрвію для праекту Art Siadziba Online сказаў: «Хай Севярынец займаецца сваёй палітыкай і ня лезе ў мэтал, а то мэтал палезе да яго».
«Вось чаму так адбылося, што людзям надакучылі вось гэтыя фэйкавыя палітыкі, якія ўжо амаль што дзесяцігодзьдзямі да нечага заклікаюць, нешта нібыта робяць, але, на жаль, у нас нічога не мяняецца? — пытаецца Таболіч. — Нават у іх асяродзьдзі. Я не кажу, што яны ўсе там дрэнныя, я, наадварот, лічу, што грамадзтва і дзяржава павінны аб’ядноўваць людзей з рознымі палітычнымі кірункамі».
Таболіч лічыць, што беларуская нацыянальная ідэя яшчэ не сфармавалася і патрэбны моцны падыход, які б згуртаваў вакол гэтага людзей. Людзі вельмі шмат глядзяць ці на Ўсход, ці на Захад, але ганарыцца тым, што яны беларусы, ня могуць, — мяркуе Алесь.
«Чамусьці няма гонару, няма любові да Беларусі. Усе сябе лічаць кім заўгодна, але не беларусам. А вось гэта самае галоўнае, каб усё ж такі людзі пачалі сябе паважаць, пачалі сабой ганарыцца. І тады будзе магчыма зрабіць нейкі новы штуршок у разьвіцьці беларускай дзяржаўнасьці».
Тады ж Алесь казаў, што калі б ён стаў міністрам культуры, то перш за ўсё ўвесь бюджэт, які ідзе на «Славянскі базар», аддаў бы на падтрымку самых розных беларускамоўных фэстываляў і тых, што прапагандуюць беларускую культуру. Але з пасадай кіраўніка дзяржавы ўсё іначай. Найперш, кажа Алесь, хочацца абмежаваць у паўнамоцтвах інстытут прэзыдэнцтва.
«Я не кажу, што прэзыдэнцтва — гэта дрэнна. Можа, і трэба, каб прэзыдэнт быў, як кажуць, тварам дзяржавы. Але ўсё ж такі парлямэнт павінен вырашаць усе палітычныя і сацыяльныя моманты, каб у нас былі не прызначэнцы, а людзі прызначалі кіраўніцтва. Больш дэмакратычнасьці павінна быць у Беларусі».
На думку Алеся, у Беларусі людзі вельмі добрыя, пазытыўныя, талерантныя і без нахабства. Ён зьвяртае ўвагу на традыцыі шматнацыянальнай і шматрэлігійнай культуры Беларусі, якая досыць усяго прайшла за сваю гісторыю.
«І ў гэтым адметнасьць беларусаў, што яны самастойна жывуць у такіх вось вар’яцкіх сусьветных падзелах. Трэба іх нечым аб’яднаць, праз культуру, мову, музыку, мастацтва, — мяркуе Алесь Таболіч. — Нават калі цяпер казаць пра выбарны працэс, то мала хто кажа пра дактароў, пра настаўнікаў, пра моладзь нашу. Усе кажуць пра бізнэс, пра эканоміку, тэхналёгіі, ну і вылучаюцца ў прэзыдэнты такія моцныя кандыдаты, як Бабарыка, Цапкала і іншыя.
Але ніхто ня кажа пра нацыянальны прыярытэт, што яны хочуць у дзяржаве бачыць. Яны кажуць пра эканоміку, але эканоміка без нацыянальнай ідэі, як і ніякі палітык, ня можа жыць. Павінны ўсе працаваць дзеля таго, каб гэтая Беларусь была вядомая ў сьвеце».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.