Інтэрнэт-супольнасьць горача абмяркоўвае, як магчыма было сабраць 200 тысяч подпісаў за дзейнага прэзыдэнта, калі пікетаў па зборы подпісаў не было. «Белая Русь» сьцьвярджае, што без праблем — у выходныя працавалі 155 грамадзкіх прыёмных, да таго ж у РГА 190 тысяч сябраў. Аднак зьбіраць подпісы маюць права толькі сябры ініцыятыўнай групы. А ў групе Аляксандра Лукашэнкі каля 11 тысяч чалавек.
Свабода разьбіралася ў сытуацыі.
Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>
«Пікетаў няма, збор подпісаў — толькі праз грамадзкія прыёмныя»
У першай палове дня ў прыёмнай «Белай Русі» Свабодзе сказалі, што пікетаў па зборы подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі пакуль няма. Подпісы ў падтрымку дзейнага прэзыдэнта можна пакінуць толькі ў грамадзкіх прыёмных РГА. А пасьля абеду сказалі, што подпісы зьбіраюць усе пярвічныя арганізацыі, якіх у «Белай Русі» 8600, а да таго ж у сельскай мясцовасьці зборшчыкі робяць «дамавыя абходы».
«Пікетаў пакуль мы не праводзім. На вуліцы подпісы „Белая Русь“ не зьбірае — у тым ліку і зь меркаваньняў бясьпекі. У нас цяпер праходзіць збор подпісаў толькі на базе грамадзкіх прыёмных „Белай Русі“. Усе адрасы ёсьць на афіцыйным сайце — у кожным рэгіёне і ў горадзе Менску», — паведамілі ў рэспубліканскім грамадзкім аб’яднаньні. І ўдакладнілі, што ўсяго ў краіне 155 грамадзкіх прыёмных «Белай Русі».
«Чэргаў у грамадзкіх прыёмных практычна няма», — запэўнілі Свабоду ў «Белай Русі».
«323 чалавекі на кожную грамадзкую прыёмную кожны дзень»
Вядомы эканамічны аналітык Вадзім Іосуб падлічыў, як можна было сабраць 200 тысяч подпісаў у такія кароткія тэрміны:
«200 000 подпісаў сабрана за 4 дні. Праз грамадзкія прыёмныя „Белай Русі“. Грамадзкіх прыёмных у краіне 155. 323 чалавекі на кожную прыёмную кожны дзень.
13,5 чал./гадзіну, або 4,4 хв. на чалавека пры кругласутачнай працы прыёмных.
40,4 чал./гадзіну, або 1,5 хв. на чалавека пры 8-гадзіннай працы прыёмных.
Бесьперапынна. Бяз паўзаў. У кожнай з прыёмных.
Праўдападобна?» — піша Вадзім Іосуб.
«Членаў „Белай Русі“ — 190 тысяч. Галасы мы зьбіралі ня толькі ў грамадзкіх прыёмных»
Пасьля абеду ў аўторак Свабода паспрабавала даведацца, ці працавалі грамадзкія прыёмныя ў выходныя.
Намесьнік старшыні «Белай Русі» Аляксандар Шацько запэўніў, што працавалі.
«Так, канечне. Працуем без выходных! Грамадзкіх прыёмных 155 па краіне», — упэўнена адказаў суразмоўца.
І заявіў, што, аказваецца, подпісы зьбіралі ня толькі грамадзкія прыёмныя, а і шараговыя сябры арганізацыі.
На пытаньне, колькі подпісаў ужо сабрана на аўторак і колькі з сабраных раней 200 тысяч належаць ініцыятыўным групам Белай Русі«, адказу Свабода не пачула.
«Мы ня можам падлічыць, колькі мы сабралі. Бо я вам скажу лічбу, а падпісант узгадае, што ён ня толькі член „Белай Русі“, а яшчэ і член прафсаюзу, член Саюзу жанчын, член Саюзу афіцэраў — і што гэта будзе за лік тады? Мы вырашылі ўсё ў агульную скарбонку, без падзелу», — заявілі ў прыёмнай «Белай Русі».
Суразмоўца Свабоды ўдакладніў, што 200 тысяч подпісаў сабрана не на сёньня, а на пазаўчора.
«Членаў „Белай Русі“ — 190 тысяч, у нас 8600 пярвічных арганізацый. Галасы мы зьбіралі ня толькі ў грамадзкіх прыёмных. Як бы мы сабралі фізычна 200 тысяч?
Гэта перш за ўсё пярвічныя арганізацыі, іх 8600, у кожнай пярвічцы ёсьць чальцы ініцыятыўнай групы. Дык няўжо ён не зьбярэ ў сябе подпісы? Зьбярэ! І ў сельскай мясцовасьці былі дамавыя абходы — не пакватэрныя, а менавіта па дамах хадзілі, зьбіралі галасы нашых прыхільнікаў — з выкананьнем усіх захадаў бясьпекі», — запэўнілі Свабоду ў «Белай Русі».
У ініцыятыўную групу Лукашэнкі ўваходзіць каля 11 тысяч чалавек, а не 190 тысяч, пра якія кажуць у «Белай Русі». То бок зьбіраць подпісы маглі толькі гэтыя 11 тысяч.
ЦВК сытуацыю не камэнтуе
Юрыст ЦВК адмовіўся пракамэнтаваць сытуацыю зь «Белай Русьсю» — наколькі законна шараговым чальцам грамадзкага аб’яднаньня зьбіраць подпісы. Юрыст толькі агучыў норму закону.
«У адпаведнасьці з часткай 1 артыкула 61 Выбарчага кодэкс, подпісы за вылучэньне кандыдата маюць права зьбіраць толькі члены яго ініцыятыўнай групы, якія маюць пасьведчаньне, выдадзенае Цэнтравыбаркамам», — патлумачылі Свабодзе ў ЦВК.
Грамадзкія прыёмныя ў выходныя не працавалі. Прынамсі ў Менску
Што да грамадзкіх прыёмных, на сайце пазначаны час іх працы. У Маскоўскай раённай арганізацыі прыёмная працуе з панядзелка па пятніцу 3 гадзіны ў дзень — з 15.00 да 18.00. У Ленінскай раённай арганізацыі — у панядзелак з 17-й да 19-й гадзіны, у чацьвер — з 10-й да 12-й.
Свабода патэлефанавала ў грамадзкую прыёмную раённай арганізацыі «Белай Русі», што ў будынку адміністрацыі Першамайскага раёну Менску па адрасе завулак Кузьмы Чорнага, 3.
Дарэчы, на сайце «Белай Русі» пазначана, што прыёмная працуе з 10-й да 18-й. Аднак а 14 гадзіне Свабодзе сказалі, што чалавек там будзе толькі цягам бліжэйшай гадзіны. У сераду дзяжурны будзе ў прыёмнай з 10-й да 13-й.
На пытаньне, ці працавала грамадзкая прыёмная ў суботу і нядзелю, зьдзіўлены жаночы голас адказаў: «Не, канечне! Гэта ж выходныя дні».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.