Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хацеў бы агалошваць асаблівасьці ўгоды». Як і хто набыў дом Цапкалы?


Валер Цапкала
Валер Цапкала

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала прадаў свой дом плошчай у 418,3 квадратнага мэтра кампаніі «Райффайзен-лізінг». Дом стаіць у Менску за Нацыянальнай бібліятэкай.

4 сакавіка 2020 году была заключаная дамова аб куплі-продажы дому. А ва ўласнасьць кампаніі ён перайшоў 11 траўня.

Валер Цапкала ня стаў камэнтаваць сытуацыю з продажам, бо «стаміўся адказваць на пытаньні наконт дому». Таму замест прэтэндэнта на кандыдацтва з карэспандэнтам Свабоды паразмаўляў яго прэсавы сакратар Аляксей Урбан.

Хто набыў дом Цапкалы?

СТАА «Райффайзен-Лізінг» — адна з найбуйнейшых лізінгавых кампаній у Беларусі. Яе дырэктар — Максім Лісіцкі. «Райффайзен-Лізінг» уваходзіць у аўстрыйскую банкаўскую групу Raiffeisen Group, як і «Прыёрбанк». Чаму менавіта гэтая кампанія набыла маёмасьць Валера Цапкалы і ці ёсьць у яго там сябры ці знаёмыя?

«Нібыта не, я, шчыра кажучы, ніколі пра гэта не задумваўся. Але вельмі часта так у жыцьці бывае, што калі мы даём аб’яву на дом, пакупнікі зьяўляюцца нечакана для нас», — сказаў Аляксей Урбан.

Урбан таксама не паведаміў, ці былі яшчэ нейкія прэтэндэнты на дом Цапкалы. Але дакладна, што дом быў прададзены дзеля фінансаваньня перадвыбарчай кампаніі, «гэта была галоўная мэта».

Сума, якую атрымаў Валер Цапкала за свой катэдж, не раскрываецца. Паводле Урбана, на кампанію зь яе будзе выдаткавана 9 тысяч базавых (243 тысяч рублёў), як і вызначана законам.

«Лізінгавая кампанія „Райффайзен-Лізінг“ мае ліцэнзію на працу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У парушэньні заканадаўства не была заўважаная. Гэта прадпрыемства з прысутнасьцю замежнага капіталу. Ніхто ж ня кажа, што замежны капітал вылучыў нейкія сродкі на чыюсьці выбарчую кампанію. Гаворка ідзе пра тое, што нейкая арганізацыя набыла маёмасьць нейкай асобы. Што тут незаконнага? Гэта ж не аўстрыйскі банк даў на гэтую ўгоду грошай. Гэта было прафінансавана са сродкаў, якімі апэруе лізінгавая кампанія, рэзыдэнт беларускага праўнага поля. Я ня бачу нічога незаконнага ў гэтай угодзе», — сказаў Аляксей Урбан.

Якія ўмовы ўгоды?

Суразмоўца сайту dev.by выказаў меркаваньне, што дом Цапкалы маглі прадаць паводле схемы зваротнага лізінгу. Пры такой схеме ўласьнік маёмасьці прадае яе лізінгавай кампаніі, атрымлівае грошы, а потым гэтую ж маёмасьць бярэ ў лізінг. Грашамі ад угоды зь лізінгавай кампаніяй ён можа распараджацца на свой одум і пры гэтым карыстацца маёмасьцю, плоцячы лізінгавыя выплаты.

Аляксей Урбан не выключае такой магчымасьці.

«У гэтую ўгоду быў залучаны ня толькі Цапкала. Там жа ёсьць бок, які набыў гэтую маёмасьць. Уся ўгода зарэгістраваная. Той бок, які набыў гэты дом, у зьвязку з гэтай гісторыяй, паколькі Валер Цапкала стаў публічнай асобай, не хацеў бы агалошваць свае дадзеныя і асаблівасьці ўгоды ў мэтах бясьпекі. Не таму, што мы баімся нешта абазначыць. Дом прададзены, грошы за яго атрыманыя. Бок, які набыў дом, папрасіў дадзеныя пра гэтую ўгоду не камэнтаваць. Юрыдычна яны маюць на гэта права. Калі той бок, які купляў, набыў яго ў лізінг, дык і бог зь ім. Давайце пагаворым пра ўсё астатняе. Ці вас толькі працэдура зваротнага лізінгу хвалюе?», — сказаў Аляксей Урбан.

Прэс-сакратар не паведаміў, дзе цяпер жыве Валер Цапкала.

«Пытаньне пражываньня пакуль ня вельмі хацелі б асьвятляць у СМІ. У яго жонка і двое дзяцей. Ён чалавек публічны, і не хацелася б указваць яго дакладнае месца жыхарства, каб пазьбегнуць магчымых эксцэсаў. Можа ж быць у чалавека, які займаецца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, не адно месца жыхарства», — сказаў Аляксей Урбан.

Як будаваўся дом?

Прададзены дом Валера Цапкалы быў здадзены ў эксплюатацыю 25 кастрычніка 2019 году.

«Ён ужо ня быў чыноўнікам, калі яго пабудаваў і прадаваў. Усе дакумэнты ў парадку», — сказаў Аляксей Урбан.

Ён, аднак, не назваў кампанію, якая будавала дом. Але гэта быў адзін з падрадчыкаў, якія ўдзельнічалі ў забудове аб’ектаў ПВТ.

«Тут жа задзейнічаныя інтарэсы і іншых. Дом будаваўся да пачатку выбарчай кампаніі, ён быў закончаны ў 2019-м, а выбары абвешчаныя ў 2020-м. Дом будаваўся ў той час, калі Валер Цапкала пакінуў пасаду кіраўніка ПВТ. Калі б я меў сьпіс добрых, правераных будаўнікоў па старой працы, чаму б ім не скарыстацца? Гэта лягічна», — сказаў Аляксей Урбан.

На заканчэньне размовы прэсавы сакратар паўтарыў: што тычыцца дому Цапкалы, то там «усё юрыдычна законна і правільна».

«Па першай адукацыі Валер Цапкала юрыст, і ён чалавек вельмі прыстойны і сумленны. І наўрад ці ён, плянуючы балятавацца, мог дапусьціць юрыдычныя памылкі», — сказаў Аляксей Урбан.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG