Таксама вольныя ад каранавірусу Фарэрскія астравы — аўтаномія ў складзе Даніі. Да нядаўняга часу не было «актыўных выпадкаў» у Грэнляндыі — яшчэ адной дацкай аўтаноміі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Урад Чарнагорыі абвясьціў 24 траўня аб нулявой колькасьці «актыўных выпадкаў» COVID-19 у краіне. З агульных 324 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі 9 скончыліся сьмерцю пацыентаў, але 315 чалавек выпісаныя здаровымі. За дзень да абвесткі ўсе 140 тэстаў на каранавірус у краіне далі адмоўны вынік.
Чарнагорыя была апошняй краінай Эўропы, дзе зафіксавалі новы каранавірус. Пра першыя выпадкі там абвясьцілі 17 сакавіка, але за два дні да таго іншаземцам забаранілі ўезд у краіну, закрылі гатэлі і рэстарацыі, абмежавалі колькасьць наведнікаў крамаў і ўвялі іншыя карантынныя захады. Карантын пачалі зьмякчаць 4 траўня, а гатэлі і пляжы адкрылі 18-га.
У сьвеце ёсьць яшчэ два дзясяткі краінаў і тэрыторыяў, у якіх заяўляюць пра нуль «актыўных выпадкаў» COVID-19. Зь іх да Эўропы адносяцца Фарэрскія астравы — дацкая аўтаномія між Брытанскімі астравамі і Ісьляндыяй. Там фіксавалі 187 выпадкаў (пры насельніцтве ў 52 тысячы), усіх выпісалі здаровымі яшчэ 8 траўня.
Ад 8 красавіка да 24 траўня не было «актыўных выпадкаў» і ў Грэнляндыі — дацкай аўтаноміі, найбуйнейшым востраве сьвету, які адносяць да Паўночнаамэрыканскага кантынэнту. На піку ў Грэнляндыі было да 8 «актыўных выпадкаў» (пры насельніцтве ў 56 тысяч), усяго зафіксавалі 12 , усіх ранейшых хворых выпісалі здаровымі.
Ды існуе магчымасьць, што каранавірус зноў выявяць у Чарнагорыі. За ўвесь час там правялі толькі 10 тысяч тэстаў, што пры насельніцтве ў 631 тысячу дае 16 тысяч тэстаў на ўмоўны мільён жыхароў — утрая менш тэстаў на душу насельніцтва, чым у Беларусі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.