Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядучы амэрыканскі экспэрт: Ня трэба разьлічваць на вакцыну


У рамках гадзіннага відэаінтэрвію для праграмы Reuters Virtual Newsmakers вядучы амэрыканскі экспэрт у галіне біятэхналёгіі і фармакалёгіі Ўільям Гэйзлтайн падзяліўся сваімі развагамі аб пандэміі COVID-19, спосабах змаганьня зь ёй, леках і вакцынах, а таксама аб уроках, якія чалавецтва можа вынесьці зь цяперашняга крызісу.

Доктар Ўільям Гэйзлтайн — ​былы прафэсар Гарвардзкай мэдычнай школы, вядучы спэцыяліст у дасьледаваньні раку, HIV/AIDS і геному чалавека, заснавальнік дзясятка біятэхналягічных кампаніяў, прэзыдэнт аналітычнага цэнтру Access Health International.

Падаем тэкст інтэрвію зь невялікімі скарачэньнямі.

Лічыце, што любы навокал можа быць інфікаваны

— Краіны сьвету пачынаюць вяртаць сваю эканоміку да жыцьця — адкрываюць крамы, рэстараны, прадпрыемствы. Як людзям трэба сябе паводзіць, каб сябе абараніць?

— Першае, што людзі мусяць ведаць — пакуль у іх асяродзьдзі або блізка да яго прысутны вірус, кожны, з кім яны сутыкаюцца, можа быць інфікаваны. І неістотна — ці яны перахварэлі на COVID-19 і выздаравелі — яны мусяць усьведамляць, што могуць заразіць або быць заражанымі. Калі карыстацца гэтым простым правілам — лічыце, што кожны, у тым ліку і вы, можаце быць інфікаваны. Таму трэба датрымлівацца захадаў бясьпекі: насіць маску і заахвочваць усіх навокал насіць маскі, усяляк старацца захоўваць дыстанцыю на працоўным месцы, сачыць, каб кожная паверхня, да якой вы датыкаецеся, была чыстая; сачыць, каб вы і ваша сям’я прымалі неабходныя меры — мыць рукі. Гэта адзіны надзейны спосаб, калі вірус прысутны ў вашым асяродзьдзі — а на гэты момант ён прысутны ў любым асяродзьдзі.

— Здаецца, у вас ёсьць формула, якая дапамагае зразумець — наколькі заразны можа быць сьвет вакол нас?

— Так, я навуковец, а навукоўцы любяць формулы. Нас цікавіць — наколькі ў нас вялікія шанцы заразіцца? Перш за ўсё — час узьдзеяньня асяродзьдзя: вялікая розьніца — хвіліна, дзьве або дваццаць. Галоўным чынам мы гаворым пра закрытую прастору: пакой, рэстаран, тэатар. Час знаходжаньня там дзелім на адлегласьць: чым далей вы ад іншых — тым меншы шанец заразіцца. Другі аспэкт — колькі людзей вакол вас. Чым больш людзей — тым большая небясьпека, нават калі яны ў масках, бо маскі не прылягаюць шчыльна. Яшчэ адзін фактар — людзі бяз масак. Так што формула заразнасьці такая: час падзяліць на адлегласьць і памножыць на колькасьць людзей і яшчэ памножыць на колькасьць людзей бяз масак. Карацей: трэба старацца ня быць доўга ў закрытай прасторы, дзе ёсьць шмат людзей, асабліва бяз масак — бо, мы памятаем, кожны зь іх можа быць інфікаваны.

На сьвеце ёсьць месцы фактычна свабодныя ад інфэкцыі — напрыклад, Пэкін. І там толькі цяпер пачынаюць здымаць маскі — больш чым празь месяц пасьля выяўленьня апошняга інфікаванага.

— А як справы зь дзецьмі? Ці яны сапраўды — «супэрразносчыкі» каранавірусу? Цяпер вядзецца шмат дыскусіяў пра іх вяртаньне ў школы.

— Вы — маці, я — бацька і дзед. Ёсьць правіла, якое мы ўсе ведаем: мы прастуджаемся ад дзяцей. Дзіця пойдзе ў школу або ў садок — і прынясе вам адтуль прастуду. А каранавірус — гэта такі самы «прастудны» вірус. Правілы перадачы вірусу тыя самыя. Таму, калі людзі думаюць, што дзеці іх не заразяць — яны дурні. Вядома ж заразяць! Тое самае і наадварот — вы прынесяце аднекуль вірус і заразіце ўсю сям’ю. Так што каранавірус — гэта як прастуда, толькі з дрэннымі звычкамі. Я дастаткова стары і яшчэ памятаю эпідэмію поліяміэліту — пакуль ня вынайшлі вакцыну. Гэта было тое самае — «прастуда з дрэннымі звычкамі». Толькі тады мы ня ведалі, што трэба насіць маскі...

Што датычыць адкрыцьця школ: калі ў вашай мясцовасьці доўгі час — месяц, два — не зьявілася новых інфікаваных, то ўсё ў парадку. Калі ж вірусу ня стала меней — гэта ня будзе разумным крокам.

Ёсьць яшчэ адна рэч, пра якую бацькі павіны ведаць і быць вельмі пільнымі. Бывае, што спачатку гэта выглядае як звычайная прастуда, пасьля дзіця выздаравее, а пасьля раптам наступае каляпс і дзіця памрэ, калі неадкладна не завезьці яго ў шпіталь. Гэта называецца «мультысыстэмны запаленчы сындром у дзяцей» (MIS-C) і ён небясьпечны для жыцьця. Гэта ня простая пнэўманія, гэты сындром паражае сэрца, ныркі, іншыя сыстэмы арганізму.

— Паводле таго, што вы кажаце, выглядае, што вірус праходзіць мутацыю і за апошнія месяцы набыў нейкія новыя рысы?

— Мутацыі вірусу няма. Проста чым больш паступае пацыентаў — тым больш мы даведваемся пра вірус і яго ўзьдзеяньне. На шчасьце, з кожным днём узьнікае ўсё больш і больш інфармацыі з усіх бакоў, і мы набіраемся досьведу.

Такі прыклад. На пачатку эпідэміі амаль 90% людзей на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх паміралі. Цяпер выявілася, што ў бальшыні выпадкаў прычынай сьмерці былі тромбы, выкліканыя каранавірусам. Былі ўжытыя неабходныя захады, і гэтая лічба ўпала да 30%.

І яшчэ адна рэч. Калі людзі выздараўліваюць, гэты працэс не праходзіць лёгка — гэта ня простая прастуда або грып. Чалавек адчувае сябе дрэнна некалькі тыдняў і нават месяцаў. І гэтая хвароба можа вяртацца! Адзін мой знаёмы перахварэў, выздаравеў, а пасьля захварэў зноў — з усім тымі самымі жахлівымі сымптомамі.

Так што гэта ня простая інфэкцыя, гэта вельмі небясьпечная хвароба. І мы даведваемся пра яе больш і больш па меры павелічэньня колькасьці хворых.

І перахварэўшы вы не абароненыя ад новай інфэкцыі

— Пяройдзем цяпер да пытаньня імунітэту, якое вы ўжо закранулі. Некаторыя краіны прыступілі да тэстаў на імунітэт і загаворваюць пра «пашпарт імунітэту». Наколькі надзейнымі могуць быць такія тэсты?

— Просты адказ: мы пакуль што ня маем адказаў. Але ў нас ёсьць падазрэньні на аснове ранейшага досьведу вывучэньня гэтага тыпу вірусаў. Правіла простае: калі вы раней былі інфікаваныя — ня думайце, што вы абароненыя ад новай інфэкцыі.

Чаму я так кажу? У 1970-х гадах, калі людзі пачалі вывучаць гэты тып вірусаў, былі добраахвотнікі, якіх інфікавалі каранавірусам, пасьля яны выздаравелі, але празь нейкі час — некалькі месяцаў або гадоў — іх паспрабавалі інфікаваць тымі самымі вірусамі і — угадайце што? Інфікавалі! Вірус застаўся той самы, ніякіх мутацыяў — і ўсё роўна адбылося заражэньне.

Чаму? Я маю падазрэньне, што прычына — шлях трапляньня інфэкцыі, празь сьлізістую абалонку. Наша імунная сыстэма добра працуе ў крыві, у тканках, але — ці так добра ў сьлізістай абалонцы? А вірус прыстасаваўся і знайшоў самы лёгкі шлях як трапіць у арганізм. Бальшыня вакцынаў ад каранавірусаў у мінуласьці добра абаранялі нашы ўнутраныя органы, але не абаранялі нос. Сьлізістую абалонку абараніць цяжка. Вельмі цяжка будзе вынайсьці такую вакцыну.

— Якраз цяпер у сьвеце назіраецца вялікая канкурэнцыя — сапраўднае мэдычнае спаборніцтва за тое, хто вынайдзе лек і вакцыну ад COVID-19...

— Мне не падабаюцца словы «спаборніцтва», «канкурэнцыя». Мы — адзін біялягічны від, чалавечы род, які цярпіць ад вірусу, што прыйшоў да нас з прыроды. І мы памятаем — калі хоць адзін чалавек інфікаваны — рызыкуем мы ўсе.

Ня трэба разглядаць гэта як спаборніцтва. Навукоўцы ва ўсім сьвеце дзеляцца ўсёй інфармацыяй як мага хутчэй. Трэба не спаборнічаць, а супрацоўнічаць. Мы спаборнічаем зь вірусам, а не адны з аднымі.

Можа, вакцына і будзе — але не разьлічвайце на яе

— Што, на вашу думку, зьявіцца раней — эфэктыўны лек або вакцына?

— Лекі ўжо пачынаюць ужывацца. Ужо цяпер ужываецца плязма перахварэлых — у цяжкіх выпадках яна можа ўратаваць жыцьця. І дзеля таго, што тыя, каму яе далі — выжываюць, а іншыя навокал паміраюць, сьведчыць пра тое, што гэты лек рэальна дзейнічае.

Другі лек — гіпэрімунны гама-глябулін, які таксама дапамагае цяжка хворым людзям. Яго можна ўжываць таксама і для абароны мэдычных працаўнікоў — іньекцыі дастаткова рабіць раз на некалькі тыдняў.

Далей — хімічныя лекі. Былі вынайдзеныя такія лекі для SARS і MERS — будуць вынайдзеныя і гэтым разам. Так што лекі ў нас будуць.

Што да вакцынаў — няма пэўнасьці, ці яны наогул некалі зьявяцца. Мне прыпамінаюцца першыя гады пасьля зьяўленьня HIV/AIDS, у гэтай галіне працавала шмат навукоўцаў, мы рабілі шмат экспэрымэнтаў, але ў выніку не маглі прадухіліць хваробу. Урэшце ў 1986 годзе я сказаў: «Я ня думаю, што мы вынайдзем вакцыну». Уся заля, тры тысячы чалавек, выла і крычала, мяне сьцягнулі са сцэны... А вакцыны так і няма да сёньня.

З такім самым перакананьнем я магу сказаць і цяпер: ня тое, што мы ня будзем мець вакцыны, а — што мы ня ведаем напэўна. Не разьлічвайце на гэта. Ня слухайце, калі палітыкі вам кажуць: «У нас будзе вакцына, калі прыйдзе час майго пераабраньня». Можа, вакцына і будзе — я не кажу, што не — але гэта яшчэ ня вырашаная справа. Кожны раз, калі зьяўлялася вакцына — так было і з SARS, і з MERS — яна не абараняла ад хваробы.

Можа, гэтым разам будзе лепей, адбыўся вялікі прагрэс, ва ўсім сьвеце над гэтым працуе мноства разумных людзей. Але я б пакуль што на гэта не разьлічваў.

І яшчэ адна рэч. Кітайскі досьвед даказаў: гэтую хваробу можна трымаць пад кантролем — без вакцыны і лекаў. Кантроль заснаваны на трох асноўных прынцыпах: выяўленьне інфікаваных, выяўленьне першых кантактаў, і — тое, чаго няма ў ЗША — прымусовая ізаляцыя ўсіх першых кантактаў. У Кітаі такіх не адпраўлялі дамоў, дзе яны пазаражаюць усіх дома, а калі выйдуць з дому, дык і ўсіх навокал. Іх пасылалі на кантрольны карантын у асобныя пакоі ў гатэлях. Калі выявіцца хвароба — іх будуць лячыць, а калі не — яны адбудуць на карантыне два тыдні і выйдуць здаровыя. Бяз тэстаў, бязь лекаў, без вакцыны — і інфэкцыя зьнікае.

— Гэта вельмі важная заўвага. Выглядае, што ва ўсім сьвеце палітыка «вяртаньня да нармальнасьці» грунтуецца на спадзяваньні, што за год-паўтара зьявіцца вакцына. А вы кажаце: не разьлічвайце на гэта, паспрабуйце трымаць сытуацыю пад кантролем — не імгненна, а на працягу даўжэйшага часу.

— Так. Паглядзіце, як гэта робіць Кітай. Яны працягваюць кантраляваць сытуацыю. Як толькі зьяўляюцца інфікаваныя — яны імгненна рэагуюць і ізалююць іх. Або нават закрываюць паасобныя тэрыторыі. Так, нядаўна на Поўначы Кітаю прыйшоў вірус з Расеі — дык улады цалкам закрылі два гарады.

І — не давярайце тэстам, каб выявіць хто інфікаваны, а хто не. Тэсты не заўсёды даюць дакладны вынік.

Эфэктыўныя лекі ўжо на падыходзе

— Вы згадалі пра лекі, якія выявілі сваю эфэктыўнасьць. Які зь іх вы лічыце найлепшым? І які можна было б увесьці ў глябальны ўжытак?

— Я лічу, што першым будзе гіпэрімунны гама-глябулін. За ім пойдуць монаклянальныя антыцелы. Праблема як зь першым, так і з другім палягае ў тым, што яны дарагія. Гэта ня значыць, што мы ня можам іх вырабіць, але трэба вырашыць — як вырабіць іх у вялікіх колькасьцях. Гэта будуць першыя сапраўды эфэктыўныя лекі.

З хімічнымі лекамі будзе лягчэй — іх вытворчасьць значна таньнейшая.

— Вернемся да вакцыны, не забываючыся пра ваша папярэджаньне — не разьлічваць на яе. Але дапусьцім, што нам пашанцавала. Наколькі цяжка з гледзішча лягістыкі забясьпечыць вакцынай глябальна мільярды людзей? Як такое наогул магчыма?

— Гэта магчыма, і гэта ўжо бывала. Напрыклад, мы ўсе ў сьвеце абароненыя ад натуральнай воспы — яе больш не існуе. Чаму? Таму што ўсе ў сьвеце былі ад яе прышчэпленыя. Амаль тая самая сытуацыя з поліяміэлітам — ён ужо амаль таксама зьнік, засталіся толькі тэрыторыі антыпрышчэпнікаў у Пакістане і Афганістане, кантраляваныя талібамі.

Для гэтага існуе інфраструктура, гэтым займаецца Сусьветная арганізацыя здароўя. Калі толькі вакцына зьявіцца — усе краіны будуць супрацоўнічаць у яе пашырэньні. Асабліва з каранавірусам, дзе мы ня ведаем — колькі будзе трымацца імунітэт. Скажам, імунітэту хопіць на год, гэта значыць, што прышчэпкі трэба рабіць кожны год, і прычым у глябальным маштабе — каб вірус не вяртаўся кожны год.

У Індыі ёсьць кампанія, якая сёньня вырабляе 60% усіх вакцынаў у сьвеце. Так што гэта цалкам магчыма.

— Ваш адказ выклікаў у мяне адразу некалькі пытаньняў. Па-першае, вы згадалі антыпрышчэпнікаў. Наколькі рух антыпрышчэпнікаў можа перашкодзіць глябальнай вакцынацыі супраць COVID-19, калі зьявіцца вакцына? Бо як вынік дзейнасьці гэтага руху да нас вярнулася такая вельмі заразная хвароба, як адзёр. Хто б мог падумаць...

— Я б ня мог. Антыпрышчэпачнікі, людзі, якія адмаўляюць навуковыя факты, могуць стварыць сапраўды вельмі вялікія праблемы і масавыя людзкія страты. А таксама, як мы цяпер ведаем — вялікую эканамічную шкоду. Магчыма, многія на Захадзе толкам не зразумелі, якую шкоду пандэмія нанясе эканоміцы. Краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі — Кітай, Ганконг, Віетнам, Паўднёвая Карэя, Японія — зразумелі гэта, бо перажылі SARS, калі ўся іх эканоміка пачала рассыпацца на вачах. І яны стараліся ня толькі ратаваць жыцьці, але і ратаваць эканоміку. І мы мусілі б у іх павучыцца.

Мы — частка прыроды, і яна нам не падуладная

— З увагі на папярэдні досьвед, наколькі добра мы рэагавалі на цяперашні крызіс у параўнаньні з ранейшымі эпідэміямі — вы згадвалі пра HIV/AIDS, SARS — ці мы тады вынесьлі нейкія важныя ўрокі, якія прыдаліся нам цяпер? Якія? калі не — чаго мы не зрабілі?

— Навуковая, мэдычная супольнасьць многаму навучылася. Мы ўмеем распрацоўваць лекі, каб спыніць гэтыя істоты. Мы ведаем, як атрымліваць монаклянальныя антыцелы. З часоў HIV/AIDS мы навучыліся трымаць пад кантролем гепатыт C, гепатыт B. Мы дасягнулі вялікага навуковага прагрэсу ў разуменьні гэтых арганізмаў.

Але ясна, што розныя краіны рэагавалі на гэты крызіс па-рознаму. Мы там апынуліся недзе разам зь беларусамі, расейцамі, разам з бразыльцамі... У чым розьніца? Я думаю, у дасьведчанасьці. Паўднёвая Азія ведала, што гэта можа зрабіць зь іх эканомікай, Паўднёвая Афрыка мела досьвед з HIV/AIDS — і гэта іх нечаму навучыла. У нас гэтага досьведу не было, і мы нічому не навучыліся. Ці навучымся? Спадзяюся.

Чым у чым жа навука? Навука тут вельмі глыбокая. Мы — частка прыроды. Мы не кантралюем прыроду. Ну паглядзіце — ці мы кантралюем вульканы? Ці мы кантралюем ураганы? Тарнада? Землятрусы? Яны — частка прыроды, вірус — частка прыроды, мы гэта ўсё не кантралюем. Праца вірусаў — расьці ў нас. Мы для іх — выдатная экасыстэма: нас на плянэце шмат, мы жывем цесна адны пры адных, мільярды нас падарожнічаюць па сьвеце. І яшчэ — у нас розныя палітычныя сыстэмы і розныя сыстэмы аховы здароўя. І вірус да ўсяго гэтага адаптуецца. Да кантраляваных палітычных сыстэмаў і да некантраляваных.

Вірусаў існуе шмат — і ўсё яны робяць тое самае. Іх трыльёны — і яны ўвесь час мяняюцца, трыльёны экспэрымэнтаў адбываюцца па ўсім сьвеце кожны дзень. І часам нейкія зь іх адпавядаюць асяродзьдзю і іх экспэрымэнты канчаюцца посьпехам — як у гэтага цяперашняга.

Але гэта не апошні посьпех вірусаў, будуць і іншыя. Мы мусіць быць да гэтага гатовыя.

І гэта ўсё было даўно прадбачана. Калі сумняваецеся, наколькі добра гэта было прадказана — паглядзіце кінафільм «Заражэньне» (Contagion, 2011). Кожны аспэкт цяперашняй эпідэміі паказаны там канкрэтна і дакладна.

Дык у чым урок? Трэба быць гатовымі навукова, трэба паляпшаць сыстэму ахова здароўя, трэба паляпшаць адукацыю. Асабліва адукацыю ў галіне навукі і тэхналёгіі, каб людзі разумелі, перад чым мы стаім. Такое, як цяпер, адбываецца не апошні раз. Толькі за маё жыцьцё здарыліся тры вялікія пандэміі — поліяміэліту, HIV/AIDS і цяпер гэтая. А за жыцьцё цяперашніх маладых можа здарыцца і яшчэ тры, чатыры або пяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG