Сем тыдняў у трох шпіталях. Чатыры адмоўныя тэсты на каранавірус. Дыягназ — СOVID-асацыятыўная полісэгмэнтарная двухбаковая пнэўманія — пацьвердзіла толькі КТ. 50-гадовая Вольга расказала, як трэці месяц змагаецца з каранавірусам і ўскладненьнямі пасьля хваробы.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Лячэньне ў шпіталі МУС успамінаю, як страшны сон»
Захварэла Вольга пры канцы лютага. Спачатку зьявіўся герпес, потым пачалося моцнае пяршэньне ў горле. Адчула цяжкасьць у лёгкіх.
«Стан быў вельмі непрыемны. Я ж не адзін раз раней хварэла на пнэўманію і добра ведала, як разьвіваецца хвароба. Да таго ж я астматык. Але бянтэжыла тое, што тэмпэратуры не было. 1 сакавіка я пачала задыхацца, але гэта была не астматычная задышка, мне рэальна не хапала паветра», — узгадвае пачатак хваробы Вольга.
Выклікала хуткую, прыехалі маладыя хлопцы-інтэрны. Жанчына не хацела нікуды ехаць, бо ў яе маці 4-я стадыя раку. Але яе павезьлі ў шпіталь МУС. Зрабілі здымак — рэнтген паказаў двухбаковую пнэўманію.
«Прызначылі цэфтрыяксон, на які мой арганізм ніяк не рэагуе. Адмянілі, прызначылі іншы антыбіётык. Замянілі на вельмі моцны мэрапэнэм. Нічога не дапамагае. Я задыхаюся — хадзіць цяжка. Мне кажуць: „А што вы хочаце: у вас жа астма!“ Я ж ведаю, што ў мяне ніколі такога не было, Папрасіла зрабіць тэст на каранавірус — літаральна за некалькі дзён да таго ў Беларусі зафіксавалі першы выпадак СOVID у студэнта-іранца. Мне сказалі: не паложана», — уздыхае Вольга.
Кампутарную тамаграфію ёй таксама не зрабілі, хоць у шпіталі МУС ёсьць два апараты КТ.
«Лячэньне ў шпіталі МУС успамінаю, як страшны сон. 15 сакавіка мне было вельмі дрэнна, рэзка падняўся ціск, сэрца проста выскоквала з грудзей. Аднак на наступны дзень мяне проста выштурхалі са шпіталя МУС — маю двухбаковую пнэўманію нібыта цалкам вылечылі. Я пыталася ў загадчыцы аддзяленьня: „У мяне зь лёгкімі ўсё добра?“ — „Так, канечне!“ — адказала Аксана Джанаўна».
Жанчыне закрылі бальнічны — 17 сакавіка ёй трэба было выходзіць на працу.
Тэст узялі як у «кантакта 1-га ўзроўню», звазілі ў тубдыспансэр на КТ
Праз два дні пасьля выпіскі Вользе стала зусім дрэнна: распухлі ўсе суставы, калені пачалі нагадваць шары, запаліліся лімфавузлы, апух твар, яна аблівалася потам, перад вачыма ўсё плыло. Спачатку выклікала доктара з паліклінікі. Тая выпісала таблеткі. А 22 сакавіка хуткая дапамога завезла Вольгу ў 3 шпіталь.
«У суседкі па палаце, якая ляжала з тромбаэмбаліяй, быў вельмі моцны кашаль. Потым рэзка паднялася тэмпэратура. У нас у абедзьвюх узялі мазкі — у яе станоўчы тэст, у мяне адмоўны. Заўважце: першы тэст на COVID мне зрабілі роўна праз 4 тыдні пасьля таго, як я захварэла. Дарэчы, усяго зрабілі 4 тэсты — і ніводзін тэст не паказаў „карону“.
З трэцяга шпіталя мяне звазілі ў тубэркулёзны дыспансэр на кампутарную тамаграфію. І толькі КТ паказала страшэннае паражэньне абодвух лёгкіх, эфэкт матавага шкла. Запаленчы працэс паказалі і аналізы крыві: рэзка ўпалі гемаглябін і лейкацыты, вельмі павысіліся СОЭ і С-рэактыўны бялок. Паказьнікі проста зашкальвалі», — расказвае Вольга пра сваё лячэньне ў 3-м шпіталі.
Паколькі ў суседкі па палаце дыягнаставалі каранавірус, Вольга стала «кантактам 1-га ўзроўню». Якраз на пачатку красавіка пад кантакты перапрафілявалі 10 шпіталь, і ў ноч з 4 на 5 красавіка яе перавезьлі ў «дзясятку».
Там у жанчыны паднялася тэмпэратура. Ёй прапанавалі лячэньне імартам — экспэрымэнтальным процімалярыйным прэпаратам. Яна падпісала дакумэнт, што згодная. Зрабілі яшчэ адно КТ — яно паказала, што лёгкія яшчэ больш пашкоджаныя, чым пры першым.
«Лекарам 10-га шпіталя я вельмі ўдзячная — яны па-чалавечы да мяне паставіліся, выцягнулі мяне літаральна з таго сьвету. Яны знаходзілі час на кожнага, нягледзячы на тое, што бальніца ўся была забітая хворымі. Я трапіла і ў рэанімацыю — там усе 20 ложкаў з апаратамі ШВЛ былі занятыя.
Загадчыца нэўралягічнага аддзяленьня Вольга Мікалаеўна Дрык, якая перакваліфікавалася ў пульманоляга, вельмі цёпла і ўважліва паставілася да мяне, купляла ў аптэцы мне лекі, якіх не было ў клініцы, актымэль, бо мне не было каму прыносіць перадачы, шмат разоў на дзень заходзіла ў палату, асабіста правярала сатурацыю», — расказвае жанчына.
Вольга кажа, што абавязкова напіша падзяку ў Мінздароўя ўсім лекарам 10-га шпіталя. Агулам у «дзясятцы» жанчына лячылася амаль 3 тыдні — да 23 красавіка.
Паколькі ўсе тэсты былі адмоўныя, у эпікрызе пры выпісцы ёй паставілі дыягназ: СOVID-асацыятыўная полісэгмэнтарная двухбаковая пнэўманія, сяредне-цяжкі стан.
«У мяне на працы памерлі двое — 36 і 43 гадоў. Хавалі ў закрытых трунах»
Дзе Вольга магла падчапіць каранавірус, яна ня ведае. За мяжой апошні раз была на Новы год — у Маскве. 22 лютага была на дыскатэцы на «Менск-арэне». Але каб заразіцца там, вельмі мала часу прайшло — дрэнна сябе адчула ўжо 24 лютага.
Анкахворая мама і сын, зь якімі жанчына жыве ў адной кватэры, здаровыя. Зрэшты, тэстаў на каранавірус у іх ня бралі.
«Начальнік на працы паставіўся да мяне спачатку грэбліва — калі я выйшла на працу 17 сакавіка. А калі пасьля выпіскі зь „дзясяткі“ прыйшла падпісваць заяву на адпачынак, стаўленьне крыху зьмянілася — аказваецца, у нас у аддзеле за апошнія пару месяцаў памерлі два чалавекі: 36-гадовы электраманцёр і 43-гадовы афіцэр. Ня ведаю, якую прычыну сьмерці напісалі, але хавалі іх у закрытых трунах», — кажа Вольга.
Вольга яшчэ цалкам не паправілася: у яе задышка, адчуваецца боль у лёгкіх пад лапаткай, з ныркамі ёсьць праблемы. На працы яна ўзяла адпачынак, каб канчаткова выздаравець.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ