Жыхарка Масквы Надзея Вароніна атрымала два штрафы на агульную суму 8 тысяч рублёў (прыблізна 110 даляраў) за парушэньне так званага рэжыму самаізаляцыі, хаця ў гэты час яна ляжала ў шпіталі.
Пра гэта паведамляе «МБХ медиа».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сястра Варонінай распавяла выданьню, што тая была шпіталізаваная 30 красавіка з двухбаковай пнэўманіяй. Хворую адразу зьмясьцілі ў рэанімацыю, дзе яна правяла два тыдні. Штрафы ад Галоўнага кантрольнага ўпраўленьня Масквы прыйшлі ёй 4 і 13 траўня. Па словах самой Варонінай, яна напісала скаргу на афіцыйны партал дзяржпаслугаў, але адказу да гэтага часу не атрымала. Пры гэтым яна працягвае знаходзіцца ў шпіталі.
- У траўні сотні масквічоў, не выходзячы з хаты, атрымалі штрафы за парушэньне рэжыму самаізаляцыі і адсутнасьць на сваіх тэлефонах прылады «Сацыяльны маніторынг», па якой улады адсочваюць перасоўваньне тых, хто захварэў на каранавірус і пнэўманію. Некаторым з масквічоў прыйшла пастанова пра штраф за выхад з кватэры, калі іх забіралі ў шпіталь, іншыя ня здолелі ўсталяваць прыладу сацманіторынгу з-за тэхнічных патрабаваньняў мабільнага тэлефона, але таксама атрымалі спагнаньні. Аштрафаваныя маюць намер падаць калектыўны пазоў у суд.
- Асаблівую вядомасьць атрымала гісторыя прафэсара Расейскага унівэрсытэту дружбы народаў Ірыны Карабулатавай, якая заяўляецца інвалідам першай групы і прыкавана да ложка. Ёй прыйшоў штраф на 4 тысячы рублёў, прызнаны маскоўскімі ўладамі несправядлівым. Аднак пазьней ёй прыйшло другое спагнаньне на тую ж суму.