Да ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі далучыліся 10101 чалавек, паведаміў сам Бабарыка на Facebook.
Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў завяршылася ў мінулую пятніцу, 16 траўня. Бабарыка піша, што 18-га пойдзе падаваць у Цэнтральную выбарчую камісію ўдакладненыя і дапоўненыя сьпісы — спадзяецца, што і тых, хто пакінуў заяўку пасьля поўначы, уключаць у іх.
«Гэта ня проста посьпех, гэта няхай маленькая, але вельмі важная перамога, — піша Бабарыка пра памеры ініцыятыўнай групы. — І ў першую чаргу гэта перамога над сабой. Я выдатна разумею, як складана было вам зрабіць гэты крок: пераадолець унутраныя страхі і перажываньні, нявер'е і сумневы, ляноту і абумоўленую заканадаўствам нявызначанасьць маёй пазыцыі ў многіх важных пытаньнях. Але вы зрабілі гэта, а значыць вы — пераможцы!»
Абноўлена: пазьней Бабарыка ўдакладніў, што хоць «на сёньня агульная колькасьць атрыманых заявак у ініцыятыўную групу склала 10.189 чалавек», «пасьля стараннага аналізу і апрацоўкі адсеялі 1006 заявак», таму «ў фінальныя сьпісы ініцыятыўнай групы трапілі 9 183 чалавекі».
Але нават 9 тысяч чалавек у ініцыятыўнай групе — даволі шмат па беларускіх мерках. Гэта рэкорд сярод кандыдатаў, альтэрнатыўных дзейнаму кіраўніку дзяржавы. У ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі, як сьцьвярджаецца, «звыш 11 тысяч чалавек».
У старшыні ЛДПБ Алега Гайдукевіча больш за 4 тысячы сяброў групы, у лідэра «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева — 2,5 тысячы. У сьпісе ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы, як сказаў Свабодзе адзін з тых, хто суправаджаў яго пры падачы заяўкі, 555 чалавек.
Агулам заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў падалі 55 патэнцыйных кандыдатаў, некаторым ужо адмовілі. Наступныя паседжаньні ЦВК, на якіх разглядзяць рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, пройдуць 19 і 20 траўня. Збор подпісаў плянуюць дазволіць распачаць ад 21 траўня, кандыдатаў будуць рэгістраваць 5–14 ліпеня.
Якія памеры ініцыятыўных групаў былі раней
На выбарах 2015 году ў ініцыятыўную групу Тацяны Караткевіч увайшлі 1993 чалавекі, у групу Сяргея Гайдукевіча — 2484 (трох выключылі), у групу Мікалая Ўлаховіча — 1426, у групу Лукашэнкі — 10 577 чалавек.
Таксама тады былі апазыцыйныя кандыдаты, якія ня трапілі ў бюлетэнь, бо, паводле ЦВК, не сабралі 100 тысяч подпісаў: у групе Сяргея Калякіна — 1511 (аднаго выключылі), у групе Анатоля Лябедзькі было 977 чалавек, у групе Віктара Цярэшчанкі — 946.
У 2010 годзе самая вялікая ініцыятыўная група была ў Сяргея Гайдукевіча — 10 443 чалавекі (але ён сам зьняў сваю кандыдатуру), а ў Аляксандра Лукашэнкі было 8403. Уладзімер Някляеў тады сабраў у ініцыятыўную групу 3271 чалавека, Андрэй Саньнікаў — 2001, а астатнія зарэгістраваныя кандыдаты мелі ад 1299 да 1698 чалавек у ініцыятыўных групах.
У 2006 годзе Лукашэнка меў у ініцыятыўнай групе 6212 чалавек, Гайдукевіч — 3073, Аляксандар Мілінкевіч — 5135, Аляксандар Казулін — 3347.
У 2001 годзе Лукашэнка меў 3830, Гайдукевіч — 2134, Уладзімер Ганчарык — 4054, Сямён Домаш — 3697, а найбольшую групу з 6069 чальцамі меў Віктар Цярэшчанка, якога не зарэгістравалі кандыдатам.
Статыстыкі пра памер ініцыятыўных групаў у 1994 годзе ў адкрытым доступе не знайшлося, але вядома, што тады група Лукашэнкі была меншай, чым у 2001 годзе. І меншай, чым цяпер заяўляе Бабарыка.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.