Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка правёў першы жывы эфір у Instagram. Яго глядзелі каля 2300 чалавек. Свабода сьцісла пераказвае, пра што ішла гаворка.
- На дадзены момант у ініцыятыўную групу запісаліся каля 8 тысяч чалавек. Усе заяўкі былі старанна правераныя. Да паўночы нядзелі яшчэ можна падаць заяўку на ўключэньне ва ініцыятыўную групу. Сьпіс будзе дапоўнены і перададзены ў ЦВК.
- Я дваццаць гадоў кіраваў банкам. Я сябе рэалізаваў. І гэта дае мне права прымаць самастойныя рашэньні. Маё рашэньне ня вымушанае, а менавіта заснаванае на маіх разважаньнях і ацэнцы маіх магчымасьцяў. Я разумею, што я магу зрабіць на новым узроўні.
- Банк (Белгазпромбанк — РС) пры маёй працы займеў прыбытак 50 мільёнаў — гэта чэсна заробленыя грошы.
- У мяне будзе свой выбарчы фонд. Але калі вы хочаце дапамагчы фінансава — добра. Паверце, я заможны чалавек. Але ваша дапамога — гэта прызнаньне маёй запатрабаванасьці. Вы можаце дапамагчы інтэлектуальнымі здольнасьцямі, кампэтэнцыямі.
- Я размаўляю па-беларуску. На жаль, у маім жыцьці размаўляць па-беларуску не было асабліва патрэбна. Таму я ня часта ўжываю родную мову. Але аднойчы я абяцаў — і я ня проста абяцаю — я буду валодаць беларускай мовай.
- Праграма ўжо ёсьць. Яна будзе апублікаваная пасьля рэгістрацыі. Я перакананы, што ЦВК разумее: большая колькасьць удзельнікаў лепшая за іх адсутнасьць.
- Канчатковае рашэньне я прыняў у панядзелак. Я ўбачыў потым такую маладую Беларусь, якая гатовая на валянтэрскіх пачатках зрабіць тое, што мне трэба, — працаваць.
- У нас ужо ёсьць 51 каардынатар. «Закрытыя» усе буйныя гарады. Да панядзелка мы пастараемся «закрыць» усю Беларусь.
- Як я ўспрыму паразу? Я не ваюю, не іду на вайну. Я спрабую патлумачыць, што я — мэнэджэр, чалавек, які разумее, чаму мы апынуліся ў такой сытуацыі і падзялюся, як я прапаноўваю выходзіць зь яе. А вы — захочаце ці не ісьці туды, куды я вас паклічу.
- Мы думаем, як арганізаваць працу, каб мінімізаваць чалавечы кантакт. Ваша здароўе вельмі важнае. Наведваць гарады — гэта зьбіраць вялікія сходы, дзе будзе шмат народу. Плянуем праводзіць сустрэчы онлайн — менавіта для гэтага гораду ці для гэтага калектыву, адказваць на пытаньні.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.