Публіцыст Аляксандар Фядута аналізуе шанцы Цапкалы і Бабарыкі, расказвае, што ня так зрабіла апазыцыя са сваімі праймэрыз, і кажа загадкавую фразу пра тое, што наступныя выбары «могуць быць нечакана хутка».
Сьцісла
- Адсутнасьць радыкальных кандыдатаў прымусіць больш памяркоўных радыкалізавацца.
- Калі б сапраўды быў раскол у намэнклятуры, у якасьці кандыдата выйшаў бы нехта іншы.
- Кожны з удзельнікаў праймэрыз, паглядзеўшы на тое, у чым ён апынуўся, казаў — «а чым я горшы?»
- Зь беларускім грамадзтвам цяпер злы жарт згуляў прыклад Уладзімера Зяленскага
— Нерэгістрацыя ініцыятыўнай групы блогера Ціханоўскага, рэзкі адсеў кандыдатаў пратэсту Міколы Статкевіча паказвае, што ўлада відавочна не жадае бачыць сярод патэнцыйных кандыдатаў людзей, якія могуць зладзіць вулічны пратэст, правесьці масавую акцыю.
— Насамрэч шум — гэта заўсёды кепска для ўлады. Радыкальны шум — яшчэ горш. Улада добра памятае 2010 год, калі выступы найбольш радыкальных крытыкаў Лукашэнкі задалі тон іншым кандыдатам. І радыкальна крытыкаваць тады пачаў нават Віктар Цярэшчанка, якога ўсе ўспрымалі як спарынг-партнэра. Таму такога разьвіцьця Лукашэнка больш ня хоча, ён гэтага нікому не дазволіць.
Але ў выніку радыкальная частка грамадзтва вымушаная будзе шукаць для сябе іншых сьпікераў. І адсутнасьць радыкальных кандыдатаў прымусіць больш памяркоўных радыкалізавацца.
— Але няўжо ўлада ня бачыць магчымасьці такога павароту? Ці яна лічыць, што тыя памяркоўныя кандыдаты, якія падалі заявы на рэгістрацыю, ня здольныя радыкалізавацца ні пры якіх умовах?
— Мы пакуль ня ведаем, якія інструмэнты ёсьць у арсэнале ўлады. Але мы ведаем, што калі Ярмошынай трэба будзе знайсьці падставу, каб не зарэгістраваць любога з кандыдатаў — яна гэтую падставу знойдзе.
— Як бы вы пракамэнтавалі вылучэньне Валера Цапкалы, зь якім вы мелі магчымасьць працаваць разам у камандзе Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 1994 году?
— Ён сам сказаў, што хоча нешта зьмяніць. Бо сапраўды гэта чалавек, які спрабаваў зрабіць аазіс для адной галіны эканомікі. Пасьля гэтага ён быў выпхнуты з гэтага аазісу і, зразумела, застаўся незадаволены. Ён хацеў бы паспрабаваць зьмяніць эканоміку наогул. Магчыма, каб пасьля заканчэньня сваёй палітычнай кар’еры заняцца бізнэсам.
— Але хіба ён не разумее, што сур’ёзны выклік Лукашэнку можа прывесьці да пэўных непрыемных вынікаў — турма, разарэньне і гэтак далей?
— Гэта пытаньне да мяне ці да Цапкалы? Я не настолькі яго ведаю, каб меркаваць, на што ён цяпер здольны і што ён думае. За 25 гадоў людзі мяняюцца.
— У адрозьненьне ад Цапкалы, які маўчаў да моманту свайго вылучэньня, банкір Віктар Бабарыка апошнія месяцы і нават гады даволі пасьлядоўна выбудоўваў свой імідж. Падтрымліваў культурніцкія праекты, у апошнія месяцы пачаў даваць даволі вострыя палітычныя інтэрвію. Таму калі ён заявіў, што ідзе ў прэзыдэнцкую кампанію, для многіх гэта не было сэнсацыяй. Як бы вы ацанілі ягоныя шанцы?
— Шанцы ў яго былі б, калі б у Беларусі былі выбары. У нас выбараў няма. Гэта ўсе ведаюць, акрамя самога Віктара Дзьмітрыевіча. Зараз у яго будзе магчымасьць пераканацца ў гэтым.
— Дык ён жа заявіў, што разумее, што галоўнае ня тое, як галасуюць, а як падлічваюць. Так што Бабарыка ўсё наконт выбараў разумее. На што ён у такім выпадку разьлічвае?
— Можа, на нейкі цуд. Чалавек 20 гадоў працаваў на месцы, на якім быў фактычна незалежным ад беларускай улады. І там ён мог працаваць так, як хацеў. Чалавек, якога ня білі дубінкай, не саджалі ў турму — магчыма, ён верыць, што нават пры гэтай уладзе можна нешта зрабіць.
— Справа, можа, нават ня столькі ў саміх гэтых асобах, а ў агульным грамадзкім настроі. Колькі людзей гатовыя іх падтрымаць, якія сацыяльныя групы за імі стаяць? Ужо загаварылі, напрыклад, пра пэўны раскол унутры намэнклятуры ў сувязі зь іх вылучэньнем.
— Які раскол намэнклятуры? Чыноўнікі ненавідзяць дыпляматаў і зайздросьцяць банкірам. І тут розьніцы няма, ці гэты дыплямат Цапкала, Макей, Мартынаў ці Краўчанка.
Што да банкіраў, то банкірам зайздросьцяць. Гэта легальныя грошы, легальны бізнэс, ён менш залежыць ад дзяржавы, чым любы чыноўнік з выканкаму.
Калі б сапраўды быў раскол у намэнклятуры, у якасьці кандыдата выйшаў бы нехта іншы.
— Калі пачаліся праймэрыз, вы выступілі зь вельмі рэзкай, часам бязьлітаснай крытыкай гэтай працэдуры. Што апазыцыя тады зрабіла ня так?
— Каб да такой працэдуры людзі паставіліся сур’ёзна, трэба было, каб гэтыя людзі сустрэліся і сказалі адзін аднаму — ніхто з нас ня можа ў цяперашніх умовах стаць прэзыдэнтам. І калі мы хочам нечага дамагчыся, трэба шукаць асобаў, якія, апроч партыйнага, маюць грамадзкі, палітычны і рэсурсны статус. Мы павінны знайсьці такога чалавека (альбо некалькіх) і стварыць для іх штаб.
У выніку кожны з удзельнікаў праймэрыз, паглядзеўшы на тое, у чым ён апынуўся, казаў — «а чым я горшы?» І пачаліся сваркі. А калі б сярод іх апынуўся Бабарыка альбо яшчэ нехта з пэўным статусам і кіроўным досьведам — то нікога з удзельнікаў праймэрыз не было б побач зь ім. Апазыцыя магла б набраць сабе плюсы, калі б здолела зрабіць такі крок, нечаканы для ўлады і нават для ўласных прыхільнікаў.
Гэтыя няхай нават 7 тысяч, якія цяпер ёсьць, набраліся ў каманду Бабарыкі праз інтэрнэт — няўжо вы думаеце, што іхная праца будзе больш эфэктыўнай, чым праца 500 чалавек, якія дасьць БНФ, АГП і рух «За свабоду»? Гэта ж партыйныя актывісты маюць досьвед працы ў кампаніях, збору подпісаў. А за той час, які застаўся ў Бабарыкі, навучыць гэтых людзей, якіх яны набралі праз інтэрнэт, часу і магчымасьцяў няма.
— Зь іншага боку, гэтыя 7 тысяч у Бабарыкі сьведчаць пра той узровень незадаволенасьці ўладай і жаданьня дзейнічаць, які ёсьць у людзей. Але ці можа гэтая незадаволенасьць ператварыцца ў канкрэтныя рутынныя дзеяньні?
— Пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў у 1994-м кожны другі дэпутат Вярхоўнага Савету лічыў, што ён можа стаць прэзыдэнтам. Глядзелі на Лукашэнку і думалі — «чым я горшы?». Спатрэбілася два тэрміны, каб Лукашэнка давёў, што гэта ня так, што ён усё кантралюе.
Зь беларускім грамадзтвам цяпер злы жарт згуляў прыклад Уладзімера Зяленскага. Калі ўсе палічылі, што можа прыйсьці хлопец з вуліцы, і калі ён кантралюе інтэрнэт — то ён можа перамагчы Лукашэнку. І цяпер усе тыя патэнцыйныя кандыдаты, а гэта 50 чалавек, — яны амаль усе сапраўды хочуць удзельнічаць у выбарах? Ну, тады яны трошкі перагледзелі сэрыялу «Слуга народу».
Вельмі хацелася б, каб мы перажылі гэтую кампанію без паўтору тых рэпрэсій, якія адбыліся ў 2010 годзе, якія адкінуць Беларусь яшчэ далей ад Эўропы. Каб мы ўсё гэта перажылі і рыхтаваліся да новых выбараў. Я думаю, што яны могуць быць нечакана хутка.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.