Сьцісла
- Ганна Бонд, пасьля таго як у сакавіку Пуцін абвясьціў пра ўвядзеньне пэўных карантынных захадаў, вырашыла не купляць новы матацыкл
- Пры жаданьні можна рашэньне Ганны рацыяналізаваць: расейскі рынак — важны, калі не вырашальны, рынак збыту яе пэрсанальнай прадукцыі
- Але, можа, навідавоку і псыхалягічная, падсьвядомая матывацыя — ну, калі ўжо і Расея, «сама Расея» карантыніць, значыць, усё сур’ёзна, трэба хавацца ў бульбу па-сурʼёзнаму
- Валянцін Акудовіч пісаў, што «Расея не на ўсход ад Беларусі, а Ўсход Беларусі»
- «Расея ў галаве» — гэта тонкае, амбівалентнае стаўленьне. З гэтай культурнай найперш прывязанасьці не вынікае выснова — мы расейцы, наш шлях — у Расею. Але гэта ўзор, лякала, пункт адліку для многіх.
- Аўдыторыя Лявона Вольскага — не ўладары думак для аўдыторыі Цімы Беларускіх
- Моладзь беларуская — хіба яна ня пасьвіцца ў расейскім «УКантакце», не чытае Рунэт і расейскія мэдыя, хіба не глядзіць і ня слухае Ціму Беларускіх, Макса Каржа (ужо тамтэйшага), Бумагу, тую ж Бонд?
- Расея ў галаве што ў Бонд, што ў Бабарыкі, што ў іншых — гэта не абвінаваўчы вэрдыкт, гэта шанец. Хаця і рызыка
У інтэрвію Ганны Бонд Свабодзе ўразіў паказальны момант. Яна сказала, што пасьля таго, як у сакавіку Пуцін абвясьціў пра ўвядзеньне пэўных карантынных захадаў, адправіў расейцаў у доўгі адпачынак, яна прыняла рашэньне — купляць новы моцік ня буду.
А каштуе ён ня 5 капеек, чалавек прыняў жыцьцёва важнае рашэньне.
І падштурхнула яе да гэтага ня нейкае рашэньне ўладаў краіны, дзе яна жыве, не адпаведныя рашэньні лідэраў шматлікіх іншых замежных краінаў, якія прымаліся раней. Ну, пры жаданьні можна рашэньне Ганны рацыяналізаваць: расейскі рынак — важны, калі не вырашальны, рынак збыту яе пэрсанальнай прадукцыі. Ясна было, што рэзкая зьмена сытуацыі на гэтым рынку — імпульс для пераразьмеркаваньня фінансавага партфэлю, для пэўнай зьмены вытворчых стратэгіяў.
Але, можа, навідавоку і псыхалягічная, падсьвядомая матывацыя — ну, калі ўжо і Расея, «сама Расея» карантыніць, значыць, усё сурʼёзна, трэба хавацца ў бульбу па-сурʼёзнаму. Гэта зусім не папрок Ганьне, не абвінавачваньне яе ў браку нацыянальных пачуцьцяў. Тут хутчэй якраз глыбокае ўвасабленьне тых самых нацыянальных пачуцьцяў, праява народнага архетыпу, масавага калектыўнага ўяўленьня беларусаў.
«Расея — Усход Беларусі»
Як пісаў Валянцін Акудовіч, «Расея не на ўсход ад Беларусі, а Ўсход Беларусі. Гэта значыць, што Расея пэўным сваім контурам, як і Эўропа, натуральна знаходзіцца ўнутры нашай уласнай самасьці».
Гэта не яна, індывідуўм Ганна Бонд, прыняла рашэньне са сваёй унікальнай асабістай матывацыяй, яна паводзіла сябе ў адпаведнасьці з паноўнымі правіламі, устаноўкамі, матывацыямі грамадзтва, супольнасьці, «статку», часткай якіх зьяўляецца, у адпаведнасьці з нашай «уласнай самасьцю». Расстаўляць ацэнкі ня буду — проста аказаўся не пазбаўлены камізму тэст, яскравая дэманстрацыя, як пабудаваная беларуская масавая сьвядомасьць.
Што гэта менавіта масавыя ўяўленьні, сьведчаць вынікі апытаньня закрытага ў 2016 годзе НІСЭПД. У апытаньнях інстытуту 78% беларусаў казалі, што Расея — не замежжа, каля 75% казалі, што ім расейская культура бліжэйшая, чым эўрапейская.
Бізнэс беларускай даяркі на РФ, можа, і ня так завязаны, але не выключаю, што і яна рэагуе падобным жа чынам. Да таго ж палова беларускага экспарту ідзе ў РФ. А гэта ня толькі бізнэсоўцы. Так, у гэтых людзей, якія гэты экспарт прадукуюць, ёсьць і матэрыяльная матывацыя. Але ня толькі. Ёсьць і культурная, каштоўнасная. Многія канстатуюць, што ў Расеі жыцьцё горшае, а выбіраюць — яе, а ня Захад, дзе яно лепшае. Бо расейцы — свае, а заходнікі — не чужыя, але і не свае.
Гэтая «Расея ў галаве» — гэта тонкае, амбівалентнае стаўленьне. З гэтай культурнай найперш прывязанасьці не вынікае выснова — мы расейцы, наш шлях — у Расею. Не, прынамсі ў большасьці, у мэйнстрыму яна не такая. Але што гэта ўзор, лякала, пункт адліку для многіх — гэта так.
Кажуць, што гэты дыскурс — спадчына старых, вяскоўцаў, якія ўтаропіліся ў расейскую тэлескрыню. Хіба толькі? Тая ж Бонд — маладая жанчына, мае вышэйшую адукацыю, жыве ў сталіцы.
Ціма Беларускіх і Макс Корж супраць Лявона Вольскага
Дый моладзь беларуская ў цэлым — хіба яна ня пасьвіцца ў расейскім «УКантакце», не чытае Рунэт і расейскія мэдыя, хіба не глядзіць і ня слухае Ціму Беларускіх, Макса Каржа (ужо тамтэйшага), Бумагу, тую ж Бонд? Лявон Вольскі мае сваю аўдыторыю, але аўдыторыя Цімы, Макса, Улада, Ганны пакрывае аўдыторыю Лявона, як бык аўцу, як пісаў Жванецкі. Чыста арытмэтычна. Гатовы прызнаць, што Лявон духоўна багацейшы за іх. Але грамадзкую думку вызначае арытмэтыка. І структура грамадзтва, а яна ў Беларусі эгалітарная. У тым ліку і за кошт культурнага клэшу. Аўдыторыя Лявона — не ўладары думак для аўдыторыі Цімы яшчэ і таму, што ў іх розныя культурныя коды. Ня толькі ўзровень адукацыі.
У Расеі аўдыторыя Макарэвіча ці БГ таксама больш адукаваная, чым Бузавай. Але культурна ў шырокім сэнсе яны аднаго коду — расейскага. Які мае паверх высокай і паверх нізкай культуры. А ў Беларусі пры параўнаньні аўдыторыяў Каржа і Вольскага... Гэта адрозьненьні ня толькі ў адукацыі і нават ня толькі ў мове, але і ў сьветапоглядзе. У Беларусі гэта розныя сьветы. І адны — не эліта, не ўладары думак, ня лідэры для іншых. Як казаў Каліноўскі пад шыбеніцай — няма паноў.
Мы ўсе баімся, як бы беларускі народ не сказаў, як напісаў Бабарыка — а хай бы ўжо Пуцін прыйшоў, парадак навёў. У расейцаў ніхто ня скажа — а хай бы таварышч Сі прыйшоў і навёў парадак. Там гэта немагчыма, нават калі яны траву будуць жэрці. Ну, а ў Беларусі гэта можа здарыцца задоўга да пажыраньня травы.
Што з гэтага вынікае? Ды нічога, акрамя таго, што гэтая амбівалентная сувязь застанецца яшчэ надоўга.
Успамін пра будучыню: досьвед сэрбскай рэвалюцыі
Цяпер забыўся досьвед сэрбскай электаральнай рэвалюцыі 2000 году, сэнсацыйнай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах там Воіслава Каштуніцы, беларускага лёзунгу «Сёньня — Мілошавіч, заўтра — Лукашэнка». А дарма. Каштуніца падчас кампаніі казаў, што на шыі сэрбаў дзьве пятлі — Мілошавіч і NATO. Ён маладым выкладчыкам Бялградзкага ўнівэрсытэту ў 70-я быў адзіным, хто выступіў супраць рашэньня Ціта даць аўтаномію Косаву.
Захаду гэтыя асаблівасьці палітычнага вобразу Каштуніцы наўрад ці падабаліся менавіта як палітычныя прынцыпы. Але там усьведамлялі, што менавіта такі палітык, менавіта з такімі поглядамі, адзіны мае шанец зьмяніць палітычны парадак у тагачаснай Югаславіі. І разьлік быў правільны ў тым сэнсе, што зьмяніў. Ну, а потым у Югаславіі, ад якой засталася толькі Сэрбія, было шмат усякага. У тым ліку і прэзыдэнт — былы чалец самай агалцелай нацыяналістычнай партыі. Што, аднак, не зьмяніла трэнд руху ў Эўропу. Але і не скасавала асаблівасьцяў.
Аналёгія — ня тоеснасьць. Але ў сэрбаў у галовах быў нацыяналізм, і там ніхто б не перамог, у каго б гэтага не было ў галаве. У Беларусі не пераможа ніхто, у каго б не было Расеі ў галаве ў нейкім сэнсе. А далей — пытаньне палітычнага працэсу, тонкасьцяў амбівалентнасьці. У тых жа сэрбаў нацыяналізм спалучаўся з глыбокім адчуваньнем еднасьці з Эўропай, што ўвасабляў і Каштуніца.
Ніводная краіна не зьяўляецца нічыёй копіяй. Але яны — і ня розныя плянэты, каб досьвед адной быў абсалютна непрыдатны для іншай. Так што Расея ў галаве што ў Бонд, што ў Бабарыкі, што ў іншых — гэта не абвінаваўчы вэрдыкт, гэта шанец. Хаця і рызыка. А хто абяцаў, што ўсё будзе безь яе? У Гаўла ці Валэнсы Расеі ў галовах не было. Ну дык у Беларусі на дзіва няшмат палякаў і чэхаў, усё пераважна беларусы. Што і вызначае іншыя сцэнары.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.