Лекарка Баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 Алена Пашко памерла ад двухбаковай пнэўманіі. Пазьней яе сын паведаміў Свабодзе, што тэст на каранавірус аказаўся станоўчы.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
54-гадовая Алена Пашко працавала тэрапэўтам у лякарні 19 гадоў. Па словах загадчыка ўстановы, апошнім часам лекары па чарзе працавалі ў інфэкцыйным кабінэце, у тым ліку і Алена Пашко.
«Яшчэ ў суботу (18.04) яна выйшла на прыём, каб замяніць сваю калегу, бо тая да гэтага момант знаходзілася ў шпіталі з пнэўманіяй і станоўчым тэстам на каранавірус», — рассказаў Свабодзе сын нябожчыцы Павел Пашко.
Алена Пашко тыдзень лекавалася дома, але хвароба не праходзіла. Ёй ня лепшала, апошнія тры дні яна правяла ў лякарні. Лекарка памерла ад двухбаковай пнэўманіі. Пазьней сын паведаміў, што ў жанчыны быў станоўчы тэст на каранавірус.
«Яна была вельмі спагадлівым, самаадданым і працавітым чалавекам. Ніколі не адмаўляла ў дапамозе сваім пацыентам, — кажа Павел Пашко. — Вельмі дрэнна, што мэдыкаў у нашай краіне з самага пачатку не забясьпечвалі належнымі сродкамі аховы. Спачатку мама працавала ў інфэкцыйным кабінэце толькі ў мэдычнай масцы, безб нейкіх рэсьпіратараў і ахоўных акуляраў. Ведаю, што тэрапэўтам нядаўна выдалі ахоўныя касьцюмы, але, мабыць, было ўжо позна».
Паводле сына, Алена Пашко «лёгка пераносіла ВРВІ і грып», «але з каранавірусам сытуацыя разьвілася так імкліва, што мы не пасьпелі апамятацца і былі ў поўным шоку».
«Мы ўжо з сакавіка вялі асобны прыём пацыентаў, якія мелі тэмпэратуру. Туды хадзілі і лекары-тэрапэўты агульнай практыкі. Але ніводнага пацыента, якога там прынялі, пазьней не прызнавалі кантактным ці хворым на каранавірус. Калі б такі выявіўся, то зь ведамасьці было б зразумела, хто яго прымаў. Але пакуль у ніводнага пацыента каранавірус пазьней ня быў выяўлены», — сказаў Свабодзе загадчык Баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 Мікалай Фядзько.
У Алены Пашко засталіся муж і два сыны.
У Баранавічах адмянілі сьвяткаваньне 1 траўня і Дня Перамогі
Раней Свабода апавядала пра хворую на цукровы дыябэт мэдсястру агульнай практыкі баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 Натальлю Каролік, якую прымушалі працаваць у інфэкцыйным кабінэце, пры гэтым яна скардзілася, што адміністрацыя лякарні ня ў стане забясьпечыць яе сродкамі асабістай засьцярогі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ