Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўстанавіла парадак падаўжэньня і скарачэньня тэрмінаў знаходжаньня грамадзян на самаізаляцыі.
Гэта прадугледжана пастановай міністэрства № 49 ад 8 траўня 2020 году, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Каму падоўжаць тэрмін самаізаляцыі
У адпаведнасьці з дакумэнтам, тэрміны самаізаляцыі для беларусаў і іншаземцаў падаўжаюцца ў выпадку:
- калі ў кантактнай асобы першага ўзроўню пацьвердзяць інфэкцыю COVID-19 пры паўторным лябараторным дасьледаваньні;
- пры атрыманьні другога станоўчага тэсту на каранавірус;
- калі кантакту першага ўзроўню ў апошні дзень пэрыяду самаізаляцыі не завяршылі мэдыцынскі агляд (напрыклад, не прыйшлі вынікі апошняга тэсту на каранавірус).
У гэтых выпадках прадстаўнікі арганізацый аховы здароўя будуць уручаць людзям дадатковае патрабаваньне аб знаходжаньні ў самаізаляцыі з указаньнем яе канкрэтных тэрмінаў.
Каму могуць скараціць тэрмін самаізаляцыі
Скараціць тэрміны ізаляцыі могуць тым, хто толькі што прыехаў з-за мяжы (беларусаў і іншаземцам), у наступных выпадках:
- калі чалавек прыехаў для аказаньня спэцыялізаванай, у тым ліку высокатэхналягічнай, мэдыцынскай дапамогі ў арганізацыях аховы здароўя;
- пры хадайніцтве арганізацыі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, у дачыненьні да замежных спэцыялістаў, якія прыехалі для выкананьня работ або аказаньня паслуг;
- пры адмоўным тэсьце на COVID-19 пры ўмове, што ён зроблены не пазьней за 2 дні да даты перасячэньня мяжы.
У пачатку красавіка Міністэрства аховы здароўя прыняло пастанову зь пералікам правілаў для тых, каму належыць 14 дзён быць у самаізаляцыі. Самаізаляваным нельга пакідаць месца знаходжаньня бяз крайняй неабходнасьці.
На вуліцу можна выйсьці, толькі калі трэба:
- схадзіць у найбліжэйшую прадуктовую краму ці аптэку (і няма магчымасьці замовіць тавары з дастаўкай праз інтэрнэт);
- выгуляць свойскіх жывёлаў (але нельга адыходзіць далей за паўкілямэтра ад дому);
- вынесьці сьмецьце ў найбліжэйшае месца збору адходаў.
На вуліцы неабходна быць у масцы і пальчатках і трымацца за паўтара мэтра ад іншых людзей.
Калі тавары прывозіць кур’ер, нельга зь ім кантактаваць.
Дома трэба жыць у асобным пакоі, каб не кантактаваць зь іншымі насельнікамі. Калі асобнага пакою няма, трэба трымаць дыстанцыю 1,5 мэтра ад іншых, насіць мэдычную маску, мець асобную пасьцельную бялізну, ручнікі, посуд; дакранацца да прадметаў, ручак, кранаў толькі праз аднаразовую сурвэтку.
Парушальнікаў самаізаляцыі ў Беларусі могуць штрафаваць і прымусова шпіталізаваць.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ