Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шпіталі застаюцца 10 сясьцёр. Як папраўляецца Сьвята-Елісавецінскі манастыр?


Сьвята-Елісавецінскі жаночы манастыр у мікрараёне Навінкі ў Менску
Сьвята-Елісавецінскі жаночы манастыр у мікрараёне Навінкі ў Менску

У лякарнях з дыягназам COVID-19 і віруснай пнэўманіяй знаходзяцца 10 сясьцёр Сьвята-Елісавецінскага манастыра, у большасьці стан здароўя значна паляпшаецца. 20 хворых насельніц застаюцца ў манастыры. З 60 сясьцёр, якія захварэлі на каранавірус, палова выздаравела.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У бальшыні хвароба працякае ў лёгкай форме, у некаторых бессымптомна, паведаміла карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар манастыра манахіня Марыя (Якаўлева).

Хворыя сёстры жывуць у асобным корпусе манастыра і знаходзяцца пад пастаянным назіраньнем дактароў, выконваюць усе прадпісаньні.

Каранавірус выявілі ў манастыры пасьля Вялікадня. Адна з манахінь, у якой быў COVID-19, памерла, ёй было 83 гады, яна жыла на падвор'і.

Паводле манахіні Марыі, манастыр зачынены на карантын да сярэдзіны траўня, «аднак пакуль у нас хворыя сёстры, то ўсё будзе цалкам залежаць ад рашэньня санітарна-эпідэміялягічнай службы і Міністэрства аховы здароўя».

«Нашых сьвятароў цяпер у шпіталях няма. У нашага айца Андрэя па выніках першага тэсту каранавірусу не было, цяпер ён здаў другі тэст. Адзін сьвятар, айцец Сергій, быў у шпіталі, але яго хутка выпісалі, бо ён не адчуваў сябе дрэнна. Цяпер ён дома на самаізаляцыі. Агулам тры сьвятары і адзін дыякан, у якіх быў станоўчы тэст, знаходзяцца на самаізаляцыі дома», — сказала манахіня Марыя.

Таксама захварэў на каранавірус 92-гадовы сьвятар айцец Васіль з Палесься. Ён ня клірык манастыра, але жыў у той час у манастырскім гатэлі.

«Яго выпісалі з бальніцы тыдзень таму. Дарэчы, ён ня быў на ШВЛ».

Паводле кіраўніцы прэс-службы, манахіню, якая захварэла першай і трапіла ў бальніцу яшчэ да Вялікадня, выпісалі тыдзень таму.

«Яна лекавалася ў бальніцы ў Глыбокім, куды пачалі класьці людзей з каранавірусам. Дакладна мы ня ведаем, але мы мяркуем, што яна магла там падхапіць гэты вірус. Потым яна прыехала сюды ў сярэдзіне Вялікага посту, за тыдні тры да Вялікадня. У Менску яе паклалі ў шпіталь, і пасьля Вялікадня дыягнаставалі каранавірус. Сёстры ў нас пачалі папросту валіцца, хварэць.

Калі палова сясьцёр хварэе, то гэта сыгнал. Мы разгубіліся і пачалі самі рабіць захады, якія маглі. Мы пачалі аддзяляць здаровых ад хворых і напісалі на сваім сайце тое, што ведалі на той момант. Мы дакладна тады ведалі, што ў дзьвюх манахінь каранавірус, бо яны ўжо былі ў шпіталі, і што захварэла многа іншых. Але ў нас яшчэ ня бралі тэстаў. У нас узялі тэсты толькі 24 красавіка, а 27-га мы даведаліся вынікі. Тады стала ясна, што каля 60 манахінь захварэлі на COVID-19, але ня ўсе сябе так дрэнна адчувалі. Мы выклалі тады інфармацыю на сваім сайце», — сказала яна.

Адна зь лекарак напісала ў Твітэры, што на мінулым тыдні ў яе лякарню паклалі манахінь, сьвятароў і іншых царкоўнаслужыцеляў з сымптаматыкай каранавірусу, што «цяпер бальніца мае максымальную сьвяшчэнную абарону».​

Старшыня сынадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ протаярэй Сяргей Лепін сказаў карэспандэнту Свабоды, што ня можа ні пацьвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю. Сярод сьвятароў і манахаў ёсьць хворыя на каранавірус, але дакладнай статыстыкай ён не валодае.

Але ці павялічылася колькасьць выпадкаў захворваньня на COVID-19?

«Я думаю, што зьменшылася, людзі пачынаюць выходзіць з самаізаляцыі, пачынаюць служыць тыя, хто пэўны час (некаторыя цягам месяца) не служыў. Ня так усё сумна. Але ніякіх лічбаў у прэс-службу не даводзілі. Я ведаю сьвятароў, якія цяпер лекуюцца, але назваць іх не магу, бо ёсьць лекарская таямніца. Усе людзі, якія трапляюць пад увагу мэдработнікаў з нагоды каранавірусу, правяраюцца, апытваюцца, выяўляецца іх кола сувязяў», — сказаў айцец Сяргей.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG