Улады Грузіі плянуюць ужо з 1 ліпеня дазволіць уезд у краіну замежным турыстам. Пра гэта заявіў кіраўнік ураду Гіоргі Гахарыя. Паводле яго, да гэтага часу плянуецца адкрыць сухапутныя межы і аднавіць авіяпералёты.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Мы гэта зробім як праз стварэньне калідораў бясьпекі на сухапутных межах з суседнімі краінамі, так і з дапамогай перамоваў зь цікавымі для нас з турыстычнага пункту гледжаньня дзяржавамі», — расказаў Гахарыя.
Паводле плянаў грузінскіх уладаў, з 15 чэрвеня будзе адноўленая праца турыстычнага бізнэсу для жыхароў краіны (адкрыюцца, у прыватнасьці, гатэлі і гостэлы), а праз два тыдні пасьля гэтага абмежаваньні будуць зьнятыя для турыстаў з-за мяжы. Пры гэтым ужо бліжэйшымі днямі, з 11 траўня, у Грузіі адкрыюцца ўсе віды вытворчасьці і крамы — акрамя гандлёвых цэнтраў і крамаў адзеньня і абутку.
Кіраўнік ураду дадаў, што ў гарадах Тбілісі і Руставі з 11 траўня будуць скасаваныя ўсе абмежаваньні на перамяшчэньне.
Рэжым надзвычайнага становішча афіцыйна дзейнічае ў Грузіі да 22 траўня. Таксама ў краіне ўведзеная камэнданцкая гадзіна. Уезд у Тбілісі, Руставі, Батумі і Кутаісі быў забаронены з 15 красавіка. 5 траўня гэтая забарона была зьнятая для Батумі і Кутаісі.
Паводле дадзеных унівэрсытэту Джонса Гопкінса, у Грузіі зафіксавана 615 выпадкаў захворваньня каранавіруснай інфэкцыяй, памерлі дзевяць чалавек, 275 — ачунялі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ