У Грузіі ад 31 сакавіка да 21 красавіка, на час дзеяньня надзвычайнага становішча з прычыны каранавірусу, увялі частковы сухі закон і абвясьцілі камэнданцкую гадзіну.
На час надзвычайнага становішча забараняецца функцыянаваньне аб'ектаў, якія гандлююць віном і іншымі алькагольным напоямі зь вінаграда, сьпіртнымі напоямі і півам, паведамляе сайт «Эхо Кавказа».
Таксама на пэрыяд дзеяньня надзвычайнага становішча людзям будзе забаронена:
- Выходзіць на вуліцу ад 21.00 да 6.00 раніцы. Забарона тычыцца як перамяшчэньня пешшу, так і на машыне.
- Забараняецца рух грамадзкага транспарту ўсіх тыпаў (у тым ліку мэтро) — як унутры гарадоў, так і міжгародніх зносінаў.
- Удзень людзям дазваляецца езьдзіць толькі на легкавых аўтамабілях, у тым ліку таксі. Але колькасьць чалавек унутры салёна не павінна перавышаць трох, уключаючы кіроўцу
- Забараняецца знаходжаньне ў адной прасторы больш за трох чалавек. Гэта ня тычыцца аптэк і прадуктовых крамаў, але ў іх павінна выконвацца дыстанцыя два мэтры паміж людзьмі.
- Людзям старэйшым за 70 гадоў наогул забараняецца выходзіць на вуліцу. Выключэньне — паход у найбліжэйшую краму, аптэку або да лекара.
- Усе грамадзяне, выходзячы на вуліцу, мусяць мець пры сабе дакумэнт, які пацьвярджае асобу.
У гарадах Тбілісі, Батумі, Кутаісі, Руставі, Поці, Зугдзідзі і Горы, а таксама ў Сухумі і Ахалцыхе 31 сакавіка на ўездах будуць усталяваныя кантрольна-прапускныя пункты. Там будуць правяраць стан здароўя людзей і высьвятляць, куды яны едуць.
Паводле стану на 31 сакавіка ў Грузіі было пацьверджана 110 выпадкаў заражэньня каранавірусам. У рэжыме карантыну знаходзяцца каля 5 тысяч чалавек, у стацыянарах пад наглядам лекараў — 266. Пры гэтым, хоць рэжым надзвычайнай сытуацыі ў краіне быў уведзены 21 сакавіка, жорстка ён да апошняга моманту не выконваўся:
«Стаўленне грамадзян да таго, што адбываецца, — проста непрымальнае. Мы бачым, што частка грамадзянаў проста не ўсьведамляе ўсяго цяжару праблемы, — заявіў 30 сакавіка прэм’ер-міністар Георгі Гахара, анансуючы ўзмацненьне захадаў дзеля выкананьня карантыну. Паводле яго, многія жыхары Грузіі «проста не разумеюць», якой рызыцы яны паддаюць сябе, калі працягваюць «рабіць усё тое, што рабілі раней і захоўваюць звыклы лад жыцьця».