2 студзеня Ўзброеныя сілы Ўкраіны нанесьлі ракетны ўдар па вёсцы Іванаўскае Курскай вобласьці Расеі, паведаміў часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка рэгіёну Аляксандар Хінштэйн.
Паводле яго, у выніку атакі пацярпелі цывільныя аб’екты, сярод іх будынак Дома культуры. Аскепкамі пасекла сьцены і выбіла вокны ў школе-інтэрнаце, аддзяленьні пошты і гандлёвым цэнтры. Акрамя таго, вокны выбіла ў адным жылым доме. Аляксандар Хінштэйн дадаў, што «адбыўся нязначны абрыў аднаго ўчастка газавай трубы».
Паводле чыноўніка, на цяперашні момант ніхто з жыхароў не зьвяртаўся па дапамогу ў мэдычныя ўстановы.
Генштаб Узброеных сіл Украіны (УСУ), у сваю чаргу, паведаміў пра ўдар «па камандным пункце расейскай арміі ў пасёлку Мар’іна», што побач з Іванаўскім. Пры гэтым ва ўкраінскім Генштабе сьцьвярджаюць, што прынялі меры, каб «мінімізаваць пагрозы для жыцьця мясцовага цывільнага насельніцтва».
«Гэтыя абстрэлы накіраваныя перш за ўсё на паслабленьне здольнасьці і жаданьня Расейскай Фэдэрацыі зьдзяйсьняць тэрарыстычныя акты супраць цывільнага насельніцтва Ўкраіны», — гаворыцца ў паведамленьні.
Прадстаўнік Украінскай добраахвотніцкай арміі Поўдзень Сяргей Братчук заявіў, што ўдар нанесьлі па вёсцы Іванаўскае, «дзе базаваліся байцы 810-й брыгады марской пяхоты РФ».
Кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Андрэй Каваленка заявіў пра «значныя страты ў 810-й брыгады РФ» у выніку ўдару.
У Расеі гэтую інфармацыю не камэнтавалі.
- Расейскія войскі ў ноч на 2 студзеня ўдарылі па Ўкраіне 72 ударнымі бесьпілётнікамі «Шахед» і дронамі іншага тыпу. Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, былі зьбітыя 47 дронаў у Палтаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Кіраваградзкай, Днепрапятроўскай, Адэскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцях.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў чарговым відэазвароце 2 студзеня заявіў, што 24-я і 100-я асобныя мэханізаваныя брыгады «адбілі адзін з самых жорсткіх расейскіх штурмаў напярэдадні Новага году».
Форум