Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДУІР будзе супрацоўнічаць з расейскай ВНУ, якая спрыяе вядзеньню вайны супраць Украіны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і Ноўгарадзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт падпісалі пагадненьне аб навукова-тэхнічнай супрацы, паведаміла 2 студзеня прэс-служба расейскай ВНУ.

Сьцьвярджаецца, што бакі будуць супрацоўнічаць у сфэры радыёэлектронікі, «у інтарэсах разьвіцьця Цэнтру паўправадніковага матэрыялазнаўства НоўДУ».

Прарэктарка па зьнешніх сувязях і міжнароднай дзейнасьці Ноўгарадзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анастасія Новікава адзначыла, што Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) мае «велізарны досьвед адукацыйнай і навуковай працы ў сфэры радыёэлектронікі», а таксама наладжаную супрацу з ВНУ Кітаю.

«Наша задача — абмен кампэтэнцыямі паміж унівэрсытэтамі, у тым ліку для разьвіцьця крэмніева-германіевых тэхналёгіяў паўправаднікоў. Цэнтар паўправадніковага матэрыялазнаўства ўжо аснашчаны абсталяваньнем. Можна праводзіць дасьледаваньні, атрымліваць новыя матэрыялы, вывучаць іх уласьцівасьці і вырабляць чыпы», — сказала яна.

Прарэктар БДУІР па навуковай працы Віктар Стэмпіцкі заявіў, што ягоны ўнівэрсытэт разьлічвае на «сумесныя дасьледаваньні ў сфэры радыёэлектронікі» і зацікаўлены ў «стварэньні адукацыйных інжынэрных праграм у рамках Саюзнай дзяржавы».

У межах супрацы ВНУ маюць намер абменьвацца студэнтамі і арганізоўваць стажыроўкі асьпірантаў радыётэхнічных спэцыяльнасьцяў.

Праведзены «Позіркам» аналіз паведамленьняў прэс-службы НоўДУ сьведчыць, што гэтая расейская ВНУ актыўна спрыяе вядзеньню Расеяй вайны ва Ўкраіне.

Так, у лістападзе 2024 году НоўДУ абвясьціў, што ягоныя навукоўцы распрацавалі «ўнікальны камуфляжны рыштунак», прызначаны для «схаваных перамяшчэньняў людзей і тэхнікі, іх маскаваньня ад дронаў і мультыспэктральнага выяўленьня прыборамі аптычнага назіраньня». Аўтарка ідэі Кацярына Васільева заявіла, што рыштунак, сярод іншага, «можна прымяняць на тэрыторыі правядзеньня СВА» («спэцыяльная ваенная апэрацыя» — так рэжымы ў Маскве і Менску называюць расейскую агрэсію супраць Украіны. — РС). Паведамлялася, што «вырабы ўжо адшытыя, прайшлі пасьпяховае тэставаньне і адпраўленыя добраахвотнікам на фронт».

У чэрвені 2023 году НоўДУ абвясьціў пра распрацоўку сыстэмы «разумны дом» для «цэнтру дапамогі і падтрымкі вэтэранаў СВА і іх сем’яў «Вяртаньне», а ў траўні — пра навучаньне «асобаў, якія прэтэндуюць на пасаду сацыяльнага каардынатара дзяржаўнага фонду падтрымкі ўдзельнікаў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі «Абаронцы айчыны».

  • Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымаў рэжым Лукашэнкі, супраць Расеі і Беларусі пачалі ўводзіць міжнародныя санкцыі. У выніку краіны вымушаныя былі актывізаваць узаемную супрацу ў сфэрах, зьвязаных у тым ліку і з абароннай прамысловасьцю. Праз пэўны час пасьля пачатку вайны шэраг беларускіх прадпрыемстваў пачалі выконваць расейскія заказы.
  • Пад санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам, ЗША, Вялікай Брытаніяй і Канадай, падпалі такія прадпрыемствы, як Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне, Аршанскі авіярамонтны завод, Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), ААТ «КБ „Радар“», ААТ «558-ы авіяцыйны рамонтны завод», ААТ «Інтэграл», ТАА «Абаронныя ініцыятывы» і іншыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG