Паводле афіцыйных зьвестак, у першы дзень пасьля падоўжаных вакацый у першую зьмену прыйшло 35,5% вучняў Віцебскай вобласьці. Прысутнасьць дзяцей у розных навучальных установах вагаецца ад 20 да 60%. Як цяпер працуюць у школах абласнога цэнтру, які стаў другім пасьля Менску асяродкам распаўсюду COVID-19 у Беларусі? Свабода спытала пра гэта ў віцебскіх настаўнікаў.
УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
«Дзеці сядзяць па клясах»
Расказвае Ганна, настаўніца пачатковых клясаў
«Сёньня ў мяне было два вучні, у некаторых клясах — адзін чалавек. Максымальная колькасьць у пачатковай школе — 14 чалавек у клясе. У старэйшых клясах таксама няшмат, па 2–3 вучні», — кажа Ганна. У школе, дзе яна выкладае, вучыцца каля 450 дзяцей.
Ганна настаўнічае ў першай клясе. На наступным тыдні да яе на вучобу выйдзе яшчэ адзін вучань. Большасьць бацькоў напісалі заявы да 1 траўня. Тры сям’і вырашылі вярнуць дзяцей у школу ўжо ў верасьні.
«Чакаем, што больш вучняў стане пасьля майскіх сьвятаў, — кажа яна. — Безь дзяцей у школе стала нязвыкла ціха».
Першыя два дні займаліся ў масках.
«У аўторак пасьля заняткаў стала вядома, што і настаўнікі, і дзеці могуць займацца бяз масак (у той жа дзень Аляксандар Лукашэнка заявіў, што маскі і антысэптыкі ў школах — „глупства“, „ашуканства“ і „паказуха“. — РС), — кажа Ганна. — Нам сказалі, што школа — не інфэкцыйная бальніца. Калі вы прыйшлі на працу, значыць, здаровыя. Многія выкладчыкі ўздыхнулі з палёгкай, бо працаваць у масцы вельмі складана. Дзеці таксама ўвесь час дакранаюцца да яе, здымаюць. Але цяпер кожны вырашае сам, ці засьцерагацца дадаткова маскай».
Па словах Ганны, індывідуальныя антысэптыкі ў школу дзецям прыносіць забаранілі. Каб яны, асабліва хлопчыкі, незнарок ня пырснулі сабе ці іншаму ў вочы. Антысэптык стаіць на настаўніцкім стале. Настаўнік апрацоўвае рукі вучням. Абавязкова — кожны раз пасьля наведваньня прыбіральні. І штораніцы вучням апрацоўваюць рукі пры ўваходзе ў школу. Бацькам уваход у навучальную ўстанову цяпер закрыты.
«Настаўнікам забаронена пакідаць свой кабінэт, дзецям на перапынку таксама нельга выходзіць у калідор, — кажа настаўніца. — Праветрыць клясу магчыма падчас паходу ў сталовую. Адлегласьць паміж сталамі ў абеднай залі цяпер адзін мэтар. Дзяцей стараемся рассаджваць як мага далей адзін ад аднаго. Фізкультуру праводзім толькі на вуліцы. „Падоўжанка“ таксама працуе».
Раніцай Ганна праводзіць заняткі паводле раскладу ў клясе. Пасьля абеду дасылае заданьні вучням, якія займаюцца дома.
«Афіцыйна індывідуальнага альбо дыстанцыйнага навучаньня ў нас няма. Праз вайбэр я адпраўляю заданьні, якія мы выконвалі на занятках, тэмы, і дзеці займаюцца з бацькамі, — кажа Ганна. — Ад выкладчыка залежыць, правяраць іх штодзень ці не».
Настаўніца адзначае, што працаваць стала больш складана, у тым ліку — эмацыйна. Кожны дзень уводзяць новыя патрабаваньні, пасьля адмяняюць.
«Нас зьбіраюць пасьля заняткаў і абвяшчаюць пра чарговыя захады, — кажа яна. — Падчас працоўнага дня з калегамі не перамовіцца. Нас адразу разганяе адміністрацыя — групамі не зьбірацца, кансультацыі толькі праз тэлефон. Спачатку настаўнікі моцна трывожыліся. А цяпер стаміліся баяцца».
«Малодшыя клясы можна было б адпусьціць да канца траўня»
Расказвае Алеся, выкладчыца малодшых клясаў
З 29 вучняў у Алесінай клясе займаецца пяцёра.
«На першую зьмену выкладаю гэтым вучням, на другую — дыстанцыйна астатнім, — кажа яна. — Дасылаю заданьні, відэазаняткі, зарэгістравала дзетак на навучальных плятформах у інтэрнэце. Пасьля правяраю».
Такія дзеяньні дадаткова нагружаюць настаўнікаў. Ступень нагрузкі кожны вызначае самастойна — хтосьці лічыць за лепшае адасобіцца, хтосьці карыстаецца новымі тэхналёгіямі. Самы просты варыянт абмену інфармацыяй — агульныя чаты ў вайбэры. Радзей — пляцоўкі на Google альбо Zoom.
«Да дыстанцыйнай працы нашая сыстэма не гатовая. У школе няма тэхнічных магчымасьцяў, — упэўненая Алеся. — Для першых клясаў гэта неэфэктыўна. У любым разе ў выпадку дыстанцыйнага навучаньня ім патрэбная дапамога бацькоў. Онлайн альбо офлайн ім дапамагаюць дарослыя».
У Алесінай школе каля 900 вучняў. Цяпер клясы запоўненыя на 20%. У некаторых клясах вучняў зусім няма альбо на занятках толькі адзін. Па яе словах, падобная сытуацыя ў большасьці навучальных устаноў гораду.
«Заявы аб рашэньні не наведваць заняткі да канца навучальнага году ёсьць у старэйшых клясах, — кажа настаўніца. — У мяне пакуль няма. Большасьць бацькоў пазначыла тэрмін да канца красавіка. Магчыма, пачнуць прыводзіць дзяцей пасьля вялікіх выходных. Дзецям складана з бацькамі вучыцца, а бацькам складана дзяцей вучыць».
Пра першыя дні працы ва ўмовах складанай эпідэміялягічнай сытуацыі Алеся кажа, што спачатку ўсе працавалі ў масках. Потым прыйшло распараджэньне маскі ўсім зьняць, бо былі выпадкі, калі трацілі прытомнасьць і настаўнікі, і вучні.
Асаблівая ўвага аддаецца санітарным працэдурам.
«На сродкі гігіены ўнутры школы скідаемся і купляем, — кажа Алеся. — На мінулым тыдні з настаўнікаў зьбіралі па пяць рублёў на прадукты харчаваньня ў бальніцы. На гэтым тыдні новыя зборы — у Чырвоны Крыж і на суботнік». Гэтая субота ў школах працоўная.
На думку Алесі, у сувязі з сытуацыяй дзяржава заўчасна прапанавала выходзіць школьнікам на вучобу. Некаторыя настаўнікі лічаць, што для Віцебску і вобласьці можна было б зрабіць выключэньне.
«Мне складана рабіць высновы, — кажа яна, — але, у прыватнасьці, малодшыя клясы можна было б адпусьціць да канца траўня. Праграма яшчэ не складаная, і вялікай ролі гэта б не адыграла. Варта нешта прыдумаць для старэйшых клясаў, у якіх наперадзе экзамэны».
«Нам дасылаюць рэзалюцыі. Іншы раз яны недарэчныя і незразумелыя»
Расказвае Вольга, настаўніца расейскай мовы і літаратуры ў 5, 6, 10-х клясах
У школе, дзе працуе Вольга, 560 дзяцей. У першыя дні пасьля вакацый выйшла 20–30% вучняў.
«У клясах 2, 4, максымум — 7 вучняў, — кажа яна. — У нас яшчэ нядрэнная наведвальнасьць. Я размаўляла з калегамі зь іншых школ. У некаторых вучняў практычна няма».
Вольга — клясны кіраўнік у 5-й клясе. З 28 чалавек заняткі ў гэтыя дні наведваюць пяцёра. Астатнія напісалі заявы да канца красавіка альбо да 4 траўня.
«Сваім вучням я скідала заданьні яшчэ на мінулым тыдні. Цяпер ва ўсіх ёсьць групы ў вайбэры. Сёньня, напрыклад, фатаграфавалі дошку, наш канспэкт апорны, і высылалі разам з хатнім заданьнем. Па літаратуры прапаную тэсты. Я іх ня надта люблю, але скідаю, каб дзеці займаліся. Хтосьці мне вяртае заданьні на праверку, хтосьці прынясе, калі вернецца ў школу. Усе заданьні я абяцала праверыць», — Вольга тлумачыць, як яе праца выглядае цяпер.
У сёньняшняй сытуацыі даволі складана наладзіць эфэктыўны навучальны працэс. Паводле Вольгі, да дыстанцыйнага навучаньня павінны быць гатовыя і настаўнікі, і дзеці. Большасьць настаўнікаў гатовыя асвойваць новыя праграмы і фарматы. У дзяцей ступень адказнасьці пакуль невысокая. Бацькі павінны ім дапамагаць альбо кантраляваць іх нават у старэйшых клясах.
Настаўніца кажа, што ў кіраўніцтва таксама няма адзінай стратэгіі.
«Нам дасылаюць рэзалюцыі, а мы вымушаныя іх выконваць. Іншы раз яны недарэчныя і незразумелыя нават нам, — кажа яна. — Да прыкладу, учора кажуць ставіць „н“ адсутным, сёньня ўжо не. Настаўнікаў правяраюць. У гэтыя дні былі праверкі з райвыканкаму і з аблвыканкаму, каб убачыць, як наладжаны вучэбны працэс. Пытаньне — навошта?»
Вольга кажа, што калектыў у школе досыць малады. Але ёсьць настаўнікі і пэнсійнага ўзросту. Па яе словах, панікі сярод калегаў няма. Але пэўная ступень трывогі адчуваецца — і за дзяцей, і за дарослых.
«Вядома, мы сябе засьцерагаем. Мы ж вяртаемся дадому, у сем’і, — кажа настаўніца. — Маскі ў нас ёсьць. Аднак весьці заняткі ў іх немагчыма. У мяне на занятках у шахматным парадку сядзяць чацьвёра дзяцей, месца хапае, прачыненая фрамуга, каб паветра сьвежае ішло. Тады я здымаю маску. Блізка да вучняў не падыходжу. Часьцей мыем рукі, і дзеці, і настаўнікі, апрацоўваем антысэптыкам».
Вольга расказала, што падчас вакацый у школе для настаўнікаў шылі маскі: «Дзяцей не было, а мы мусілі адпрацоўваць сваю нагрузку — і на афіцыйных вакацыях, і на падоўжаных. Знаходзілі сабе працу. У кабінэце „трудоў“ за тры дні пашылі каля ста масак. Такі запас ёсьць цяпер у школе».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ