Ад 20 красавіка толькі вясковыя школы Докшыцкага раёну аднавілі працу. У школах гарадоў Докшыцы і Бягомль вучні перайшлі на дыстанцыйнае навучаньне.
Як патлумачылі Свабодзе ў райвыканкаме, часова закрыць школы пастанавілі ў раённым штабе па барацьбе з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі. Цяпер заняткі праходзяць дыстанцыйна ў гарадзкіх школах Докшыцаў і Бягомля. Вучні і настаўнікі выкарыстоўваюць электронныя журналы і дзёньнікі.
Калі вучням дазволяць пайсьці ў школу, невядома. Прынамсі гэты тыдзень навучаньне будзе дыстанцыйнае.
У вясковых школах Докшыцкага раёну заняткі аднавіліся пасьля падоўжаных вакацый, як і ва ўсёй Беларусі. Цяпер школы наведвае каля 40% вучняў, паведамілі Свабодзе ў аддзеле адукацыі райвыканкаму.
«Спадзяёмся, іх будзе станавіцца болей. На другі дзень на заняткі прыйшло больш вучняў», — сказала начальніца аддзелу адукацыі Аксана Гушчык.
Аднак бацькі і настаўнікі некаторых вясковых школ паведамілі Свабодзе, што на заняткі ў першыя дні прыйшло ўсяго па некалькі чалавек. А ў некаторых клясах увогуле не было ніводнага вучня.
Начальніца аддзелу адукацыі пацьвердзіла, што перавод гарадзкіх школ на дыстанцыйнае навучаньне зьвязаны са складанай эпідэміялягічнай абстаноўкай.
У беларускіх установах адукацыі не абвяшчалі карантыну ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Але двойчы падаўжалі школьныя вакацыі: тыя пачаліся 30 сакавіка і плянаваліся да 4 красавіка, але былі працягнутыя спачатку да 11-га, затым да 18-га ўключна.
17 красавіка ў час візыту ў Лідзкі раён Лукашэнка заявіў, што «трэба акуратна глядзець за людзьмі і наконт адукацыі, школаў і іншага, трэба пачынаць вучыцца». Празь некалькі гадзін пасьля той заявы міністар адукацыі абвясьціў, што беларускія школьнікі пачнуць займацца 20 красавіка.
У Міністэрстве адукацыі прапанавалі «пісаць заявы» бацькам, якія ня хочуць выпраўляць дзяцей у школы ў час пандэміі каранавірусу.
У Докшыцах Віцебскай вобласьці адбылася ўспышка каранавірусу. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на 17 красавіка ў Докшыцкім раёне зафіксаваныя 72 выпадкі каранавірусу. Няпрофільныя аддзяленьні мясцовай лякарні перавялі пад прыём пацыентаў з пнэўманіяй.
Улады таксама паведамлялі, як у раёне змагаюцца з каранавірусам. Тут забароненыя ўсе масавыя мерапрыемствы, закрытыя рынкі, лазьні, водна-аздараўленчы цэнтар. Пры гэтым большасьць дзяржаўных арганізацый і прадпрыемстваў працягваюць працаваць, нягледзячы на тое, што выпадкі каранавірусу былі ўжо зафіксаваныя шмат дзе.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ