Аляксандар Лукашэнка 21 красавіка наведаў бабруйскае прадпрыемства «Славянка». Там ён завочна адказаў на крытыку тым, хто папракаў яго ў перакладваньні адказнасьці на бацькоў у сувязі з адсутнасьцю карантыну ва ўстановах адукацыі і аднаўленьнем заняткаў у школе пасьля падоўжаных вакацыяў.
Пра маскі і антысэптыкі
На думку Лукашэнкі, тыя, хто прымушаюць дзяцей насіць маскі ў школах, карыстацца «гаручымі антысэптыкамі на этанолі» і рассаджвацца ў клясе на большыя дыстанцыі, «проста займаюцца ашуканствам і паказухай», піша БелТА.
«Глупства несусьветнае, — сказаў Лукашэнка. — Нельга дзецям гэтыя маскі надзяваць, асабліва ў школе. Такога патрабаваньня не было. І калі дзесьці гэта ёсьць, значыць, тыя, хто гэта ўвёў, адкажуць.
Вы лепш акно адчыніце, праветрыце, каб было сьвежа. Калі там хтосьці „практыкуецца“, хутчэй за ўсё, гэта самадзейнасьць. А за тое, што міністэрства і „губэрнатары“ не пракантралявалі гэтае пытаньне, яны адкажуць».
Дзеці звычайна маюць слабейшыя сымптомы, калі хварэюць на COVID-19, але ня маюць абсалютнага імунітэту і могуць пераносіць новы каранавірус. У Беларусі вядома пра больш як сотню інфікаваных дзяцей.
Пра карантын і адказнасьць
«Я назіраю рэакцыю людзей, — перадае БелТА словы Лукашэнкі. — Людзі розныя. Апазыцыянэры пачалі папісваць у асобных там Telegram-каналах, жоўтай прэсе: вось, Лукашэнка там „адказнасьць пераклаў“ на бацькоў. Слухайце, ну дзікунства поўнае.
Я, напэўна, залішне бяру на сябе адказнасьць. Я на сябе ўвесь гэты цяжар усклаў. Хаця многія кажуць, вось, прэзыдэнцкія выбары... Ды ня трэба наперадзе каня бегчы!
Я ж прэзыдэнт, пакуль я за гэта адказваю. Ускладу я адказнасьць, не ўскладу, вы ж усё роўна зь мяне спагоніце. Такая практыка ў нас ужо ў краіне. Хто вінаваты, не вінаваты — прэзыдэнт. Таму я займаюся гэтымі пытаньнямі.
Я сумленна і адкрыта сказаў, што я катэгарычна супраць падаўжэньня вакацыяў. Вывучылі думкі, хочуць на тыдзень падоўжыць. Добра, я працягнуў. Але сказаў, што я катэгарычна супраць».
У беларускіх установах адукацыі не абвяшчалі карантыну ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Але двойчы падаўжалі школьныя вакацыі: тыя пачаліся 30 сакавіка і плянаваліся да 4 красавіка, але былі працягнутыя спачатку да 11-га, затым да 18-га ўключна.
17 красавіка ў час візыту ў Лідзкі раён Лукашэнка заявіў, што «трэба акуратна глядзець за людзьмі і з нагоды адукацыі, школаў і іншага, трэба пачынаць вучыцца». Празь некалькі гадзінаў пасьля той заявы міністар адукацыі абвясьціў, што беларускія школьнікі пачнуць займацца 20 красавіка.
У Міністэрстве адукацыі прапанавалі «пісаць заявы» бацькам, якія ня хочуць выпраўляць дзяцей у школы ў час пандэміі каранавірусу. Намесьнік міністра Аляксандар Кадлубай казаў: не выключае таго, што «бацькі палічаць, што здароўе іхных дзяцей першаснае», таму дзяцей могуць атэставаць па трох чвэрцях, а не чатырох.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.