Як усё ж цікава атрымалася з адкрыцьцём школ пасьля падоўжаных вакацый, – рашэньне прымалі мужчыны (міністар адукацыі і прэзыдэнт), а расплачваюцца за яго пераважна жанчыны.
Мой малодшы брат, напрыклад, у школу не пайшоў, і маці штодзень пасьля працы дапамагае яму разьбірацца са школьнай праграмай. Я ж вечарамі чытаю допісы і камэнтары ў сацсетках, дзе людзі шукаюць вінаватых у цяперашняй сытуацыі са школамі. Нейкім чынам вінаватымі аказваюцца настаўніцы, якія выйшлі на працу, а не аб’явілі байкот, а таксама мамы і таты, якія дзяцей у гэтыя школы адправілі. Праўда, бацькі, якія пакінулі дзяцей дома, таксама вінаваты, бо іх дзеці нібыта не сядзяць на самой справе дома, а лазяць цэлымі днямі па вуліцах і ўвогуле гультаі.
Складаецца ўражаньне, што злосьць на чыноўнікаў успрымаецца як нешта настолькі непрадукцыйнае, што на яе ўжо амаль не выдаткоўваюць сілы. Цяпер пад удар трапілі «простыя людзі», якія прымаюць рашэньні адносна сябе і сваіх сем’яў. І раз у сыстэме адукацыі збольшага працуюць жанчыны, а ў сям’і клопат пра дзяцей лічыцца пераважна жаночым заняткам, дык і дастаецца больш за ўсё менавіта жанчынам.
Тым часам, гэтыя жанчыны сутыкаюцца зь вельмі няпростымі дылемамі. Настаўніцам трэба абіраць, ці то рызыкнуць здароўем і выйсьці на працу, ці то быць у самаізаляцыі і ня мець пры гэтым аніякага заробку. Мамам маленькіх дзяцей трэба вырашаць, ці то адпраўляць іх у садок ці школу, ці то пакідаць дома і неяк вырашаць усе зьвязаныя з гэтым адміністрацыйна-лягістычныя пытаньні.
Ці можна пакінуць дзіця дома без нагляду? І калі нельга, дык хто будзе заставацца зь ім ці ёй? Як самастойна арганізаваць навучальны працэс? Як вырашаць пытаньні зь ежай, пакуль бацькі на працы? Усе гэтыя пытаньні зь вялікай імавернасьцю становяцца менавіта жаночым галаўным болем. І адказнай за тое, што дзіця пайшло ці не пайшло ў школу, традыцыйна абвяшчаецца маці.
Гэта ў іншых краінах цяпер карантын, і большая частка людзей працуе з дому. У Беларусі ўсё інакш, і тут рашэньне не аддаваць дзіця ў школу суправаджаецца большай колькасьцю побытавых нязручнасьцяў, якія ўсе разам могуць скласьціся ў сапраўдную катастрофу.
Перакласьці адказнасьць за ўзровень сьмяротнасьці ў краіне на школьных настаўніц і маці – вельмі зручная, але нізкая і маніпуляцыйная ідэя. Асуджаць настаўніцу за тое, што яна выходзіць на працу, а ня ладзіць байкот, вельмі лёгка, але ня мае аніякага сэнсу. Тое ж самае і з асуджэньнем маці, якія адправілі дзяцей у школу.
Вінаватыя ў тым, што адбываецца, не яны. І як бы мы ні стараліся ігнараваць абсурдныя заявы чыноўнікаў, мы цалкам залежым ад іх рашэньняў.
ААН заклікае распрацоўваць стратэгіі, каб супрацьстаяць нэгатыўным эканамічным наступствам пандэміі і зьнізіць рызыкі, якія пагражаюць здароўю жанчын. І гэта дакладна ня тая гісторыя, дзе нам трэба шукаць свой унікальны шлях. Самы час Беларусі ўліцца ў агульную хвалю і ўзгадаць, што ў пандэміі ёсьць вельмі выразнае жаночае аблічча.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.