Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гарадах менш, у сельскай мясцовасьці — больш за палову. Колькі дзяцей прыйшлі ў школу пасьля вакацый?


Людзі ў масках на вуліцы. Ілюстрацыйнае фота
Людзі ў масках на вуліцы. Ілюстрацыйнае фота

У прэстыжнай сталічнай гімназіі з двух дзясятых клясаў на ўрок матэматыкі прыйшоў толькі адзін вучань. У іншай гімназіі з 28 трацяклясьнікаў на занятках прысутнічалі 6. І хоць у першы дзень чвэрці ўсе дырэктары школ давалі справаздачы ва ўпраўленьні адукацыі, атрымаць ад чыноўнікаў афіцыйную інфармацыю Свабодзе не ўдалося.

Пасьля зацягнутых трохтыднёвых вакацый беларускія дзеці 20 красавіка павінны пайсьці ў школу. Такое рашэньне прыняў кіраўнік дзяржавы.

Наведваючы ў Вялікдзень царкву ў Смалявіцкім раёне, Лукашэнка сказаў: «Дзеці ўсё роўна труцца адзін аб аднаго. Тады навошта мы прыбіраем іх са школы? Там прасьцей пракантраляваць дзяцей — і нам, і вам. Дый вучыцца трэба. Чвэрць кароткая. Трэба здаць выпускныя і трэба ў ВНУ паступаць».

Бацькі школьнікаў разьдзяліліся на два лягеры: частка напісала заявы, і дзеці ў школу не пайшлі, будуць вучыцца дыстанцыйна. Меншая частка бацькоў адправіла ў панядзелак дзетак у школу. Свабода выслухала аргумэнты абодвух бакоў, а таксама настаўніка і чыноўніцу.

«А куды дзяцей падзець, калі бацькі занятыя на пасяўной?»

На ўмовах ананімнасьці супрацоўніца аднаго з раённых аддзелаў адукацыі Менскай вобласьці, якой даручылі весьці статыстыку па раёне, сказала Свабодзе, што пасьля вакацый у першую зьмену на заняткі прыйшлі 34% школьнікаў, а ў другую зьмену — 30,4%. У сярэднім па раёне атрымалася роўна траціна — 33,3%.

«Мы прагназавалі яшчэ раней, што гарадзкіх дзяцей прыйдзе ня больш за 25–30%. 20 красавіка была абласная сэлектарная нарада. Да прыкладу, у Жодзіне, дзе толькі гарадзкія дзеці, прыйшло 25%. А ў суседнім Барысаўскім раёне ў сельскай мясцовасьці ў школы прыйшло 52% дзяцей. Гэта было і чакана — а куды дзяцей падзець, калі ўсе бацькі занятыя на пасяўной? А ў горадзе — 29,9%», — кажа чыноўніца.

«Калі б была небясьпека, нас бы папярэдзілі, каб сядзелі ў карантыне»

Шматдзетны бацька Ільля сказаў Свабодзе, што ўсе яго пяцёра дзяцей сёньня пайшлі ў розныя ўстановы: малодшая дачка ў садок, старэйшая ў каледж, а трое сярэдніх у школу. Прычым жонка ў яго цяпер хварэе на пнэўманію, і сям’я пыталася ў лекара, ці ня варта ўсім застацца дома, кажа Ільля.

«Я больш давяраю мэдыкам, якія кажуць, што няма небясьпекі. Дыягназы хатніх гаспадынь з фэйсбуку для мяне не аргумэнт. Калі б была небясьпека, нас бы папярэдзілі, каб сядзелі ў карантыне.

Мы настойвалі, каб жонцы зрабілі тэст на каранавірус, але нам адмовілі: маўляў, ёсьць адпаведныя пратаколы лячэньня і дыягностыкі — за мяжу ніхто ня езьдзіў, кантактаў з замежнікамі і інфікаванымі ня меў, і мы не адносімся да групы рызыкі, якой робяць тэсты. Калі будзе рэкамэндацыя лекара — мы застанемся дома. Я лічу, што доктар, які лечыць жонку, нясе пэрсанальную адказнасьць, калі што ня так», — выказаў меркаваньне Ільля.

Ягоныя дзеці вучацца ў 3, 7 і 9-й клясах. Выйшлі з дому яны ў масках, але далей бацька пракантраляваць ня мог, ці ў масках сядзелі яны на ўроках.

Дзеці Ільлі толькі што вярнуліся са школы і кажуць, што сёньня прыйшло прыкладна па 8-10 дзяцей на клясу, рассадзілі іх далёка адзін ад аднаго.

«Гэта ідэальная колькасьць навучэнцаў у клясе. Натуральна, на вакацыях мы нешта рабілі, займаліся зь дзецьмі. Але я лічу, што школа дае больш сыстэмныя веды, таму няхай вучацца», — кажа шматдзетны бацька Ільля.

Першаклясьніца Амяліна хоча ў школу, але бацькі не пускаюць

Настасься, маці Амяліны, першаклясьніцы сталічнай школы № 177, напісала заяву, што яшчэ прынамсі два тыдні дачка застанецца дома. Дзяўчынка не хадзіла ў школу і апошні тыдзень перад вакацыямі.

«У бацькоўскім чаце мы абмяркоўвалі, ці варта пускаць дзяцей у школу. Настаўніца правяла апытаньне — з 28 бацькоў толькі 6 напісалі, што дзеці прыйдуць (бо ў некаторых няма магчымасьці сядзець дома — яны працуюць), а 22 — што пакінуць дзяцей дома.

Як будзе арганізавана дыстанцыйнае навучаньне ў першакляшак, пакуль незразумела, на мінулым тыдні настаўніца даслала па вайбэры пару заданьняў. Я, вядома, займаюся з Амялінай, разам пішам, чытаем, але менш, чым хацелася б. Бо сама працую на „аддаленцы“, цэлы дзень за кампутарам.

А Амелька хоча ў школу, праўда, ня так вучыцца, як пабачыцца зь сябрамі. Дома ёй сумна, ужо ня ведаю, чым заняць дзіця. Але пакуль не пушчу», — кажа Настасься, маці першаклясьніцы.

Бацькі трэцяклясьніцы Евы вырашылі павесьці дзіця ў школу. За школьны парог 4-й гімназіі бацьку не пусьцілі, калі ён прывёў дачку — пабочным асобам уваход забаронены. Забірала дзяўчынку пасьля заняткаў маці. У дзіцяці няма мабільніка, і маці ў масцы і пальчатках паспрабавала прайсьці ў будынак. Кажа, што вахторка прыгразіла міліцыяй, груба абражаючы: маўляў, «ходзяць тут усялякія каранавірусныя». На заняткі ў клясу з 28 дзетак прыйшло 6.

У беларускую гімназію № 23 на заняткі прыйшлі 111 вучняў — чвэрць ад усіх

У Тацяны чацьвёра дзяцей вучацца ў 23-й беларускамоўнай гімназіі Менску. Сёньня дзяцей у школу бацькі не пусьцілі. Яны ня так баяцца кантактаў у клясе, як таго, што дзеці мусяць езьдзіць у грамадзкім транспарце.

«Я сама настаўніца музыкі. Заняткі ў дзяцей у маёй музычнай школе пачынаюцца а 13-й гадзіне. Таму раніцай я яшчэ магла б адвезьці сваіх на машыне. А забраць іх і прывезьці назад не магу, бо працую. А дзецям з дому да гімназіі трэба ехаць спачатку на аўтобусе, потым на мэтро.

Не пушчу ў школу, пакуль пік эпідэміі ня пройдзе. Я і на вуліцу іх не пускаю, нават пагуляць з сабакам. Нічога страшнага — вытрымаюць. Мне спакайней падняць іх, накарміць і ў першай палове дня, потым увечары пракантраляваць, як яны займаюцца», — кажа Тацяна.

Паводле маці, пакуль дыстанцыйная сыстэма навучаньня дасканала не адпрацаваная, але настаўнікі стараюцца.

«Для чацьвёртаклясьніка некаторыя выкладчыкі даслалі спасылкі на відэаўрокі. Некаторыя ўрокі ўжо праводзяцца онлайн, да прыкладу, толькі што сама слухала онлайн-урок па біялёгіі ў 8-й клясе. Шасьціклясьніца падключаная да Скайпу і слухае настаўніка ў рэжыме рэальнага часу. Мне падаецца, што дзеці дома лепш вучацца, чым у шумнай клясе. І мне так спакайней», — падсумоўвае маці.

Намесьніца дырэктара па вучэбнай працы 23-й гімназіі Аксана Вандзяева сказала Свабодзе, што ў панядзелак на заняткі прыйшло 111 чалавек. Гэта прыкладна чвэрць ад усіх навучэнцаў гімназіі.

«Калі быць рэалістам, краіна пакуль не гатовая перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне»

У настаўніка матэматыкі яшчэ адной сталічнай гімназіі Андрэя (імя зьменена) з 32 вучняў двух дзясятых клясаў на ўрок прыйшоў толькі 1 чалавек. На думку настаўніка, краіна пакуль не гатовая перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне. І справа ня толькі ў тым, што не ўва ўсіх дзяцей ёсьць пэрсанальны кампутар (асабліва калі ў сям’і некалькі школьнікаў), не ўва ўсіх хуткі інтэрнэт, а тут павінна быць добрая якасьць карцінкі і добры гук. Усё ўпіраецца ў канкрэтных настаўнікаў.

«Хоць у нас прэстыжная гімназія, пэдагогі розныя і па ўзросьце, і па ступені валоданьня кампутарам. Мы размаўлялі паміж сабой, хто як хоча працаваць. Адна настаўніца гатовая праводзіць урокі праз Skype, другая — у Zoom, маладзейшае пакаленьне выкладчыкаў — у Discord (дарэчы, апошнюю праграму дзеці добра ведаюць, бо гуляюць у гульні, там вельмі якасная карцінка і гук).

Калі працаваць дыстанцыйна, зручней было б працаваць усім на адзіным сэрвэры, плятформе, так і кантраляваць прасьцей. Так што ўсё залежыць ад настаўнікаў. Але калі быць рэалістам, краіна пакуль не гатовая перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне нават у буйных гарадах. А што тады казаць пра сяло...» — мяркуе выкладчык матэматыкі прэстыжнай сталічнай гімназіі.

У гімназіі, дзе выкладае Андрэй, Свабодзе адмовіліся паведаміць, колькі дзяцей прыйшло на заняткі і як будзе выглядаць дыстанцыйнае навучаньне.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG