Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндавала ўладам Беларусі ўзмацніць «фізычнае дыстанцыяваньне; адкласьці спартовыя, рэлігійныя і культурныя мерапрыемствы; перавесьці школы, унівэрсытэты на дыстанцыйнае навучаньне».
Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы ў адказ працытавалі Аляксандра Лукашэнку, які сказаў: «Суботнік адбудзецца».
Экспэрты Сусьветнай арганізацыі здароўя па запрашэньні кіраўніка дзяржавы наведалі Беларусь 7 — 11 красавіка. На выніковай прэс-канфэрэнцыі ў Менску 11 красавіка кіраўнік місіі эўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Патрык О’Конар дыпляматычна заявіў, што Беларусь уваходзіць у новую фазу эвалюцыі ўспышкі інфэкцыі COVID-19, і цяпер час трэба «рыхтавацца да найгоршых сцэнароў і ўмацоўваць узаемадзеяньне ўрада з усім грамадзтвам».
21 красавіка на сайце САЗ зьявіліся больш жорсткія рэкамэндацыі, якія апублікавалі толькі недзяржаўныя СМІ.
На сустрэчы з працаўнікамі бабруйскай фабрыкі «Славянка», якая цалкам пераключылася на пашыў масак, нечакана журналіст, які не прадставіўся, задаў пытаньне Лукашэнку наконт рэкамэндацый САЗ і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, у прыватнасьці суботніка.
Аляксандар Лукашэнка адказаў так:
«Вы не ўяўляеце, што такое ісьці аднаму супраць усяго сьвету. Адна з заўвагаў САЗ, каля яны абмяркоўвалі гэтую праблему: «Слухайце, што за прэзыдэнт, што яны людзям кажуць, што яны робяць?» І нашы прыйшлі, і кажуць: «Мы ж столькі харошага робім». Я адказваю: «Скажам потым, калі ўсё закончыцца. А зь некаторых і спытаем....
Запытайся ў іх — яны гатовы пачакаць і не хадзіць на працу ў суботу? Вось яны сёньня працуюць, і ў пятніцу. А што зьменіцца ў суботу? Гэта сьмешна. Таму тыя, хто працуюць, яны і будуць працаваць. А мы з вамі будзем лес садзіць. І заробак пералічым у фонд суботніка. Калі мы пабачым, што трэба нейкія дадатковыя захады — ізаляцыі, самаізаляцыі — прымяніць, абавязкова прымем рашэньне. Таму абавязкова суботнік мы правядзем», — адказаў на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя «адкласьці масавыя мерапрыемствы».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ