Сям’я Шапялевічаў з Бабруйску больш за месяц жыве ў самаізаляцыі, і адолець дэпрэсію ад яе ім дапамог выраб мэдычных масак. Узяліся яны іх шыць два тыдні таму. За гэты час мэдыкам бясплатна перададзена больш за 200 масак.
«Мэдыкі ў эпіцэнтры змаганьня з каранавірусам, і нашы маскі ратуюць іх. У гэтым мы бачым сваю карысьць. Наш дэвіз: адна маска — адно жыцьцё», — гэтак тлумачаць сваё валянтэрства Шапялевічы.
У іхнай сямейнай арцелі чатыры чалавекі. 9-гадовая Поля з 8-гадовым Тадэвушам пад кіраўніцтвам бацькі Дзьмітрыя (паводле адукацыі ён настаўнік гісторыі, а працуе дыспэтчарам на Ялізаўскай гуце) адказваюць за кройку. Маці Дар’я (да самаізаляцыі шыла вясельныя строі) сшывае загатоўкі. Сабекошт адной шматразовай трохслойнай маскі — 1 рубель 20 капеек.
Маскі Шапялевічы шыюць за свае сродкі, са свайго матэрыялу і з таго, што прыносяць сябры ды родзічы. Яны адзначаюць: тканіна за два тыдні істотна падаражэла, а гумка для бялізны наагул стала дэфіцытам.
На самаізаляцыю Шапялевічы наважыліся, калі зразумелі, што Беларусі не пазьбегнуць маштабнай пандэміі. Цяпер у Бабруйску шмат хто ходзіць у масках, але адчуваньня небясьпекі ў гараджанаў пакуль няма, кажуць у сям’і Шапялевічаў. Сваіх дзяцей Дар’я і Дзьмітры ў школу ня пусьцяць. Для іх навучальны год ужо скончаны, кажуць бацькі.
У Бабруйску валянтэры гуртуюцца вакол агульнанацыянальнай ініцыятывы дапамогі мэдыкам bycovid19. Акрамя шыцьця масак, бабруйчане зьбіраюць засьцерагальныя экраны, развозяць вырабленае па мэдычных установах, а таксама вывучаюць іхныя патрэбы ды абменьваюцца інфармацыяй.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ