Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) апублікавала 21 красавіка сьпіс рэкамэндацый для Беларусі па выніках місіі экспэртаў, якія ацэньвалі, як краіна змагаецца з каранавірусам.
Беларускія дзяржаўныя СМІ «не заўважылі» тых рэкамэндацый, якіх у краіне не выконваюць, але заўважылі, за што пахвалілі.
Што раіць WHO
WHO сярод іншага раіла ўзмацніць захады для фізычнага дыстанцыянаваньня, каб запаволіць распаўсюд эпідэміі COVID-19 і даць мэдычным установам час падрыхтаваць больш месцаў, абсталяваньня і спэцыялістаў да змаганьня з каранавірусам. Фізычнае дыстанцыянаваньне, піша WHO, уключае:
- Скасаваньне буйных сходаў, у тым ліку спартовых, рэлігійных і культурных мерапрыемстваў.
- Карантын тых, хто кантактаваў з інфікаванымі і патэнцыйна заражанымі.
- Даваньне магчымасьці дыстанцыйнай працы і адукацыі для школаў, унівэрсытэтаў і іншых установаў адукацыі, прыпыненьне не неабходных бізнэсаў.
- Зьмяншэньне не неабходных перамяшчэньняў, асабліва сярод людзей з групаў рызыкі.
З гэтага беларускія ўлады выконваюць толькі другі пункт — «кантакты 1 і 2 узроўняў» сапраўды зьмяшчаюцца ў лякарні або на хатнюю самаізаляцыю. Але спартовых, рэлігійных і культурных імпрэзаў не скасавалі, заняткі ў школах аднавілі пасьля вакацыяў, перамяшчэньні не абмежавалі.
Па выніках місіі WHO таксама заклікала беларускія ўлады да:
- «прыхільнасьці і лідэрства» ў захадах стрыманьня і зьмякчэньня эпідэміі;
- «дакладнай, празрыстай і рэгулярнай камунікацыі» аб рызыках, рэкамэндацыях аб ахове здароўя і захадах супраць вірусу;
- працягу неабходных мэдычных сэрвісаў і сацыяльна-эканамічнай падтрымкі тых, хто мае ў ёй патрэбу, асабліва самых уразьлівых.
Што расказалі дзяржаўныя СМІ
Дзяржаўныя інфармацыйныя агенцтвы БелТА і «Минск-новости», а таксама газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня» 21 красавіка расказалі, што місія WHO прадставіла рэкамэндацыі па выніках візыту ў Беларусь.
У тэксьце згадваецца, што WHO адзначала прынятыя ўрадам захады стрымліваньня эпідэміі: тэставаньне падазроных выпадкаў, адсочваньне іх кантактаў і ізаляцыю хворых. Таксама згадваецца, што WHO адзначыла нарошчваньне магчымасьцяў для працы з інфікаванымі пры захаваньні асноўных мэдычных паслуг для хранічна хворых, псыхічна хворых і цяжарных. Згадваецца і тое, што WHO адзначыла перапрафіляваньне прамысловасьці на вытворчасьць сродкаў засьцярогі для мэдыкаў.
«Місія WHO мяркуе, што з пачаткам папуляцыйнай перадачы каранавірусу ў Беларусі мае вялікае значэньне дапоўніць гэтыя захады мерамі фізычнага дыстанцыяваньня», — піша БелТА, не ўдакладняючы, якімі менавіта захадамі.
Заклікі да празрыстага і рэгулярнага інфармаваньня і сацыяльнай абароны ў тэксьце згадваюцца.
Падобным чынам пра рэкамэндацыі WHO паведамляе і дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1»: у навінах і перадачы «Панарама» (ад сярэдзіны 30-й хвіліны) згадваецца перапрафіляваньне вытворчасьці, карантын пацыентаў, працяг мэдычных паслуг, рэкамэндацыі аб фізычным дыстанцыянаваньні і інфармаваньні насельніцтва.
Але ў чым палягае фізычнае дыстанцыянаваньне, на БТ ня згадваецца. Ды на кадрах, дзе паказваюць англамоўны тэкст рэкамэндацыяў, радкі пра масавыя мерапрыемствы і дыстанцыйную адукацыю відаць цягам некалькіх сэкундаў.
Знайсьці дзяржаўныя выданьні, якія б паведамілі пра ўсе рэкамэндацыі аб фізычным дыстанцыянаваньні, не ўдалося.
Так ужо было
Пасьля прэс-канфэрэнцыі місіі WHO 11 красавіка дзяржаўная тэлевізія таксама паказала ня ўсё, што там казалі пра Беларусь: напрыклад, не згадалі пра рэкамэндацыі адносна масавых мерапрыемстваў і распаўсюду інфармацыі.
Што казаў Лукашэнка, але не публікавала WHO
Аляксандар Лукашэнка 21 красавіка наведаў бабруйскае прадпрыемства «Славянка». Там ён выказаў сваё стаўленьне да рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя/
«Яны да нас любові ня маюць, — заявіў Лукашэнка пра WHO. — Гэта міжнародная арганізацыя, у якой дастаткова заўсёды палітыкі. Яны прайшліся ўсюды, пайшлі нават у палаты, чаго я не чакаў. Яны нам шмат раілі, аж да карантыну, магчыма, камэнданцкі час. Як спэцыялісты яны кажуць: улада ня хлусіць. Усё як ёсьць, так і кажуць».
Пры тым WHO ня раіла (прынамсі, публічна) уводзіць у Беларусі камэнданцкі час або поўную ізаляцыю грамадзянаў — толькі ўзмацніць сацыяльнае дыстанцыянаваньне, скараціць неабавязковыя кантакты, перавесьці адукацыю на дыстанцыйны рэжым, а таксама ладзіць празрыстую і зразумелую камунікацыю з насельніцтвам.
Што яшчэ сказаў Лукашэнка ў той дзень:
- «Нам вельмі моцна падставіць плячо Эўропа, асабліва міжнародныя банкі і фонды», а грошы ад іх пойдуць на «мадэрнізацыю сыстэмы аховы здароўя».
- «Цяпер гэты каранавірус стаў палітыкай. Усе глядзяць, за што б укусіць Лукашэнку, Беларусь».
- «Зь мяне ў сьвеце ўсё жартуюць, асабліва ў Расеі, вось Лукашэнка кажа, што ў Беларусі ад каранавірусу ніхто не памёр», і нават у Магілёўскай вобласьці, заявіў Лукашэнка, ад гэтага вірусу нібыта ніхто не памёр.
- «Нельга дзецям гэтыя маскі надзяваць, асабліва ў школе», а патрабаваньні насіць у школах маскі, выкарыстоўваць антысэптыкі і рассаджваць дзяцей далей — «глупства», «ашуканства» і «паказуха».
- «Апазыцыянэры пачалі папісваць: вось, Лукашэнка там „адказнасьць пераклаў“ на бацькоў. Слухайце, ну дзікунства поўнае. Я, напэўна, залішне бяру на сябе адказнасьць».
- «Мы практычна, калі меркаваць па Магілёўшчыне, насыцілі маскамі рынак. Ужо няма той вастрыні», і цяпер час прадаваць маскі за мяжу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.