Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя 22 красавіка ладзілі чарговы брыфінг пра «найбольш актуальныя тэмы і пытаньні аб COVID-19», яго трансьлявалі ўжывую на Youtube.
На брыфінгу прысутнічаюць галоўны пазаштатны дыетоляг міністэрства Кацярына Пратасава, намесьніца аддзелу гігіены і эпідэміялёгіі Іна Карабан, галоўны пазаштатны інфэкцыяніст Міністэрства аховы здароўя Ігар Карпаў і прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава. Карабан і Пратасава ў час брыфінгу былі ў масках на твары, Карпаў надзеў маску пасьля таго, як адказаў на пытаньні сваёй тэматыкі.
Тэсты на антыцелы
Да канца красавіка, расказала Іна Карабан, у Беларусь паступяць тэсты на антыцелы да каранавіруснай інфэкцыі, будзе праведзена іх ацэнка і тэставаньне. Пасьля прымуць рашэньне пра іх допуск ці нядопуск да выкарыстаньня. Таксама толькі пазьней вырашаць, будуць тэсты прапаноўвацца платна ці толькі бясплатна.
Гэтыя тэсты не дазволяць выявіць COVID-19 на раньнім этапе хваробы, але дазволяць на позьнім, а таксама пакажуць, ці чалавек ужо перахварэў. Але ўжо выкарыстоўваюцца іншыя тэсты, якія не паказваюць, ці чалавек перахварэў, але паказваюць, ці ёсьць вірус у арганізме.
Ігар Карпаў адзначыў, што на выпрацоўку антыцелаў да каранавірусу амаль не ўплывае тое, ці праходзіла хвароба бессымптомна, а ўплывае больш «імунны статус».
Чым лечаць COVID-19
Лекаў і вакцынаў супраць менавіта COVID-19 і вірусу SARS-CoV-2 пакуль няма нідзе ў сьвеце. Але ёсьць шэраг лекаў, якімі здымаюць сымптомы хваробы, а таксама экспэрымэнтальныя сродкі.
Карпаў адзначыў, што надзеі, якія былі на лекі супраць ВІЧ як сродак ад каранавірусу, ня спраўдзіліся. Адзінай тэрапіі, якую прапісваюць усім, у Беларусі цяпер няма, але пры пэўных паказаньнях рэкамэндуюць хлярахін і азытраміцын.
Некаторых хворых сапраўды раяць класьці на жывот — Карпаў адзначыў, што гэта дзейны сродак, пазыцыя дае лягчэй дыхаць, «расправіць лёгкія» і насыціць кроў кіслародам. Тым, хто цяжка пераносіць хваробу, можа спатрэбіцца ляжаць на жываце да 16 гадзінаў на дзень.
Галоўны дыетоляг і «парады» Лукашэнкі
Кацярына Пратасава, у адрозьненьне ад Аляксандра Лукашэнкі, ня раіла есьці шмат тлустай ежы: хоць арганізму трэба тлушчы, «гэта ня значыць, што трэба сала намазваць маслам і есьці» — 20 грамаў масла на дзень дастаткова. У рацыён варта ўключаць тлустую рыбу і расьлінныя тлушчы (як то льняны алей). Ад фастфуду яна раіла адмовіцца.
Пра дзеяньне алькаголю супраць каранавірусу (а Лукашэнка раіў «труціць вірус гарэлкай») Пратасава не дала адназначнага адказу: разважала пра тое, што «гэта дадатковая інтаксыкацыя арганізму, зьніжэньне самакантролю», але ўрэшце заявіла, што пра ўзьдзеяньне гарэлкі ці віна на вірус «дасьледаваньні не праводзіліся».
Сусьветная арганізацыя здароўя больш катэгарычная: адназначна заяўляе, што алькаголь не бароніць ад COVID-19, а яго ўжываньне варта абмежаваць на час пандэміі.
Парушальнікаў самаізаляцыі штрафуюць, міліцыянтам рэкамэндавалі насіць маскі
Вольга Чамаданава расказала, што супрацоўнікаў міліцыі не абавязалі насіць пальчаткі і мэдычныя маскі, але рэкамэндавалі рабіць гэта, асабліва калі міліцыянт ідзе да старых людзей. Хворыя ёсьць і сярод супрацоўнікаў МУС, але колькі іх, Чамаданава не сказала.
У калёніях, сьледчых ізалятарах, ЛПП і іншых установах, у тым ліку Бабруйскай калёніі №2 і іншых, аб якіх хадзілі чуткі, хворых са «спэцкантынгенту» з каранавіруснай інфэкцыяй няма, заявіла Чамаданава.
Выпраўленых на самаізаляцыю (гэта хворыя на COVID-19 у лёгкай форме, «кантакты 1-га ўзроўню», а таксама «кантакты 2-га ўзроўню» з сымптомамі рэсьпіраторных інфэкцыяў) пэрыядычна правяраюць міліцыянты, расказала Чамаданава. За мінулы дзень праверылі 10 432 чалавекі, зь іх 530 адсутнічалі і былі знойдзеныя, а 29 не знайшлі.
Выпадкі прыцягненьня да адказнасьці за парушэньне самаізаляцыі (паводле арт. 23.34 КаАП) ужо былі неаднаразова — склалі звыш 200 адміністрацыйных пратаколаў. Найбольшы штраф, які выпісалі за гэта, складаў 45 базавых велічыняў (1215 рублёў), але максымальны дапушчальны штраф паводле адпаведнага артыкулу — 50 базавых.
21 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя апублікавала вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала да дадатковых захадаў дыстанцыяваньня, скасаваньня масавых мерапрыемстваў і пераходу на дыстанцыйную адукацыю.
У той жа дзень Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг выказваньняў пра сытуацыю з эпідэміяй каранавірусу ў Беларусі:
- «Нам вельмі моцна падставіць плячо Эўропа, асабліва міжнародныя банкі і фонды», а грошы ад іх пойдуць на «мадэрнізацыю сыстэмы аховы здароўя».
- «Цяпер гэты каранавірус стаў палітыкай. Усе глядзяць, за што б укусіць Лукашэнку, Беларусь».
- «Зь мяне ў сьвеце ўсё жартуюць, асабліва ў Расеі, вось Лукашэнка кажа, што ў Беларусі ад каранавірусу ніхто не памёр», і нават у Магілёўскай вобласьці, заявіў Лукашэнка, ад гэтага вірусу нібыта ніхто не памёр.
- «Нельга дзецям гэтыя маскі надзяваць, асабліва ў школе», а патрабаваньні насіць у школах маскі, выкарыстоўваць антысэптыкі і рассаджваць дзяцей далей — «глупства», «ашуканства» і «паказуха».
- «Апазыцыянэры пачалі папісваць: вось, Лукашэнка там „адказнасьць пераклаў“ на бацькоў. Слухайце, ну дзікунства поўнае. Я, напэўна, залішне бяру на сябе адказнасьць».
- Сусьветная арганізацыя здароўя — «гэта міжнародная арганізацыя, у якой дастаткова заўсёды палітыкі», «яны да нас любові ня маюць».
- WHO, па словах Лукашэнкі, нібыта «нам шмат раілі, аж да карантыну, магчыма, камэнданцкі час».
- «Мы практычна, калі меркаваць па Магілёўшчыне, насыцілі маскамі рынак. Ужо няма той вастрыні», і цяпер час прадаваць маскі за мяжу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.