Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 з 75. Амаль палова артыстаў капэлі імя Шырмы маюць каранавірус, аднаго шпіталізавалі


Канцэртная заля Белдзяржфілярмоніі, архіўнае фота
Канцэртная заля Белдзяржфілярмоніі, архіўнае фота

У Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлі імя Рыгора Шырмы ў 29 артыстаў з 75 выявілі каранавірус. «За кожнага чалавека вельмі перажываем», — сказаў карэспандэнту Свабоды генэральны дырэктар Белдзяржфілярмоніі Аляксандар Нікіта.

«Адзін чалавек шпіталізаваны, у іншых хвароба працякае практычна бессымптомна, — сказаў Аляксандар Нікіта. — Многія адмовіліся ад шпіталізацыі, зыходзячы са свайго стану. Дагэтуль артысты працавалі дыстанцыйна.

У прынцыпе, з 13 красавіка гэтыя артысты не знаходзяцца на тэрыторыі Белдзяржфілярмоніі, і такая сытуацыя лякальная, менавіта ў гэтым калектыве. Мы тэлефануем, цікавімся станам здароўя кожнага супрацоўніка, і гэтак сама цікавяцца лекары».

Ён паведаміў, што філярмонія знаходзіцца на вакацыях у сувязі з рэкамэндацыямі Міністэрства аховы здароўя, абмежавана таксама колькасьць канцэртаў.

«З захаваньнем 80% усяго заробку (ня блытаць з акладам) мы накіравалі нашы калектывы на дыстанцыйную працу, бо ў нас асаблівая спэцыфіка і мы павінны займацца ўвесь час, нават у адпачынку, каб ня страціць свой прафэсійны ўзровень. І, як толькі пойдзе на спад эпідэмія, мы будзем гатовыя даваць канцэрты і радаваць нашага гледача», — сказаў гендырэктар.

У філярмоніі працуе 650 чалавек, арандуюць памяшканьні таксама ансамбаль «Харошкі» і дзяржаўны ансамбаль танца. Паводле Аляксандра Нікіты, на іншыя калектывы каранавірус з капэлі не перакінуўся.

Як жа маглі заразіцца артысты?

«Гэта добрае пытаньне, бо гэты калектыў не выяжджаў на гастролі, многія сьпяваюць у іншых харах, — разважае Аляксандар Нікіта. — Магчыма, нехта ў грамадзкім транспарце заразіўся ці ў іншым месцы.

Мне сказаць складана. Калі б гэта быў філярманічны вірус, то захварэлі б усе 900 чалавек, якія знаходзяцца ў гэтым будынку. А так гэта людзі пераважна з капэлі імя Шырмы».

Ён дадаў, што шпіталізавалі артыста з запаленьнем лёгкіх, у яго выявілі каранавірус. У астатніх хвароба працякае ў лёгкай форме, няма нават насмарку, нехта страціў нюх, у некага тэмпэратура 37,1. Паводле гендырэктара, шпіталізаваны прасіў не называць яго прозьвішча, бо ня хоча, «каб на яго потым паказвалі пальцам».

«Бо нярэдкія выпадкі ў сьвеце, калі адзін чалавек захварэе і потым на яго паказваюць пальцам. Таму такую інфармацыю абнародаваць неэтычна. Яму больш за 60 гадоў, і ён супрацоўнік капэлі. За кожнага чалавека вельмі перажываем», — сказаў Аляксандар Нікіта.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG