Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіёна ў самба, прадпрымальніка Япрынцава шпіталізавалі з каранавірусам


Уладзімер Япрынцаў.
Уладзімер Япрынцаў.

Чэмпіён сьвету ў самба, сябра выканкаму Міжнароднай фэдэрацыі самба Ўладзімер Япрынцаў заразіўся каранавірусам.

У эфіры Youtube-каналу SAMBOFIAS былы спартовец расказаў, што шпіталізаваны з двухбаковым запаленьнем лёгкіх і праходзіць лячэньне ў інтэнсіўнай тэрапіі.

«Цяпер няпросты час, многія знаходзяцца ў самаізаляцыі, каб не заразіць сваіх блізкіх. Мне таксама, можна сказаць, „пашанцавала“: я апынуўся ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі з двухбаковым запаленьнем лёгкіх і каранавірусам», — прызнаўся ён, запэўніўшы, што пік хваробы пройдзены.

Паводле былога адзінаборца, лекары ўжо дазволілі яму займацца невялікімі фізычнымі практыкаваньнямі. Цяпер ён бярэ ўдзел у онлайн-эстафэце On A Wave Stay Live. Яе сутнасьць у тым, што вядомыя спартоўцы віртуальна трэнуюць усіх ахвотных, перадаючы такім чынам эстафэту здароўя і ўзаемападтрымкі.

Уладзімеру Япрынцаву 58 гадоў. Ён шматразовы чэмпіён сьвету, Эўропы і СССР, віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскай асацыяцыі самба, віцэ-старшыня Беларускай фэдэрацыі самба і Беларускай фэдэрацыі дзюдо.

Таксама вядомы як прадпрымальнік, у розныя гады ўваходзіў у лік самых багатых людзей краіны. Доўгі час працаваў разам зь іншым вядомым бізнэсоўцам Юрыем Чыжом, але потым іх шляхі разышліся, былыя паплечнікі высьвятлялі адносіны ў судзе. Япрынцаў нейкі час правёў за кратамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG