Сёньня — першая гадавіна абраньня прэзыдэнтам Украіны Ўладзіміра Зяленскага. Як зьмянілася стаўленьне да яго ўкраінцаў за гэты год, якія яго посьпехі і якія правалы адзначае грамадзкая думка, чым стаўленьне да яго адрозьніваецца ад стаўленьня да яго папярэднікаў?
З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Ўладзіміра Паніёты — кіраўніка аднаго з самых уплывовых і аўтарытэтных украінскіх сацыялягічных цэнтраў — Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі (КМІС).
— Як за год прэзыдэнцтва Уладзіміра Зяленскага зьмяняўся яго рэйтынг? Які ён цяпер?
— Трэба падзяляць электаральны рэйтынг і падтрымку, ацэнку дзейнасьці. Падтрымка Зяленскага зьніжаецца. Калі мы пыталіся пра падтрымку, пра давер, то на пачатку яго падтрымлівалі, давяралі, станоўча ставіліся да яго 75%. А адмоўна ставіліся да яго — 7-10%. А цяпер яго падтрымка, станоўчае стаўленьне да яго, узровень даверу складаюць 50%. Адпаведна адмоўнае стаўленьне павялічылася да 20%.
А вось электаральны рэйтынг вырас у параўнаньні зь першым турам прэзыдэнцкіх выбараў у 2019 годзе. Гэта ў адказах на пытаньне, дзе мы прапаноўваем апытаным той жа сьпіс палітыкаў, якія ўдзельнічалі ў леташніх выбарах.
Летась у першым туры ён атрымаў 30%, а цяпер за яго гатовыя галасаваць 45%. Электаральны выбар — гэта ацэнка суадносная, ацэнка ў параўнаньні зь іншымі. Гатоўнасьць галасаваць за іншых ці не зьмянілася ці нават зьнізілася. Так што парадаксальны вынік: давер зьнізіўся, а электаральны рэйтынг вырас.
— Падзеньне даверу з 75% да 50% было манатонным, без ваганьняў?
— Да верасьня мінулага году ён практычна нічога не губляў. У яго не было сваёй Вярхоўнай Рады. Было зразумела, што ён ня мог нічога зрабіць з Вярхоўнай Радай папярэдняга скліканьня. Таму падзеньне пачалося пасьля парлямэнцкіх выбараў. Дынаміка была такая: верасень — 75%, кастрычнік — 67%, лістапад — 65% і г.д. Апошнія нашыя апытаньні — гэта тэлефонныя апытаньні. Гэта дае крыху горшы вынік, чым апытаньне вочы ў вочы. Ва Ўкраіне 6% насельніцтва ня маюць мабільных тэлефонаў. Але ў сувязі з каранавірусам мы цалкам перайшлі на тэлефонныя апытаньні.
— Як грамадзтва ацэньвае дзейнасьць прэзыдэнта па барацьбе з пандэміяй каранавірусу? Ва Ўкраіне праводзіцца палітыка даволі жорсткага карантыну. У гэтым моцны кантраст з суседняй Беларусьсю, дзе Лукашэнка называе пандэмію «псыхозам». Дзеяньні ўладаў Украіны, дынаміка захворваньня і сьмерцяў ад яго неяк уплываюць на тое, як людзі ацэньваюць прэзыдэнта?
— Тут ёсьць таксама пэўныя парадоксы. Пакуль Украіна даволі пасьпяхова спраўляецца з каранавірусам, хаця сьвяты спараджаюць пэўныя перасьцярогі. Нягледзячы на ўсю тлумачальную працу, на Вялікдзень у храмы, паводле дадзеных МУС, прыйшло 130 тысячаў чалавек. Звычайна прыходзяць у цэрквы на Вялікдзень мільёны.
Цяпер хворых ва Ўкраіне каля 6 тысячаў і іх колькасьць расьце даволі павольна. Ва Ўкраіне праз 2 тыдні пасьля таго, як у нас было 200 хворых, іх стала 2000, а ў Гішпаніі праз два тыдні пасьля 200 хворых іх стала 14 тысячаў. Тэмп у 7 разоў вышэйшы.
Мы задавалі пытаньне рэспандэнтам, як яны ацэньваюць меры, якія прымаюць супраць пандэміі ўкраінскія ўлады. 85% лічаць гэтыя меры адэкватнымі ці нават занадта мяккімі. І толькі 15% іх не ўхваляюць. Але калі мы пытаемся, як спраўляюцца з пандэміяй улады (прэзыдэнт, урад, парлямэнт, праваахоўныя органы), пасьпяховымі іх дзеяньні лічаць 40% і столькі ж лічаць іх няўдалымі.
Цікава, што Зяленскага ацэньваюць лепш, чым ягоную каманду і ўладу ў цэлым. Тут ёсьць эфэкт «цара» і яго атачэньня. «Цара» пакуль менш крытыкуюць. Да яго вельмі крытычна ставіцца тая частка грамадзтва, якая галасавала за Парашэнку, больш патрыятычная частка грамадзтва. І больш адукаваная таксама. Зяленскага вельмі моцна крытыкуе ўкраінскі Фэйсбук. Таму часам складваецца ўражаньне, што ў яго моцна падае рэйтынг, падтрымка. Але рэальна гэтага не адбываецца.
— Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2019 году КМІС рабіў дасьледаваньне, зь якога вынікала, што па трох тэмах ва Ўкраіне назіраецца кансэнсус, на іх прыкладна аднолькава глядзяць на Захадзе і Ўсходзе краіны — мір у Данбасе, эканамічнае становішча (асабліва камунальныя тарыфы), барацьба з карупцыяй. Кажучы савецкай мовай, гэта быў своеасаблівы «наказ» новаму прэзыдэнту. Праз год — як грамадзкая думка Ўкраіны ацэньвае вынікі выкананьня гэтага «наказу»?
— Мы задавалі пытаньне, што людзі лічаць найбольшымі дасягненьнямі Зяленскага. І рэспандэнты галоўным дасягненьнем лічылі вызваленьне вязьняў з расейскага і сэпаратысцкага палону. 20% лічылі, што ў яго не было ніякіх дасягненьняў, 50% назвалі вызваленьне вязьняў. І значна менш — па 8-10% — назвалі аднаўленьне перамоваў у «нармандзкім» фармаце і радыкальнае абнаўленьне ўсіх органаў улады.
Калі казаць пра тыя тры праблемы, пра якія вы прыгадалі, то на думку 70% улада зь іх рашэньнем ня справілася, а 10-15% лічаць, што справілася. Так што калі казаць пра «наказ», то ён фактычна ня быў выкананы. Цікава адзначыць, што праблема карупцыі ў найвышэйшым эшалёне ўлады неяк сышла са сьпісу самых вострых праблемаў, якія адзначае грамадзкая думка.
У свой час, на мой погляд, несправядліва крытыкавалі Парашэнку. Некалькі гадоў сытуацыя ў краіне паляпшалася, а людзі ў сувязі з працай СМІ лічылі, што яна пагаршаецца.
Тое самае адбываецца і цяпер адносна Зяленскага. Працуюць тры парашэнкаўскія тэлеканалы і тры прарасейскія тэлеканалы Медведчука. І яны ўсе Зяленскага моцна крытыкуюць. Але тэма карупцыі сышла. Яна фактычна вярнулася толькі пару тыдняў таму ў сувязі са справай, якая тычыцца кіраўніка офісу прэзыдэнта Андрэя Ермака. Хаця ў апытаньнях людзі кажуць, што карупцыя не была пераможаная. Ніхто з ранейшых карупцыянэраў ня быў пакараны, ня быў пасаджаны.
— А што грамадзкая думка лічыць праваламі, памылкамі Зяленскага?
— Большасьць не падтрымлівае прыняты закон аб рынку зямлі. Супраць гэтага шмат гадоў выступалі асноўныя палітычныя сілы. Падчас дэбатаў вакол гэтага закону былі моцныя клішэ, маўляў, распрададуць украінскую зямлю. Насамрэч адсутнасьць легальнага рынку зямлі не перашкаджала асобным людзям фактычна валодаць тысячамі гектараў зямлі. Гэта адно зь дзеяньняў Зяленскага, якое зьнізіла давер да яго.
І другі момант — гэта спробы, дакладней, размовы пра спробу правесьці выбары ў сэпаратысцкіх рэгіёнах. Значная частка насельніцтва разглядае гэта, як здачу Ўкраіны.
Да гэтай праблемы супярэчлівае стаўленьне. Частка хацела б, каб там быў усталяваны мір і каб Данбас вярнуўся. Але шмат людзей лічаць, што пакуль гэтага ня варта рабіць, бо гэта ня дасьць магчымасьць усталяваць Украіну як незалежную і працьвітаючую дзяржаву. Гэтыя людзі мяркуюць, што пасьля таго, як Данбас разрабавалі, пасьля таго, як насельніцтва там шмат гадоў настройвалі супраць Украіны, гэта будзе невыносны цяжар для Ўкраіны.
Хаця частка насельніцтва за мір любой цаной. Так што гэта таксама болевая кропка.
— Ці падобная дынаміка рэйтынгу Зяленскі на дынаміку рэйтынгаў яго папярэднікаў за першы год кіраваньня?
— Дынаміка рэйтынгу Зяленскага ўнікальная. У яго за першы год адбылося найменшае падзеньне рэйтынгу ў параўнаньні з усімі ягонымі папярэднікамі. Звычайна прэзыдэнты пачыналі з балянсу станоўчых і адмоўных ацэнак на ўзроўні 40% на карысьць станоўчых. А напрыканцы іх пэрыяду кіраваньня балянс ацэнак быў адмоўны ад −40% да −60%. Горшы за ўсіх гэты балянс пры сыходзе быў у Януковіча. У Зяленскага цяпер 50% падтрымкі і даверу. Гэта ўнікальная зьява, такую высокую падтрымку праз год кіраваньня ня меў ніводзін ягоны папярэднік.