Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік францускага МЗС: «Эўразьвяз нікому не дазволіць уварвацца ў Грэнляндыю»


Каляж: міністар замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро (зьлева), абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Каляж: міністар замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро (зьлева), абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Міністар замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро заявіў, што Эўразьвяз не дапусьціць уварваньня ў свае межы іншых краін, хто б гэта ні быў.

Так палітык пракамэнтаваў на просьбу журналіста адмову абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа выключыць ужываньне сілы пры вырашэньні пытаньня з пакупкай Грэнляндыі.

Трамп некалькі разоў заяўляў пра жаданьне набыць Грэнляндыю ў Даніі, назваўшы яе «абсалютна неабходнай» для амэрыканскай бясьпекі. Данія адмаўляе магчымасьць угоды. На прэс-канфэрэнцыі 7 студзеня ў абранага прэзыдэнта ЗША спыталі, ці выключае ён ужываньне эканамічнага ці вайсковага прымусу для вырашэньня гэтага пытаньня. Ён адмовіўся пацьвердзіць, што гэта немагчыма.

Баро камэнтаваў словы Трампа для францускага радыё. «Грэнляндыя — аўтаномія Даніі і зьяўляецца тэрыторыяй ЭЗ. Не можа быць гутаркі пра тое, каб ЭЗ дазволіў якой-небудзь іншай краіне ў сьвеце атакаваць свае сувэрэнныя межы», — цытуе словы Баро AFP.

Францускі міністар дадаў, што ня лічыць, што ЗША насамрэч будуць урывацца на востраў. «Калі вы пытаецеся ў мяне, ці думаю я, што Злучаныя Штаты ўварвацца ў Грэнляндыю, мой адказ — не. Але ці ўступілі мы ў пэрыяд, калі выжывае наймацнейшы? Мой адказ — так», — сказаў Баро.

Прэсавая сакратарка францускага ўраду Сафі Прымас сказала журналістам пасьля ўрадавага паседжаньня, што заявы Трампа былі «формай імпэрыялізму». Яна дадала, што эўрапейцам варта пазбаўляцца наіўнасьці і ўзбройвацца.

Прэсавы сакратар нямецкага ўраду Штэфэн Гэбэштрайт на прэсавай канфэрэнцыі адмовіўся адказваць пытаньне, ці ўспрымае Бэрлін усур’ёз пагрозы Трампа саюзьнікам па NATO Даніі і Канадзе. Гэбэштрайт сказаў толькі, што нямецкі ўрад прыняў гэтыя заявы «да ведама».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG