Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацеў бліцкрыгам вырашыць усе праблемы», — украінскі палітоляг пра першы год прэзыдэнцтва Зяленскага


Уладзімір Зяленскі ў Вярхоўнай Радзе, 31-га сакавіка
Уладзімір Зяленскі ў Вярхоўнай Радзе, 31-га сакавіка

Украінскі палітоляг Уладзімір Фясенка называе галоўныя вынікі першага году на пасадзе прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, заяўляе, што Зяленскі — гэта палітычная анамалія і грандыёзны экспэрымэнт, і тлумачыць, чаму ён адчувае аптымізм наконт беларуска-ўкраінскіх адносінаў.

Сьцісла:

  • Грандыёзная перазагрузка палітычных эліт — гэта, магчыма, самы галоўны палітычны вынік першага году прэзыдэнцтва Зяленскага.
  • Не апраўдаліся міты, зьвязаныя зь Зяленскім. Ён ня стаў слугой Каламойскага, напрыклад.
  • Зь першых дзён прэзыдэнцтва Зяленскага празаходні курс Украіны быў публічна пацьверджаны — заявамі і канкрэтнымі дзеяньнямі.
  • Зяленскі — міратворца, амаль пацыфіст паводле свайго сьветапогляду, ён шчыра хоча міру.

— Нярэдка для ўкраінскіх прэзыдэнтаў першыя гады на пасадзе былі даволі складаныя, і, калі не памыляюся, часьцей правальныя, чым удалыя. Як можна ацаніць першы год прэзыдэнцтва Ўладзіміра Зяленскага? Чаго было больш — правалаў ці посьпехаў?

— Вы слушна ўзгадалі, што першыя гады для ўкраінскіх прэзыдэнтаў часта былі няпростымі. Магу сказаць дакладна (бо акурат цяпер пішу тэкст на гэтую тэму), што для ўсіх украінскіх прэзыдэнтаў, акрамя Януковіча, першы год прэзыдэнцтва быў вельмі праблемны. І вы памятаеце, чым скончылася прэзыдэнцтва Януковіча? Значыць, беспраблемны пачатак не гарантуе пасьпяховага прэзыдэнцтва.

Што да Зяленскага. Гэта ня проста незвычайны для Ўкраіны прэзыдэнт. Ён нават для ўсяго сьвету дастаткова незвычайны. Але для ўкраінскай палітычнай сыстэмы гэта грандыёзны экспэрымэнт. Упершыню ў нашай гісторыі да ўлады прыйшоў чалавек, які да гэтага ніколі не займаўся палітыкай і ня меў досьведу дзяржаўнага кіраваньня.

Уладзімір Фясенка
Уладзімір Фясенка

Адзін з самых галоўных вынікаў ягонага першага году на пасадзе — да ўлады дзякуючы Зяленскаму прыйшлі новыя маладыя палітыкі, адбылася кардынальная перазагрузка палітычнай эліты. На 80 працэнтаў абнавіўся парлямэнт, на 90 працэнтаў — урад, цяпер ужо мы маем другі ўрад. Грандыёзная перазагрузка палітычных элітаў — гэта, магчыма, самы галоўны палітычны вынік першага году прэзыдэнцтва Зяленскага.

Але вынік вельмі неадназначны, у тым сэнсе, што і сам Зяленскі, і выбарнікі прыйшлі да высновы, што мала проста прывесьці да ўлады новых людзей. Трэба яшчэ быць больш эфэктыўным, адказным, шчырым, не карумпаваным.

Год неадназначны і па другой ягонай місіі. Зяленскі хацеў бліцкрыгам, мэтадам кавалерыйскай атакі як мага хутчэй і радыкальней вырашыць усе сыстэмныя праблемы ўкраінскай палітыкі. Пачатак быў бурны, рашэньні прымаліся вельмі хутка. Але ў выніку аказалася, што кавалерыйскай атакай гэтыя праблемы вырашыць немагчыма. Таму — прасоўваньне наперад ёсьць, але кардынальнага якаснага выніку за год дасягнуць не ўдалося.

— Людзі, якія больш-менш сочаць за ўкраінскай палітыкай, ня могуць не заўважыць гістарычную заканамернасьць — любы ўкраінскі прэзыдэнт, які б ён ні атрымаў працэнт падчас выбараў (нагадаю нашым чытачам, што Парашэнка наогул выйграў у першым туры, гэта значыць атрымаў лепшы вынік, чым нават Зяленскі) — праз год-два бачыць, як падае ягоны рэйтынг. Ці спрацавала гэтая заканамернасьць зь Зяленскім?

— Ва ўсіх без выключэньня ўкраінскіх прэзыдэнтаў рэйтынг падаў ужо ў першы год кіраваньня. Першы пэрыяд, так званы «мядовы месяц» (гэта, як правіла, ад трох да пяці месяцаў), — самыя высокія рэйтынгі. Потым пачынаецца непазьбежнае эмацыйнае астуджэньне, і да канца першага году адбываецца прыкметнае зьніжэньне рэйтынгаў.

У чым незвычайнасьць Зяленскага? Па-першае, у яго былі самыя высокія рэйтынгі за ўсю гісторыю незалежнай Украіны. У канцы жніўня яму давяралі больш за 70 працэнтаў, паводле некаторых дадзеных — нават 79 працэнтаў. Такога не было ні ў кога з украінскіх прэзыдэнтаў. Гэта, канечне, анамалія, і, я думаю, найбліжэйшым часам такога не паўторыцца.

Цяпер яго падтрымлівае ад 44 да 50 працэнтаў выбарнікаў. У параўнаньні зь іншымі прэзыдэнтамі гэта ўсё яшчэ лепшыя лічбы, але зьніжэньне ўжо заўважнае.

— Каго ён страціў, якія групы выбарнікаў? Ці сталі яму бліжэйшымі апанэнты, тыя самыя славутыя 25 працэнтаў, якія ў другім туры галасавалі супраць яго? І хто зь ягоных прыхільнікаў аддаліўся, зразумеўшы, што «цуду не адбылося»?

— Цуду сапраўды не адбылося, але катастрофы таксама. Каго Зяленскі страціў і каго знайшоў? Асаблівасьць Зяленскага — гэта ярка выражаная цэнтрысцкая пазыцыя. Каб ня гэта — у нас былі б два полюсы, якія б разрывалі краіну напалову. Адзін полюс — гэта прыхільнікі Майдану, ваяўнічыя патрыёты, на другім — прарасейскія сілы. Зяленскі ўраўнаважвае гэтыя два полюсы і тым самым захоўвае пэўную стабільнасьць у краіне.

У цэнтрызьме Зяленскага — ягоныя перавагі, але і ягоныя патэнцыйныя праблемы. Бо ў яго вельмі разнародны электарат. Такая ж сытуацыя і ў ягонай палітычнай сіле. Таму па меры зьніжэньня рэйтынгу Зяленскага, як гэта ні парадаксальна, няма нейкіх скачкоў і дадаткаў у іншых палітычных сілаў. Асноўная маса сярод тых, хто расчараваўся ў Зяленскім — тыя, хто ня вызначыўся, яны не пераходзяць да іншых палітычных сілаў.

Ён страціў тых, хто чакаў цуду, тых, хто чакаў рэзкай ідэалягічнай пазыцыі. А тых, хто эмацыйна арыентаваны на Зяленскага, хто давярае яму, падтрымлівае ягоную цэнтрысцкую пазыцыю — гэтыя людзі пакуль зь ім засталіся.

— Ці ёсьць пытаньні, у якіх Зяленскі радыкальна разьвярнуўся ў іншы бок? Бо зразумела, што адна справа — папулісцкі кандыдат, і зусім іншая — прэзыдэнт, які мае свае абмежаваньні і ўмовы?

— Я б не сказаў, што яму давялося ў нечым разьвярнуцца. Хутчэй наадварот — не апраўдаліся міты, якія былі зьвязаныя зь Зяленскім. Напрыклад, ён ня стаў слугой Каламойскага, гэтага не адбылося. Ён не працуе на аплядысмэнты — хоць гэта быў вельмі папулярны стэрэатып. Ён першы сярод украінскіх прэзыдэнтаў дазволіў прадаваць зямлю замежнікам.

— Адносіны з Расеяй. Магчыма, гэта тая сфэра, дзе Зяленскі зазнаў найбольшыя расчараваньні. За год, калі я не памыляюся, гэтыя адносіны ніяк не зьмяніліся і не палепшыліся, ніякіх прарываў там не было.

— Зяленскі і не абяцаў ніякага прарыву. Ён абяцаў (і шчыра да гэтага імкнецца) урэгуляваньне канфлікту на Данбасе. Ён міратворца, амаль пацыфіст паводле свайго сьветапогляду, ён шчыра хоча міру. Але абяцаньняў і намераў зьмяніць палітыку адносна Расеі ў яго не было.

Гэта быў адзін са стэрэатыпаў, якія яму прыпісвалі — што ён фігура рэваншу. Нічога такога не адбылося, празаходні курс украінскай палітыкі захаваўся. У яго няма ярка выражанай агрэсіўнай русафобіі, ён гатовы дамаўляцца з Пуціным, з Расеяй. Але кардынальна мяняць адносіны з Расеяй ён не гатовы з адной простай прычыны — да гэтага не гатовае ўкраінскае грамадзтва. Пасьля анэксіі Крыму і вайны на Данбасе вярнуцца да ранейшых адносінаў немагчыма. А вось зьняць напружаньне тэарэтычна магчыма, але пакуль не атрымліваецца. Але тут справа не ў Зяленскім, а хутчэй у Пуціну.

— У сэрыяле «Слуга народу», дзе Зяленскі граў прэзыдэнта, ён адмаўляецца ад усіх міжнародных крэдытораў. У рэальнасьці Ўкраіна цяпер чарговы раз просіць дапамогі, крэдытаў у МВФ. Вядома, прэзыдэнт Зяленскі не адказвае за свайго пэрсанажа, але як ва Ўкраіне ацэньваюць гэтую іронію лёсу? Як выглядаюць адносіны з Захадам пры прэзыдэнту Зяленскім?

— Празаходні курс украінскай замежнай палітыкі ніяк не памяняўся. Адбыліся невялікія тактычныя зьмены, заўважныя толькі адмыслоўцам. Больш стала нефармальных дзеяньняў, неафіцыйнай дыпляматыі. Зь першых дзён прэзыдэнцтва Зяленскага празаходні курс Украіны быў публічна пацьверджаны — заявамі і потым канкрэтнымі дзеяньнямі.

Што тычыцца МВФ, то Зяленскі зноў аказаўся прагматыкам. Ва ўмовах пагрозы дэфолту і эканамічнага крызісу гэта адзіная крыніца крэдытаў, фінансавай дапамогі — грэх ад яе адмаўляцца.

— У Аляксандра Лукашэнкі былі цудоўныя адносіны з папярэднім кіраўніком Украіны — Пятром Парашэнкам. Але і зь Зяленскім яны складаюцца даволі някепска. Ці азначае гэта, што беларуска-ўкраінскія адносіны ўжо дасягнулі таго стратэгічнага ўзроўню, калі яны асабліва не мяняюцца пасьля зьмены прозьвішча прэзыдэнта?

— Галоўную ролю грае аб’ектыўная патрэба дзьвюх нашых краін у добрасуседзкіх адносінах. Нашы краіны вельмі розныя — палітычны лад, эканамічныя мадэлі разьвіцьця. Але заўважна, што краіны зацікаўленыя ў разьвіцьці адносін. Таму прэзыдэнты (гм, ва Ўкраіне) могуць мяняцца, а адносіны працягваюць разьвівацца.

Зяленскі і Лукашэнка — людзі розных пакаленьняў, сьветапоглядаў, але яны разумеюць, што трэба працягваць супрацоўніцтва. Я добра ведаю, што калі павінен быў адбыцца ўкраінска-беларускі рэгіянальны форум, беларускі бок вельмі перажываў, ці адбудзецца ён.

— Таму што падчас украінскіх выбараў Лукашэнка ўмудрыўся двойчы заявіць, што пераможа Парашэнка, а не Зяленскі?

— Гэта ня грала вырашальнай ролі. Былі асьцярогі, што для Зяленскага гэта будзе не актуальна, што ў яго перамовы з Расеяй, унутраныя праблемы на першым пляне, а не адносіны зь Беларусьсю. Тым ня меней сустрэча адбылася, пагаварылі па душах. У кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны ёсьць разуменьне таго, што ў інтарэсах абедзьвюх дзяржаваў трэба захоўваць і разьвіваць дружалюбныя і нават партнэрскія адносіны, эканоміку. Тут я застаюся аптымістам.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG