Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замест Нямеччыны адвезьлі ў беларускі лес». Грамадзянін Індыі заявіў пра катаваньні ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паліцыя штата Хар’яна ў Індыі пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні да кампаніі, якая дапамагае індыйцам міграваць у іншыя краіны.

Нагодай стала скарга грамадзяніна Індыі Маджыда Ахмада, які хацеў трапіць у Нямеччыну, але апынуўся ў беларускіх лясах, піша The Indian Express.

Сямʼя Ахмада падала скаргу ў паліцыю ў верасьні 2024 году — пасьля таго, як яму ўдалося вярнуцца зь Беларусі. Справу, аднак, зарэгістравалі толькі 6 студзеня 2025 году пасьля таго, як бацька мужчыны заявіў, што ў Беларусі яго катавалі падпаленымі цыгарэтамі.

Па словах сямʼі, Маджыд хацеў зьехаць за мяжу. Пабачыўшы ў сацсетках рэкляму міграцыйнай фірмы Патыялы, ён разам з бацькам Сардарам Ахмадам паехаў туды 1 жніўня 2024 году. У фірме паабяцалі Маджыду адвезьці яго ў Нямеччыну маршрутам праз Расею пасьля аплаты ў прыкладна 10 тысяч даляраў ЗША.

Сям’я заплаціла каля 5 тысяч даляраў за расейскую візу, рэшту грошай у фірме сказалі аплаціць пасьля таго, як Маджыд прыбудзе ў Нямеччыну.

«12 жніўня мой сын прызямліўся ў Расеі. Мы працягвалі размаўляць з Маджыдам да 18 жніўня 2024 году. Пасьля гэтага яго тэлефон быў адключаны», — расказаў выданьню Сардар Ахмад.

Сямʼя зьвязалася з уладальнікамі фірмы 19 жніўня і атрымала запэўніваньні, што з Маджыдам усё ў парадку і яго хутка адправяць у Нямеччыну.

«29 жніўня агенты злучылі мяне з Маджыдам па тэлефоне. Маджыд папрасіў нас выплаціць астатнюю суму турагентам, заявіўшы, што ён знаходзіцца ў Нямеччыне», — распавёў бацька. Пасьля гэтага сям’я заплаціла фірме рэшту грошай.

12 верасьня 2024 году, паводле бацькі, Маджыд патэлефанаваў яму зь невядомага нумара і сказаў, што нейкія людзі з турагенцтваў павезьлі яго ў лясы Беларусі, дзе ён быў закладнікам.

«Маджыд зазнаў напад, катаваньні падпаленымі цыгарэтамі і голад. Ён расказаў нам, што раней казаў, што знаходзіцца ў Нямеччыны, з прычыны страху. Выкрадальнікі таксама забралі 700 даляраў, якія ў яго былі, і кінулі яго ў лесе. Нейкія людзі адвезьлі яго ў мясцовую бальніцу», — расказаў ягоны бацька Сардар.

Даведаўшыся пра гэта, сямʼя аформіла яму авіябілет дахаты, і Маджыд Ахмад вярнуўся ў Індыю 21 верасьня 2024 году. Ён прайшоў мэдыцынскае абсьледаваньне ў бальніцы, і сям’я Маджыда напісала заяву ў паліцыю пра махлярства з боку фірмы, а таксама зьбіцьцё і катаваньні Маджыда ў лесе.

Выданьне не паведамляе, ці спрабаваў Маджыд Ахмад перайсьці мяжу. У пэрыяд з 12 жніўня, калі Ахмад прыбыў у Расею, па 12 верасьня, калі ён ужо знаходзіўся ў шпіталі, Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі не паведамляў пра знойдзеных на мяжы грамадзян Індыі.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
  • Польшча і Эўразьвяз вінавацяць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што ён арганізавана дастаўляе мігрантаў з крызісных рэгіёнаў на вонкавую мяжу ЭЗ, каб чыніць ціск на Захад.
  • Летам 2022 году Польшча ўмацавала мяжу зь Беларусьсю з дапамогай агароджы вышынёй 5,5 мэтра і электроннай сыстэмай назіраньня.
  • Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нерэгулярных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь, таму што іх туды «паклікалі».
  • У 2024 годзе Польшча зарэгістравала рэкордную колькасьць мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю — больш за 30 тысяч спробаў за няпоўны год.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG