Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не пусьціла 300 украінцаў праз «адкрытую мяжу»


Архіўнае фота. Чэргі на памежным пераходзе Новая Гута на беларуска-ўкраінскай мяжы
Архіўнае фота. Чэргі на памежным пераходзе Новая Гута на беларуска-ўкраінскай мяжы

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны заяўляе, што цягам апошняга тыдня Беларусь адмовіла больш як 300 украінцам ва ўезьдзе на сваю тэрыторыю, нягледзячы на адсутнасьць рашэньня беларускіх уладаў аб закрыцьці сваіх межаў.

Як сьцьвярджаюць украінскія памежнікі, ва ўсіх выпадках прычынай адмовы фармальна стала «непацьверджаньне мэты паездкі».

«Мы просім грамадзян улічваць гэтую інфармацыю пры плянаваньні паездак, каб эканоміць асабісты час і грошы», — расказалі Свабодзе ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Беларускіх грамадзян на тэрыторыю Ўкраіны наагул не дапускаюць, бо ва Ўкраіне дзейнічае карантын ад каранавірусу.

Украіна з 16 сакавіка забараніла іншаземцам уяжджаць на сваю тэрыторыю, але ня ўводзіла для сваіх грамадзян абмежаваньняў на выезд за межы. Трапіць на ўкраінскую тэрыторыю могуць толькі тыя іншаземцы, якія маюць від на жыхарства ва Ўкраіне.

Уводзячы карантын, урад Украіны рэкамэндаваў украінцам устрымацца ад паездак за мяжу, каб прадухіліць пашырэньне небяспечнага каранавірусу на ўкраінскай тэрыторыі.

На мяжы зь Беларусьсю надалей функцыянуюць 10 украінскіх пунктаў пропуску: тры — у Чарнігаўскай вобласьці, па адным у Кіеўскай і Жытомірскай, два ў Ровенскай і тры ў Валынскай. Празь іх украінцы могуць вярнуцца на радзіму аўтамабільным транспартам.

Адначасова ўрад Украіны актывізаваў дапамогу ўкраінцам у вяртаньні дадому зь іншых краін. Цягам апошніх некалькіх дзён Украіна дапамагла вярнуцца тысячам сваіх грамадзянаў з Польшчы, Латвіі і шэрагу іншых краін. Па вяртаньні з-за мяжы ўкраінцы падпісваюць абавязаньні аб самаізаляцыі на 14 дзён, каб не дапусьціць пашырэньня небясьпечнага вірусу ў выпадку заражэньня ім у іншай краіне.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, ва Ўкраіне лябараторна пацьверджаныя 97 выпадкаў захворваньня на COVID-19, тры чалавекі памерлі, адзін пацыент вылекаваўся і ўжо выпісаны са шпіталя.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG