Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні танных тавараў, ні прыгожага Львова. Як беларусы пацярпелі ад закрыцьця ўкраінскай мяжы


На ўкраінскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
На ўкраінскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Украіна з мэтай карантыну «закрылася» ад беларусаў з 16 сакавіка. Гэта цягне за сабой фінансавыя страты як для асобных людзей, так і буйных прадпрыемстваў. Свабода разьбіралася, як загарода на мяжы бурыць фінансавыя і гуманітарныя масты ўкраінцаў і беларусаў.

УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Страты маюць рэгулярныя і «стыхійныя» перавозчыкі

Прадпрыемства «Гомельаблаўтратранс» ажыцьцяўляла перавозкі да Кіева, Чарнігава, у пэрыяды адпачынкаў вазіла групы беларусаў у Коблева, Адэсу і Затоку. Пакуль з «летнімі» кірункамі сытуацыя няпэўная. Але з 16 сакавіка скасавалі рэйсы з Гомля ў Кіеў, Чарнігаў, з Мазыра ў Карасьцень, з Камарына — у Славуціч.

Апошні перад закрыцьцём мяжы аўтобусны рэйс Гомель — Кіеў, 16 сакавіка
Апошні перад закрыцьцём мяжы аўтобусны рэйс Гомель — Кіеў, 16 сакавіка

Шматлікія гомельскія фірмы прапаноўвалі штодзённыя шоп-туры ў Чарнігаў. За 25 рублёў можна было ранкам выехаць у Чарнігаў, наведаць рынкі і аптовыя базы, набыць неабходныя рэчы (адзеньне, абутак, таньнейшыя ва Ўкраіне) і вечарам вярнуцца дахаты. Цяпер «стыхійныя» перавозчыкі часова бяз працы.

Папулярнасьцю ў жыхароў Гомля карысталіся аквапарк у Кіеве і экскурсіі па Львове. Пакуль пра іх давядзецца забыць.

«Адкрыюць межы, калі людзям ня будзе чаго есьці!»

На гомельскіх рынках у пашане пакупнікоў за сваю таннасьць прадукты з Украіны: грэцкія арэхі, прыправы, насеньне, распушчальная кава, гарбата, вэнджаны каўбасны сыр. На рынку «Цэнтральны» і сёньня прадаюць украінскія тавары.

Пункт продажу з украінскімі таварамі на рынку «Цэнтральны»
Пункт продажу з украінскімі таварамі на рынку «Цэнтральны»

«Гэта старыя запасы. Прадамо — і ўсё. Што далей будзе, невядома. Думаю, што межы нядоўга будуць закрытыя. Можа, два тыдні. Потым, як людзям ня будзе чаго есьці і пачнуць бунтаваць, дык хутка вернуць назад», — разважае гандлярка Тацьцяна.

Яна не прызнаецца, як менавіта ўкраінскія тавары буйнымі партыямі трапляюць на гомельскія прылаўкі, калі існуе абмежаваньне правозу на мытні да 20-25 кіляграмаў.

Ля гомельскага вакзалу ўкраінскімі таварамі гандлююць «з асфальту». 19 сакавіка таксама на кожным рагу стаялі «бабулькі», якія прапаноўвалі пакупнікам чорны перац, распушчальную каву, вэнджаны сыр, насеньне і каўбасу ўкраінскага паходжаньня. На пытаньне пра закрытую мяжу бабкі адказваюць: «Ну неяк жа прывозяць нам тавар».

Стыхійны гандаль украінскімі прадуктамі на вуліцах Гомля
Стыхійны гандаль украінскімі прадуктамі на вуліцах Гомля

Закрытая мяжа з Украінай прынясе маральныя і матэрыяльныя страты жыхарам памежжа. Жыхары беларускага Камарына не ўспрымаюць Чарнігаў як замежжа: там у іх сваякі, «свае» дактары, зноў жа — танныя прадукты. Да Гомля жыхарам Камарына ехаць 160 кілямэтраў, да Чарнігава — 60.

Беларусы набывалі ў Кіеве і Чарнігаве лекі — там яны таньнейшыя. Яшчэ адзін плюс: ва Ўкраіне многія лекі, «рэцэптурныя» ў Беларусі, можна было набыць без рэцэпту. Гэта абязбольвальныя сродкі, антыбіётыкі, эўтырокс, неабходны людзям з паталёгіямі шчытападобнай залозы.

«Рыхтуем туры ў Белавескую пушчу замест Львова»

Шматлікія турыстычныя агенцтвы прапаноўвалі туры выходнага дня ў Львоў ці Кіеў, адпачынак у Карпатах. Туры нязьменна карысталіся попытам. Летам папулярным кірункам былі Коблева і Адэса.

Спусьцелы кіеўскі вакзал, 18 сакавіка
Спусьцелы кіеўскі вакзал, 18 сакавіка

«Турыстычны бізнэс пакуль скончыўся. Два тыдні ніхто не прыходзіў з наведнікаў. У студзені і лютым мы прадавалі пуцёўкі на Коблева. Цяпер ніякай пэўнасьці — ні з травеньскім Львовам, ні зь летнім Коблевам. З канца сакавіка я буду вымушаны пераводзіць сваіх мэнэджараў на 0,25 стаўкі. Бо ў сакавіку мы займаемся толькі вяртаньнем грошай. Прыбытку няма ніякага», — кажа заснавальнік турыстычнага агенцтва «Славія-Тур» Генадзь Кустаў.

Кампанія мае праблемы ня толькі з украінскім кірункам — праз агенцтва турысты паехалі ў Кубу, адпачылі там, але вяртаньне іх пад пытаньнем, бо Масква таксама закрыла межы.

Муніцыпальныя работнікі дэзынфэкуюць аўтобусны прыпынак у Львове, 17 сакавіка
Муніцыпальныя работнікі дэзынфэкуюць аўтобусны прыпынак у Львове, 17 сакавіка

«Ім прапаноўваюць ляцець не да Масквы, як было ў нас заплянавана, а да Франкфурту, потым у Турэччыну, пасьля — у Беларусь. Гэта шалёныя грошы! Цяпер вядзём перамовы наконт гэтага», — дадае заснавальнік агенцтва.

Попытам карысталіся і экскурсіі ў расейскі Пецярбург. Цяпер і туды ня трапіць. Ён спадзяецца, што з часам нешта зьменіцца, зварухнецца: «Хочацца ў гэта верыць».

Генадзь Кустаў цяпер спрабуе арганізаваць маршрут па Беларусі. У турыстычнага агенцтва маладыя кліенты, таму ёсьць пляны арганізаваць вячэрні шпацыр па Берасьці, катаньне на роварах па Белавескай пушчы, дыскатэку і шашлыкі на аграсядзібе.

Зубры ў Белавескай пушчы
Зубры ў Белавескай пушчы

На паўзе — праваабарончая і гуманітарная місія на Данбасе

Праваабаронца Андрэй Стрыжак удзельнічае ў працы міжнароднай арганізацыі TruthHounds, якая займаецца маніторынгам і дакумэнталізацыяй парушэньняў правоў чалавека і ваеннымі злачынствамі на Данбасе. На другую палову сакавіка ў яго была заплянаваная чарговая місія на Данбас. Яе давялося скасаваць зь дзьвюх прычынаў.

«Першае — я фізычна не магу трапіць ва Ўкраіну, бо яна закрытая для замежных грамадзян. Па-другое, унутры самой Украіны прынятыя карантынныя меры, якія абмяжоўваць перамяшчэньне людзей. Ня здолеюць паехаць і самі ўкраінцы. Мы ня можам цяпер дакумэнтаваць тое, што цяпер адбываецца на Данбасе, а там ёсьць пэўныя абвастрэньні. Мы мусім фіксаваць парушэньні правоў чалавека і ваенныя злачынствы, каб перадаваць у міжнародны суд у Гаазе», — патлумачыў Андрэй Стрыжак.

Андрэй Стрыжак падчас адной з назіральных місій ва Ўкраіне
Андрэй Стрыжак падчас адной з назіральных місій ва Ўкраіне

Ён працуе на Данбасе ў складзе розных праваабарончых місій з 2017 году. Выяжджае туды 3-4 разы на год.

«Пакуль мы працуем з дакумэнтамі, з тым, што падрыхтавалі дагэтуль», — дадаў праваабаронца.

Апроч працы ў місіях, праваабаронца займаўся гуманітарнай дапамогай цывільнаму насельніцтву Данбасу і ўкраінскім мэдыкам, якія працуюць у зоне канфлікту. Цяпер гэтая праца таксама прыпынілася.

«Адзеньне, абутак, цацкі, харчы — тое, што мы зьбіралі для цывільнага насельніцтва. Спадзяюся, да лета сытуацыя стабілізуецца і мы даставім гуманітарны груз», — кажа Андрэй Стрыжак.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфарамцыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG