Беларускія транспартныя кампаніі зьвялі да мінімуму пасажырскія перавозкі ці зусім спынілі такія паслугі. Страхавыя арганізацыі цярпяць страты ад спыненьня пасажырапатоку ў Расею. Гастарбайтэры ня могуць выехаць на працу. Такая карціна першых дзён з закрытай расейскай мяжой.
Прыватныя перавозчыкі: праца ў рэжыме эвакуацыі
Першым пра скасаваньне пасажырскіх перавозак у Расею на Магілёўшчыне 17 сакавіка заявіла дзяржаўнае прадпрыемства «Магілёўаблаўтатранс». Яно адмяніла тры свае рэйсы: у Маскву, Смаленск і Рослаў. Цягам наступных сутак да дзяржаўнага перавозчыка далучыліся прыватнікі.
На сайце турыстычнага агенцтва «Какао-тур» у разьдзеле «Магілёў — Масква» паведамляецца: «у сувязі з закрыцьцём межаў для пасажырскіх зносінаў з прычыны каранавірусу рэйсы могуць не ажыцьцяўляцца». Кампанія рабіла 16 рэйсаў штодня зь Менску, Магілёва, Воршы і Бабруйска ў Маскву і Санкт-Пецярбург ды назад.
«Мы цяпер у адпачынку, што нам яшчэ застаецца», — прызнаецца прадстаўнік агенцтва. Ён кажа, што працягласьць прастою «залежыць ад разьвіцьця эпідэміі», а пакуль «супрацоўнікі зацягваюць паясы».
«На гэты момант мы не арыентуемся на афіцыйныя дакумэнты, бо пэўнасьці яны не даюць, — тлумачыць суразмоўца пэрспэктывы аднаўленьня працы. — Чым спадзе хутчэй эпідэмія, тым межы хутчэй адкрыюць. Калі зацягнецца, то, як мы сумна жартуем, вакансіі касіраў у сеткавых крамах заўжды існуюць. З заробкам 500 рублёў неяк пражывём».
У сувязі з закрыцьцём мяжы прыпыніла рэйсы ў Маскву да 15 красавіка прыватнае прадпрыемства з Магілёва «Фаварыт-Экспрэс». Яе прадстаўнік адзначыў, што перавозкі зьменшылі на 80 адсоткаў. Фірма плянуе вазіць пасажыраў у «рэжыме эвакуацыі». Іх асноўныя кліенты пасьля закрыцьця мяжы — грамадзяне Расеі і беларусы, у якіх ёсьць від на жыхарства ў Расеі.
Суразмоўца зазначае, што ў такім рэжыме арганізацыі захавае фінансавую стабільнасьць на працягу месяца, а потым калектыў пойдзе ў водпуск ці будзе шукаць іншую працу.
«Дапамогі мы ні ад кога не чакаем», — прызнаецца супрацоўнік фірмы.
Страхаўнікі: калі выяжджаў легкавы транспарт, выручка была большай
Зьбіраюцца падлічваць страты і страхавыя арганізацыі. На шашы з Мсьціслава ў Смаленск на памежным пераходзе «Каськова» стаіць павільён «Белдзяржстраху». На пляцоўцы перад ім — ніводнай машыны.
Супрацоўніца Мсьціслаўскага аддзяленьня гэтай арганізацыі кажа, што цяпер даводзіцца арыентавацца толькі на выручку ад грузавога транспарту, рух якога не перакрыты, у адрозьненьне ад легкавога. Наколькі зьменшылася выручка, суразмоўца сказаць не змагла.
«Зразумела, калі хадзіў легкавы транспарт, выручка была большай, — прызнаецца яна, — На жаль, у сувязі з каранавірусам Расея закрыла свае межы. Фізычныя асобы не выяжджаюць за мяжу з 18 сакавіка».
У прыватных страхавых арганізацыях заяўляюць, што яны працуюць у штатным рэжыме, разам з тым ня ўтойваюць: спыненьне пасажырскіх перавозак у Расею, асабліва ў Гомельскай і Віцебскай вобласьці, ужо адбіваецца на прыбытках.
Гастарбайтэр-нелегал: «У Расеі можна зарабіць 800-1000 даляраў»
Праблемы з выездам у Расею маюць і тыя, хто працуе там нелегальна. У такой сытуацыі апынуўся жыхар Крычава Аляксандар. У суседняй краіне ён працаваў праз пасярэдніка, які не парупіўся зрабіць неабходныя дакумэнты.
Аляксандар мяркуе, што наймальнік знойдзе іншага работніка, пакуль будуць дзейнічаць абмежаваньні на ўезд у Расею ў сувязі з «эпідэміяй каранавірусу». Паводле яго, нелегальна там працуе ці не палова беларусаў.
«У Расеі можна зарабіць 800-1000 даляраў. Для Крычава гэта фантастычныя грошы, — кажа ён. — Калі б ня Польшча і не Расея, то людзі ў такіх райцэнтрах, як наш, хрэн бы з сольлю елі. Добра, што ёсьць такія краіны, дзе можна беларусу зарабіць».
Аляксандар раіць тым, хто нелегальна працаўладкаваны ў Расеі, адтуль не выяжджаць, бо назад заехаць ня ўдасца.
У тых, хто мае легальны працоўны статус, праблемаў на мяжы быць не павінна.
Нямала жыхароў Магілёўшчыны паволі мяняюць прыярытэты ў працаўладкаваньні з Расеі на Польшчу. Адтуль на пабыўку наведаўся ў родны Крычаў Юры. Праблемаў зь вяртаньнем у Польшчу ён ня бачыць, бо мае працоўную візу, а са здароўем усё ў парадку.
«На мяжы ў кожнага правяраюць тэмпэратуру, — тлумачыць ён. — Калі зь ёй усё ў парадку, то пасьля запаўненьня анкеты з пазнакай месца пражываньня ў Польшчы цябе ўпускаюць у краіну».
Па словах Юрыя, пасьля два тыдні той, хто прыбыў, мае выседзіць у ізаляцыі па месцы пражываньня, і толькі тады яму дазволена выходзіць на працу. Калі парушаеш такі парадак, то штраф 500 злотых, адзначае ён.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ