Інфэкцыяністка Кацярына Гашкава працуе ў Чэхіі ў Усьці-над-Лабай у інфэкцыйным аддзяленьні мясцовага шпіталя. На мінулым тыдні Кацярына расказала Свабодзе пра сваю працу з хворымі на каранавірусную інфэкцыю. 23 сакавіка Кацярына даслала Свабодзе фатаздымак, дзе можна пабачыць яе твар пасьля працоўнага дня.
Паводле Кацярыны, хворых на каранавірусную інфэкцыю ў яе шпіталі з кожным днём становіцца больш, і дактары вельмі стамляюцца.
У Чэхіі памёр першы пацыент з COVID-19. У нядзелю, 22 сакавіка, у праскім шпіталі памёр 95-гадовы мужчына. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў намесьнік міністра аховы здароўя Раман Прымула.
Паводле яго, пацыент меў шэраг іншых праблем, уключаючы хваробы сэрца, кардыёстымулятар, якія ўскладнялі агульны стан здароўя старога чалавека.
Мужчына жыў у Доме пэнсіянэраў. 18 сакавіка ў яго пацьвердзілі каранавірус. Цяпер правяраецца месца яго пражываньня і магчымыя крыніцы заражэньня вірусам.
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Як паведамляе Міністэрства здароўя, па стане на канец дня 22 сакавіка ў Чэхіі зарэгістравана 1120 чалавек інфікаваных каранавірусам, праведзена ўсяго 15 584 тэсты, паправіліся шэсьць чалавек. 95-гадовы пацыент унесены ў статыстыку як першая ў Чэхіі ахвяра COVID-19.
Прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш 22 сакавіка ў эфіры галоўнага інфармацыйнага канала грамадзкага ČT24 выказаў здагадку, што найхутчэй абмежаваньні свабоднага перамяшчэньня грамадзян падоўжаць да 1 красавіка.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ