Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкарыстаньне «беларускага балькону». Навошта Нарышкін прыяжджаў у Беларусь


Сяргей Нарышкін, 23 верасьня 2021 году
Сяргей Нарышкін, 23 верасьня 2021 году

Сэнс візыту ў Менск дырэктара Службы зьнешняй разьведкі РФ Сяргея Нарышкіна палягае ў тым, каб пагражаць суседзям Беларусі і адначасова поўнасьцю ангажаваць паслухмянага саюзьніка ў сваю ваенную палітыку, геапалітычны канфлікт з Захадам.

Дырэктар Службы зьнешняй разьведкі РФ Сяргей Нарышкін наведаў з візытам Менск. Інфармацыя пра ягоную сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам была вельмі сьціплай, кароткай. Зрабіць зь яе нейкія высновы пра мэты візыту цяжка. Верагодна, што нейкіх адмысловых задач і не было. Проста дзяжурная паездка на тэрыторыю, якую Масква лічыць сваёй зонай кантролю. Дзеля праверкі ляяльнасьці тутэйшага кіраўніцтва і чарговай дэманстрацыі Захаду расейскай ваяўнічасьці.

Варта зьвярнуць увагу, што візытам у Менск высокіх расейскіх чыноўнікаў спадарожнічаюць нейкія дэманстратыўныя жэсты, пагрозы ў бок Эўропы. У траўні мінулага году Уладзімер Пуцін прыехаў у Менск, каб абмеркаваць пляны прымяненьня тактычнай ядзернай зброі. У сьнежні 2024 году прэзыдэнт РФ зладзіў візыт у беларускую сталіцу каб падпісаць Дамову аб гарантыях бясьпекі паміж Беларусьсю і Расеяй і абвесьціць аб плянах разьмяшчэньня ў Беларусі найноўшай расійскай ракетнай сыстэмы «Арэшнік».

Вось прыехаў Нарышкін і расказаў беларускім дзяржаўным мэдыям аб агрэсіўных плянах НАТО, якія нібыта рэалізуюцца ў Польшчы і краінах Балтыі. І традыцыйна прагучалі пагрозы на іх адрас. Усё як звычайна, у межах традыцыі апошніх гадоў.

Разважаў дырэктар Службы зьнешняй разьведкі і пра вайну ва Ўкраіне. І сфармуляваў вельмі жорстка, без усялякай дыпляматыі, ўмовы, на якіх Расея гатовая да перамір’я. Калі Пуцін фармулюе іх даволі мякка, называе іх «нюансамі», то Нарышкін па-гэнэральскі кажа наўпрост:

«Умовы мірнага пагадненьня прадугледжваюць, безумоўна, бязьядзерны нэўтральны статус Украіны, дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю ўкраінскай дзяржавы <…>. З боку Украіны таксама павінна быць безумоўнае прызнаньне сувэрэнітэту Расеі і цяперашніх тэрытарыяльных межаў Расейскай Фэдэрацыі».

Калі перакласьці на зразумелую мову, то Масква гатовая на перамір’е толькі на ўмовах капітуляцыі Ўкраіны. Такі недыпляматычны мэсэдж Дональду Трампу.

У гэтым і палягае сэнс выкарыстаньня Расеяй «беларускага балькону» — каб памахаць кулаком суседзям Беларусі. І адначасова поўнасьцю ангажаваць паслухмянага саюзьніка ў сваю ваенную палітыку, геапалітычны канфлікт з Захадам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG