Сёлета традыцыйныя для Вялікага посту набажэнствы Крыжовага шляху католікам дазволілі правесьці па вуліцах гарадоў толькі ў адным рэгіёне Беларусі — Горадзенскай вобласьці. Там працэнт каталіцкіх вернікаў найбольшы, піша Katolik.life.
У мінулую пятніцу католікі праводзілі Крыжовы шлях у цэнтры Смаргоні і Дзятлава, у суботу — па вуліцах Горадні, у нядзелю — у цэнтры Вялікай Бераставіцы.
У Вялікую сераду, 16 красавіка гарадзкія набажэнствы пройдуць па вуліцах Іўя і Наваградка. Таксама 16 красавіка агульнагарадзкі Крыжовы шлях заплянаваны ў Менску, але ён адбудзецца ў двары храму — касьцёлу на Залатой Горцы.
Больш нідзе ў Беларусі не анансавалася правядзеньня набажэнстваў па вуліцах.
Зноў ня будзе гарадзкога Крыжовага шляху ў Баранавічах, дзе сярод 170 тысячаў жыхароў шмат каталікоў і знаходзяцца 5 касьцёлаў. З 2014 году тут штогод праводзілі па цэнтральных вуліцах Крыжовы шлях, які зьбіраў сотні вернікаў.
Летась гарадзкія ўлады адмовілі мясцовым каталікам у правядзеньні гарадзкога набажэнства ў сувязі з «інтэнсіўнасьцю руху аўтатранспарту» і з прычыны правядзеньня Масьленіцы ў той жа дзень, калі вернікі прасілі дазволіць Крыжовы шлях.
Сёлета ў гарвыканкам зноў падавалі просьбу аб правядзеньні набажэнства па вуліцах. Але, як даведаліся вернікі, улады гэтую просьбу праігнаравалі — дагэтуль не далі адказу.
Форум