Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль і прэм’ер-міністры фэдэральных земляў у рамках тэлефоннай канфэрэнцыі, якая прайшла ў нядзелю, 22 сакавіка, дамовіліся зрабіць яшчэ больш жорсткімі карантынныя меры з прычыны эпідэміі каранавірусу ў Нямеччыне, паведамляе DW.
Асноўны пункт: больш за два чалавекі не зьбірацца. Выключэньне зроблена для чальцоў сямʼі, а таксама людзей, якія жывуць адзінай хатняй гаспадаркай.
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Кантакты зь іншымі людзьмі неабходна абмежаваць да мінімуму. Для гэтага, у прыватнасьці, захоўваць дыстанцыю ня менш 1,5 мэтра ад бліжэйшага чалавека ў грамадзкіх месцах.
Усе гастранамічныя прадпрыемствы павінны быць зачыненыя. Аналягічнае тычыцца паслуг у вобласьці асабістай гігіены, у тым ліку цырульняў і касмэтычных студый.
Але, згодна з пагадненьнем, па-ранейшаму дазваляюцца паездкі на працу або для дапамогі іншым людзям. Індывідуальныя заняткі спортам і фізычныя практыкаваньні на сьвежым паветры будуць па-ранейшаму магчымыя.
Парушэньні абмежаваньняў па кантактах будуць кантралявацца адміністрацыйнымі органамі і паліцыяй. Парушэньні будуць карацца штрафамі — да 25 тысяч эўра.
Новыя правілы будуць дзейнічаць на працягу бліжэйшых двух тыдняў.