Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 патрабаваньняў. Беларускія лекары з Эўропы і ЗША зьвярнуліся да ўладаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія лекары, якія працуюць у ЗША і Заходняй Эўропе, зьвярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў Беларусі ў сувязі з эпідэміяй вірусу COVID-19.

У лісьце лекары патрабуюць ад органаў улады ўсіх узроўняў:

  1. Закрыць усе навучальныя і дашкольныя ўстановы для наведваньня на чатыры тыдні, з наступным працягам.
  2. Забараніць любыя масавыя мерапрыемствы і сходы, якія не дазваляюць удзельнікам знаходзіцца на адлегласьці двух і больш мэтраў адзін ад аднаго.
  3. Закрыць спартовыя і забаўляльныя ўстановы і прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня, за выключэньнем дастаўкі на дом.
  4. Рэкамэндаваць аддаленыя спосабы працы, гнуткія графікі, ініцыяваць закрыцьцё на карантын прадпрыемстваў і арганізацыяў, якія непасрэдна ня ўдзельнічаюць у жыцьцезабесьпячэньні насельніцтва.
  5. Адразу ж забясьпечыць апавяшчэньне ўсіх групаў насельніцтва аб спосабах абароны ад інфікаваньня і абмежаваньні пашырэньня інфэкцыі, у тым ліку аб правілах паводзін пры ўсеагульным карантыне.
  6. Забясьпечыць своечасовае інфармаваньне грамадзкасьці аб бягучай статыстыцы захворваньня і захадах барацьбы з эпідэміяй.
  7. Забясьпечыць работнікаў мэдычных установаў і іншых службаў жыцьцезабесьпячэньня ахоўнымі сродкамі, харчаваньнем і, пры неабходнасьці, дапамогай у доглядзе дзяцей.
  8. Адмяніць асабістую адказнасьць мэдычных работнікаў за абнародаваньне інфармацыі аб бягучым стане ў мэдычных установах.
  9. Актыўна спрыяць узаемадзеяньню дзяржаўных установаў з грамадзкімі і валянтэрскімі арганізацыямі для выкананьня названых задачаў, а таксама для бясьпечнай дастаўкі прадуктаў харчаваньня і мэдыкамэнтаў людзям з высокай рызыкай сур’ёзных ускладненьняў (людзі, старэйшыя за 60 гадоў, з хранічнымі захворваньнямі або паніжаным імунітэтам.)

Лекары тлумачаць, чаму гэтыя захады неабходныя менавіта цяпер:

  • Вірус хутка распаўсюджваецца ў паўсядзённым жыцьці і перадаецца як хворымі людзьмі, так і здаровымі носьбітамі.
  • Досьвед іншых краін паказаў, што прамаруджваньне ва ўвядзеньні названых захадаў вядзе да масавай гібелі людзей, бо сыстэма мэдычнай дапамогі надзвычай перагружаная.
  • У гэтай сытуацыі непазьбежны высокі ўзровень захворвальнасьці і сьмяротнасьці сярод лекараў і мэдычнага пэрсаналу. Толькі запаволеньне распаўсюджваньня вірусу праз своечасовае сацыяльнае дыстанцыяваньне (усеагульны карантын) і ізаляцыю хворых можа дазволіць большай колькасьці пацыентаў атрымаць дапамогу і выжыць.

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Пад адкрытым лістом падпісаліся лекары з ЗША: Анастасія Пігаль, Сяргей Дзедзік, Т. К., Анастасія Манькоўская, Вольга Годзіна, Вікторыя Казлоўская. Валянціна Балоціна і Крыст Хуб са Швэцыі, Дзьмітрый Кузьмін і Раман Фарнін зь Нямеччыны і Артур Мацуткевіч з Польшчы. ​

«Хвароба не выбірае людзей паводле сацыяльнага статусу ці пасады. Справіцца зь ёю можна толькі праз хуткую кансалідацыю намаганьняў усяго грамадзтва. Час лічыцца на гадзіны», — гаворыцца ў адкрытым лісьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG