Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэвальвацыя — гэта адметнасьць і непазьбежнасьць беларускай эканамічнай сыстэмы», — эканаміст


Беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў тлумачыць, чаму гісторыя незалежнай Беларусі заўсёды суправаджалася дэвальвацыямі, канстатуе, што Беларусь перайшла ў рэжым праяданьня назапашанага раней, і спрабуе знайсьці нешта пазытыўнае ў цяперашнім падзеньні курсу рубля.

Сьцісла

  • Першае, што спрыяе працэсу дэвальвацыі — гэта штучнае падвышэньне ўзроўню даходаў насельніцтва звыш магчымасьцяў эканомікі.
  • За час кіраваньня Лукашэнкі цэны вырасьлі ў сто мільёнаў разоў.
  • Наша эканамічная сыстэма вельмі неэфэктыўная. Яна ня рынкавая, кіруецца валюнтарысцкімі мэтадамі.
  • Калі адкрыць эканоміку, як калісьці зрабілі кітайцы, гэта будзе плюс, які можна будзе выкарыстоўваць.

— За мінулыя тыдні беларускі рубель упаў больш як на 20 працэнтаў. Сярод прычынаў гэтага назавуць найперш вонкавыя — падзеньне цэнаў на нафту і пандэмія каранавірусу. Але, як сцьвярджаюць многія эканамісты, прычыны дэвальвацыі ляжаць і ўнутры беларускай эканомікі.

— Першае, што спрыяе працэсу дэвальвацыі — гэта штучнае падвышэньне ўзроўню даходаў насельніцтва звыш магчымасьцяў эканомікі. Апошнія 3-4 гады зьніжаліся інвэстыцыі ў асноўныя вытворчыя фонды, і ў гэты ж час расьлі даходы насельніцтва. Мы перайшлі ў рэжым праяданьня назапашанага раней. Каб падвышаць заробкі, мы скарацілі інвэстыцыі.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

Гэта на паверхні. Тое, што глыбей, — гэта пастка сярэдняга ўзроўню даходаў. Калі тэхналёгіі застылі, няма пераабсталяваньня, а даходы растуць хутчэй, чым магчымасьці эканомікі. Але ўсё гэта ўкладаецца ў сабекошт прадукцыі, сабекошт экспарту, што спрыяе вышэйшым цэнам на нашыя тавары на замежных рынках.

Гэта адзін з чыньнікаў, які прывёў да дэвальвацыі. Ужо даўно эканамісты гаварылі, што такое можа прывесьці да падзеньня курсу рубля.

— Апошнія тры гады курс беларускага рубля быў адносна стабільным. Але ў гісторыі незалежнай Беларусі гэта быў унікальны пэрыяд, бо беларусы прывыклі жыць пераважна ва ўмовах няспыннай дэвальвацыі. Гэта нейкая адметнасьць беларускай эканомікі?

— Тут шмат прычынаў. Дэвальвацыя сапраўды адбываецца ўвесь час, бо растуць цэны, і разам з інфляцыяй ідзе намінальны рост курсу даляра. За час кіраваньня Лукашэнкі цэны падвысіліся ў сто мільёнаў разоў. У пэўным сэнсе дэвальвацыя — гэта адметнасьць і непазьбежнасьць беларускай эканамічнай сыстэмы.

— Можа быць, гэта нейкая адметнасьць экспартна-арыентаванай эканомікі, бо калі адбываецца дэвальвацыя, то экспартэры могуць хутчэй прадаць сваю прадукцыю, і таму яны ў гэтым зацікаўленыя?

— Не, гэта не галоўнае. Галоўнае — эканамічны папулізм, жаданьне ўладаў падвысіць даходы насельніцтва звыш даходаў эканомікі. Другое — наша эканамічная сыстэма вельмі неэфэктыўная. Яна ня рынкавая, кіруецца валюнтарысцкімі мэтадамі.

— Вы кажаце, што ўлады імкнуцца забясьпечыць рост даходаў, нават вышэйшы за магчымасьці эканомікі. Але ў далярах беларусы сёньня зарабляюць менш, чым дзесяць гадоў таму. Заробак паводле сёньняшняга курсу складае 437 даляраў, а ў сьнежні 2010 году ён быў 530 даляраў. За 10 гадоў даходы насельніцтва зьменшыліся.

— Узгадайма, што адбылося за гэты час. У сярэдзіне нулявых пачынаецца масавае аднаўленьне асноўных фондаў, мадэрнізацыя селькай гаспадаркі. Сродкаў туды пайшло вельмі шмат, у тым ліку пазычаных. Але ў шэрагу галінаў мадэрнізацыя не прывяла да станоўчых вынікаў, выявілася неэфэктыўнай. Напрыклад, улады павялічвалі пагалоўе кароў, але аказалася, што такую колькасьць кароў немагчыма пракарміць, бо ня хопіць кармоў.

Зараз можна дадаць, што мадэрнізацыя, якую вялі ў апошнюю пяцігодку, таксама правалілася. Можна ўзгадаць скандальную дрэваапрацоўку ці нафтаперапрацоўку. Зразумела, быў час, калі цэны на нафту былі высокія, але яны панізяцца. Зараз «Нафтан» павінен 2 мільярды, ці зможа ён іх вярнуць? Ці ўзяць АЭС, будаўніцтва новага калійнага камбінату — калі існы цяпер камбінат ня можа збыць сваю прадукцыю...

— Новая рэальнасьць, якая зьяўляецца ў сувязі з новымі цэнамі на нафту, дэвальвацыяй — як гэта стратэгічна адаб’ецца на беларускай эканоміцы. Ці могуць быць, акрамя мінусаў, нейкія плюсы?

— Мінусаў шмат. Мадэрнізацыя нафтаперапрацоўкі правалілася. Нізкія цэны на нафту панізілі нашы экспартныя даходы, стала цяжэй аддаваць замежныя даўгі. Беларусь нават часова адмовілася ад новых пазыкаў, але старыя даўгі даводзіцца аддаваць.

Гэта панізіць узровень даходаў насельніцтва. Аднак, як ні дзіўна, гэта можа стварыць умовы для хутчэйшага выхаду з «пасткі сярэдняга ўзроўню даходаў». І калі зрабіць пэўныя захады ў эканоміцы, то мы можам прыягнуць замежныя інвэстыцыі. Бо калі ў Эўропе краіна зь нізкімі даходамі адкрые эканоміку, як калісьці зрабілі кітайцы, гэта будзе плюс, які можна будзе выкарыстоўваць.

Але пэўныя прамовы Лукашэнкі адбіваюць усялякае жаданьне ў замежных інвэстараў да нас прыходзіць. Калі чыноўнік вырашае, якія канкрэтныя льготы каму варта даць — то гэта неспрыяльная краіна для інвэстыцыяў. Толькі заканадаўства, агульнае для ўсіх. Чыноўнікі ўвогуле не павінны мець права даваць камусьці льготы.

— Колькі можа каштаваць даляр да канца году? Ці не ўмяшаецца Аляксандар Лукашэнка ў фармаваньне курсу адміністрацыйным чынам, як гэта ён неаднаразова рабіў раней?

— Занадта шмат няпэўнасьці, але курс бліжэйшым часам яшчэ будзе расьці. Да лета, я спадзяюся, паніка з каранавірусам зьменшыцца, і будуць створаныя ўмовы для аднаўленьня ўсясьветнай эканомікі. Мяркую, можна чакаць курсу 2,7–2,8, падзеньне рубля можа працягвацца да лета. Бо на гэта працуе падзеньне расейскага рубля і зьніжэньне нашых экспартных даходаў. Наўрад ці курс даляра пяройдзе сёлета мяжу ў тры рублі. Але раптам яшчэ адзін «чорны лебедзь» — і ўсё можа быць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG