Абышлі абменныя пункты і даведаліся ад банкаў, чаму ўзьнік дэфіцыт даляраў.
Беларускі рубель 19 сакавіка зноў упаў адносна трох валютаў: даляра, эўра, расейскага рубля.
Натуральна, банкі адрэагавалі павышэньнем курсаў.
Аднак валюта ёсьць не ўва ўсіх аддзяленьнях банкаў і абменьніках. Прычым актыўна купляюць валюту нават пэнсіянэры.
Не ўва ўсіх банках можна зьняць і буйныя сумы ў валюце. А замовіць валюту «Альфа-банк» прапануе толькі на 26 сакавіка.
Даляры ёсьць не ўва ўсіх абменьніках, людзі стаяць у чэргах
Найбольш выгадна прадаць даляры 19 сакавіка можна было з курсам 2,58 рубля за 1 даляр і 2,77 рубля за 1 эўра. Купіць валюту можна было за 2,63 рубля за 1 даляр і 2,83 рубля за 1 эўра. Аднак такія курсы беларусаў не напалохалі.
З васьмі абменьнікаў, якія мы абышлі, у палове даляраў не было, эўра і расейскія рублі можна было купіць ува ўсіх.
Каб людзі здавалі ці набывалі вялікія сумы грошай, мы не заўважылі. Валютна-абменныя апэрацыі абмяжоўваліся 50–100 умоўнымі адзінкамі.
У «Беларусбанку», што на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і бульвару Талбухіна, даляраў не было. Але ў чарзе стаял хлопец, які здаваў 100 даляраў, і адміністратарка параіла заняць чаргу, каб іх купіць, бо за хлопцам стаялі пэнсіянэры, якія аплачвалі ў банку камунальныя паслугі і не прэтэндавалі на запаветную зялёную купюру. Жвавая пэнсіянэрка, пачуўшы, што мы цікавімся валютай, пачала лямантаваць: «Мне зяць сказаў, што даляр ужо прадаюць па 2,9!», хоць на табло высьвечваўся курс 2, 63.
У абменьніку «Парытэтбанку», што ва ўнівэрсаме «Цэнтральны», стаяла чарга ў 4 чалавекі. У руках маладога чалавека, які быў у чарзе другім, мы заўважылі некалькі даляравых купюраў. Двое маладых людзей, што стаялі за ім, на пытаньне, навошта ім валюта, адказалі, што тэрмінова трэба заплаціць за здымную кватэру.
У ГУМе, у абменьніку «Белінвэстбанку», таксама стаяла чарга ў 4 чалавекі. Двое здавалі даляры, двое набывалі. Жанчына сталага веку хацела купіць даляры.
«З кожнай пэнсіі купляю па 50 даляраў, адкладаю на сьмерць, каб было за што пахавацца. Даляр расьце, усё даражэе, а пэнсію не падымаюць», — скрушна ўздыхнула жанчына. Ёй давялося пачакаць у чарзе хвілін 15, і 50 даляраў яна ўсё ж набыла.
На чыгуначным вакзале, дзе раней у абменьніках было шмат народу — расейцаў ды наагул іншаземцаў — цяпер чэргаў няма. На цокальным паверсе ў двух абменьніках «Беларусбанку» не было ніводнага наведніка. Даляраў у продажы не было, але эўра і расейскія рублі купіць можна было без праблемаў.
На другім паверсе вакзалу ў абменьніку банку МТБ былі і даляры, і эўра, і расейскія рублі — праўда, няшмат. «Ёсьць 200 даляраў, 150 эўра і шмат расейскіх рублёў», — адказала касірка. На пытаньне, ці зьвяртаюцца цяпер у абменьнік іншаземцы, касірка зьдзіўлена паглядзела на карэспандэнтку Свабоды і адказала: «Вы што, ня ведаеце, што ўсе межы закрытыя, нікога ў краіну не пускаюць? Наагул у мяне сёньня вельмі мала народу, за 4 гадзіны працы зьвярнуліся чалавек 10».
У абменьніку «Белінвэстбанку» ў ЦУМе даляраў у продажы не было, а вось 200 эўра і неабмежаваную колькасьць расейскіх рублёў можна было купіць.
У пэўных банкаматах і аддзяленьнях банкаў немагчыма зьняць буйныя сумы ў валюце
У «Прыорбанку» кажуць, што пры наяўнасьці, напрыклад, $1000 на рахунку грошы можна замовіць і атрымаць праз тры дні. Пастаяўшы каля банкамату, мы засьпелі хлопца, які расказаў, што ня змог зьняць нават $200. «Альфа-Банк» таксама выдае буйныя сумы толькі на замову. Чакаць давядзецца тыдзень. Суму ў 300 даляраў прапанавалі замовіць на 26 сакавіка. У банкаматах «Альфа-Банку» даляраў няма.
У «Тэхнабанку», з словаў апэратараў даведачнай службы, такіх праблемаў няма. Калі немагчыма зьняць у адным банкамаце, то супрацоўнікі гатовыя падказаць, дзе патрэбная сума ёсьць.
У «Белаграпрамбанку» тое самае. Супрацоўніца раіць званіць у аддзяленьне загадзя, каб даведацца, ці ёсьць валюта.
У даведачнай службе банку ВТБ, які раніцай 19 сакавіка ўводзіў ліміт на зьняцьце валюты, а потым скасаваў яго, кажуць, што загадзя замовіць даляравую суму немагчыма.
«На гэты момант у Менску ў касах даляраў няма, то бо валюты ў касе няма. Далей вы ўжо можаце ўдакладняць інфармацыю адпаведна вашаму звароту. У банкаматах таксама неабходна ўдакладняць. Сытуацыя такая, што мы можам сказаць вам, што сума ёсьць, але чалавек, які перад вамі будзе здымаць грошы, можа забраць неабходную вам суму. У банках тое ж самае».
Нацыянальны банк абяцае апэратыўна рэагаваць на павышэньне курсу
Тымчасам Нацыянальны банк Беларусі прызнаў, што попыт на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку Рэспублікі Беларусі павысіўся, і гэта адбілася на дынаміцы курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валютаў.
«У мэтах абмежаваньня рызыкаў забесьпячэньня фінансавай стабільнасьці, зьвязаных з падвышанай валятыльнасьцю курсу, Нацыянальны банк праводзіў валютныя інтэрвэнцыі ў дадатковых аб’ёмах... Нацыянальны банк працягне ажыцьцяўляць маніторынг сытуацыі і пры неабходнасьці будзе прымаць апэратыўныя захады рэгуляваньня», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Нацыянальнага банку.