Аб’яднаньне «Пэрспэктыва» просіць урад аб падтрымцы індывідуальных прадпрымальнікаў на фоне нэгатыўнага ўплыву на эканоміку пандэміі каранавірусу, зьніжэньня пакупніцкай актыўнасьці і закрыцьця межаў суседніх дзяржаў, што перашкаджае пастаўкам і продажу тавараў.
Зварот 19 сакавіка накіраваў у Савет міністраў старшыня аб’яднаньня Анатоль Шумчанка, паведамляе БелаПАН.
Аб’яднаньне, у прыватнасьці, прапануе абвясьціць для малога бізнэсу «падатковыя вакацыі» — ад 1 красавіка вызваліць ІП на 90 дзён ад падаткаў, збораў і складак, якiя зьбіраюць у справаздачныя пэрыяды, незалежна ад узроўню даходаў.
Акрамя таго, прапануецца на гэты ж час абвясьціць мараторый на любыя праверкі ІП у сфэры раздробнага гандлю і паслугаў.
«Пэрспэктыва» прапануе адкрыць на імя кожнага ІП, які папрасіў аб дапамозе, банкаўскі рахунак і пералічыць на яго 3 000 рублёў у выглядзе бязвыплатнай дзяржаўнай падтрымкі і 9 000 рублёў — як беспрацэнтны крэдыт на 5 гадоў.
«Гэтыя лічбы абумоўленыя тым, што, паводле ацэнак эканамічных інстытутаў, стварэньне аднаго працоўнага месца каштуе прыблізна 4-4,5 тысячы даляраў. Таму сёньня важна захаваць працоўныя месцы і патэнцыял людзей бізнэсу», — тлумачыцца ў звароце.
Аб'яднаньне таксама прапануе зьнізіць на 90 дзён арэндную плату на 60%, а таксама адвязаць арэндную стаўку ад замежнай валюты, прывязаўшы яе да беларускага рубля.
Раней з заклікам выпрацаваць комплекс захадаў дзеля падтрымкі эканомікі ў сувязі з распаўсюдам каранавірусу да ўладаў зьвярнулася i Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва.