Сусьветная эканоміка ўжо знаходзіцца ў стане рэцэсіі, паколькі ўдар па эканамічнай актыўнасьці ў выніку пандэміі каранавірусу ўжо распаўсюдзіўся на многія галіны. Да такой думкі прыйшлі большасьць эканамістаў, апытаных у чацьвер агенцтвам Reuters, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Пандэмія COVID-19 прывяла да таго, што фінансавыя рынкі перажываюць шок, найбуйнейшы з часоў сусьветнага фінансавага крызісу 2008 году. Пра гэта ўжо абвясьцілі дзясяткі цэнтральных банкаў у Эўропе, Амэрыцы, Азіі і Аўстраліі.
Інвэстары панічна настроены ў дачыненьні да акцый, аблігацый, золата і цэнаў на сыравінныя тавары, што падкрэсьлівае чаканьне сур'ёзнага эканамічнага ўрону ад успышкі каранавірусу.
Больш за тры чвэрці эканамістаў (31 з 41) з краін Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі, апытаных на гэтым тыдні, адказваючы на пытаньне аб тым, ці знаходзіцца сусьветная эканоміка ў стане рэцэсіі, сказалі, што эканамічны рост па ўсім сьвеце ўжо завяршыўся.
«На мінулым тыдні мы прыйшлі да высновы, што шок ад ўспышкі COVID-19 выкліча глябальную рэцэсію з прычыны скарачэньня ўсіх сусьветных кантрактаў за тры месяцы, зь лютага па красавік», — адзначыў Брус Касман, кіраўнік аддзелу глябальных эканамічных дасьледаваньняў у JP Morgan.
«Больш няма сумненьняў у тым, што самы працяглы глябальны эканамічны рост у гісторыі скончыцца ў гэтым квартале. Ключавое пытаньне на пэрспэктыву цяпер заключаецца ў ацэнцы глыбіні і працягласьці рэцэсіі 2020 году», — дадаў Касман.
Эканамісты неаднаразова зьніжалі свае прагнозы росту на працягу апошняга месяца і павялічвалі прагнозы магчымасьці рэцэсіі ў большасьці буйных эканомік сьвету.
Найбольш пэсымістычныя сцэнары, пра якія гаварылася ўсяго некалькі тыдняў таму, ужо сталі цэнтральнымі для большасьці эканамістаў, якія ўдзельнічалі ў апытаньні Reuters.
Прагназуецца, што сусьветная эканоміка вырасьце сёлета на 1,6%, што складае каля паловы ад 3,1%, якія прагназаваліся ў студзеньскім апытаньні Reuters, і гэты рост будзе самым слабым з часу сусьветнага фінансавага крызісу 2007–2009 гадоў. Прагнозы росту сусьветнага ВУП у 2020 годзе вар'іруюцца –2,0% да 2,7%.
«Па меры таго, як выпадкі каранавірусу будуць пачашчацца, разбурэньні ў сусьветнай эканоміцы стануць ўзмацняцца. Мы зьнізілі наш прагноз росту сусьветнага ВУП да 1,25% на год — гэта менш, чым у 1981/1982 і 2008/2009 гадах, але горш, чым падчас крызісаў 1991 і 2001 гадоў», —адзначаюць дасьледнікі з Goldman Sachs. — У адпаведнасьці з гэтым нашы эканамісты чакаюць рэцэсіі ў Эўропе, Японіі, Канадзе і, магчыма, у Злучаных Штатах».
Амэрыканская эканоміка амаль напэўна ўвойдзе ў рэцэсію сёлета, калі ўжо ў яе не ўвайшла, паводле апытаньня, апублікаванага ў чацьвер і праведзенага пасьля надзвычайных захадаў, зробленых ФРС ЗША.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.