Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусаў сярод міжнародных валянтэраў не сустракала»


Ларыса Саенка са сваімі вучнямі
Ларыса Саенка са сваімі вучнямі

Беларуская журналістка Ларыса Саенка сёлета месяц працавала валянтэркай у Танзаніі, выкладала ў пачатковай школе ангельскую мову. «Я шмат падарожнічала па сьвеце, мне стала сорамна жыць дзеля свайго задавальненьня, і я вырашыла зрабіць нешта карыснае для людзей, якім патрэбная дапамога».

Усе выдаткі на пералёт і пражываньне журналістка ўзяла на сябе. Былая карэспандэнтка агенцтва Reuters у Беларусі, аўтарка фільму «Dublin, Belarus half-life» пра жыцьцё беларускай вёскі Дублін Брагінскага раёну ў Чарнобыльскай зоне Ларыса Саенка адказала на 10 пытаньняў Свабоды пра досьвед валянтэрскай працы ў краіне, дзе шмат людзей хворыя на ВІЧ і вельмі нізкі ўзровень пісьменнасьці.

Сьцісла

  • Міжнародныя арганізацыі, якія мусяць дапамагаць найбяднейшым краінам, чамусьці разьмяшчаюць свае штаб-кватэры ў найдаражэйшых эўрапейскіх краінах. Людзі алётаюць у Афрыку бізнэс-клясай са Швайцарыі, а за кошт аднаго такога квітка можна пабудаваць школу ў Танзаніі.
  • У Танзаніі гавораць на мове свайго племені, далей на суагілі, ангельская мова таксама лічыцца дзяржаўнай, але гэта мова багатых, і людзі вельмі зацікаўленыя, каб дзеці вучыліся гаварыць па-ангельску.
  • Я ведала, што Афрыка — дастаткова бедная, але што будзе так бедна, не ўяўляла. Няма мыла, пітной вады, у дзяцей няма асадак, кніжак. Калі я прынесла некалькі кніжак, гэта быў фурор.
  • Навучаньне ў Танзаніі адрозьніваецца ад вучобы ў Беларусі, ЗША, ЭЗ. Там узаконена фізычнае пакараньне. Вельмі разьвітая сыстэма проста паўтораў.
  • Мне хочацца дапамагаць. Я бачу, што мы можам дапамагаць. Беларусы — даволі адукаваны народ, нам ёсьць чым дзяліцца.
  • Звычайна міжнародныя валянтэры — з багатых краінаў, але самі яны — небагатыя людзі з ЗША, Аўстраліі, Канады, эўрапейскіх краінаў. Беларусаў у валянтэрскіх праграмах я не сустракала, расейцаў таксама — нікога з постсавецкай прасторы.

Як можна стаць валянтэрам міжнароднай арганізацыі

Ларыса Саенка ў танзанскім строі
Ларыса Саенка ў танзанскім строі

— У Танзанію я паехала як міжнародная валянтэрка. Мінулымі гадамі я шмат падарожнічала па сьвеце, і мне стала крыху сорамна жыць дзеля свайго задавальненьня. Я падумала, што трэба зрабіць нешта карыснае для людзей. Спачатку думала паехаць валянтэркай у Азію, паколькі я яе ведаю, бо працавала ў Нэпале і Індыі, але ўрэшце захацелася мясьцінаў, якіх зусім ня ведаю. Так я апынулася ў Танзаніі. Раней я была ў Эгіпце і Тунісе, але Экватарыяльную і Паўднёвую Афрыку зусім не ўяўляла.

Міжнародных валянтэрскіх арганізацыяў вельмі шмат, можна пагугліць і далучацца да той ці іншай. Я выбрала арганізацыю International Volunteer HQ (IVHQ). Мне спадабаўся іхны падыход, фінансавыя складкі. Усе валянтэры працуюць бясплатна. Мы самі плацім за сваё ўтрыманьне, за ўсе свае выдаткі ў межах праекту, у якім удзельнічаем. IVHQ мае праекты ва ўсім сьвеце, раскрывай мапы і выбірай.

Чым валянтэрскія міжнародныя арганізацыі адрозьніваюцца ад «бюракратычных гігантаў»?

— Вялянтэрскія міжнародныя арганізацыі — добрая альтэрнатыва бюракратычным гігантам, таму ж «Чырвонаму крыжу». Я спрабавала знайсьці нейкія праекты празь беларускі «Чырвоны крыж», але яны мне нават не адказалі. Ня веру гэтым вялікім арганізацыям. Міжнародныя арганізацыі, якія мусяць дапамагаць найбяднейшым краінам, чамусьці разьмяшчаюць свае штаб-кватэры ў найдаражэйшых эўрапейскіх краінах, напрыклад у Швайцарыі. Іх прадстаўнікі лётаюць у Афрыку чамусьці бізнэс-клясай. А калі прылятаеш у Афрыку, то бачыш, што ў людзей няма сама простага — мыла, чыстай вады. І што там робяць гэтыя людзі, якія лётаюць бізнэс-клясай са Швайцарыі, калі за кошт аднаго квітка можна пабудаваць школу ў той жа Танзаніі?

Як гэта — працаваць у маленькай школе ў раёне халупаў?

Раён Мауа
Раён Мауа

— У Танзаніі былі валянтэрскія праекты на выбар. Нехта працаваў у шпіталі, нехта аказваў вэтэрынарную дапамогу. Шмат людзей удзельнічалі ў праграме дапамогі інфікаваным ВІЧ і хворым на СНІД, якія жывуць у Танзаніі ў асобных камунах. А я вучыла дзяцей у пачатковай школе. Гэта была вельмі маленькая школа ў раёне гораду Аруша. Наш раён называўся Мауа, што на суагілі азначае кветка. Вядома, ён на кветку ня быў падобны. Гэта быў даволі жахлівы раён — адны халупы, дарог няма, мяне адразу папярэдзілі — будзеш працаваць з найбяднейшымі зь бедных.

Школа месьцілася ў прыватным доме жанчыны, якая яе і арганізавала. Валянтэры разбудавалі дом, зрабілі яго шырэйшым, каб маглі зьмясьціцца дзьве клясы. Адна пуставала, а ў другой я выкладала, вучыла дзяцей. Узрост дзетак — ад 3 да 6 гадоў.

Якая мова ў Танзаніі прыярытэтная для навучаньня?

— Цяпер у Танзаніі дзяцей імкнуцца выправіць у школу, але ўсё роўна там вельмі шмат застаецца непісьменных людзей. У Танзаніі гавораць на мове свайго племені — іх больш за сотню, потым — на суагілі (яе ведаюць ня ўсе), але ангельская мова таксама лічыцца дзяржаўнай. Гэта мова багатых, і людзі ў Танзаніі вельмі зацікаўленыя, каб дзеці вучыліся гаварыць па-ангельску. Тады яны будуць мець перавагу ў будучыні. Я ведала прымітыўна суагілі, але калі выкладаеш ангельскую мову, то лепей гаварыць па-ангельску. Часам даводзілася тлумачыць некаторыя рэчы на суагілі. Але малыя дзеці разумеюць на любой мове.

Якія парадкі ў школах Танзаніі?

— Навучаньне ў Танзаніі адрозьніваецца ад вучобы ў Беларусі, ЗША, Эўразьвязе. Напрыклад, там узаконена фізычнае пакараньне. Там вельмі разьвітая сыстэма проста паўтораў. Настаўнік выходзіць і гучна нешта крычыць, паказваючы на дошку. І дзеці паўтараюць. Напрыклад, яна сьпявалі ангельскую песьню пра кракадзіла і не разумелі, хто такі кракадзіл. Я паказала ім карцінку ў кніжцы, якую прынесла. Яны не разумелі, што я нешта пыталася, і проста паўтаралі пытаньне. За месяц яны зразумелі, чаго я ад іх хачу. Напрыклад, мы вучылі колеры. Спачатку, калі я запытвалася ў іх па-ангельску: «Які гэта колер?» — яны мне хорам адказвалі: «Які гэта колер?» Урэшце яны зразумелі, што такое пытаньне, што такое адказ. Вельмі шмат часу давялося надаваць кожнаму вучню і ўсім разам. Быў цудоўны час насамрэч. Акрамя гэтага, я яшчэ выкладала ў іншай школе ў сельскай мясцовасьці, і туды даводзілася шмат езьдзіць. Але гэта была новая школа, якую таксама дапамагалі будаваць валянтэры.

Чаму сярод міжнародных валянтэраў не сустрэла беларусаў?

Ларыса Саенка і танзанійцы племені хадзабі
Ларыса Саенка і танзанійцы племені хадзабі

— Звычайна міжнародныя валянтэры — з багатых краінаў, але самі яны — небагатыя людзі. Гэта сярэдняя і ніжэйшая за сярэднюю кляса людзей з багатых краінаў — ЗША, Аўстраліі, Канады, краінаў Эўропы. Беларусаў у валянтэрскіх праграмах я не сустракала, расейцаў таксама — нікога з постсавецкай прасторы. Хаця мне вельмі прыемна, што ў Беларусі валянтэрскі рух разьвіваецца, ёсьць шмат валянтэрскіх арганізацыяў. Я сама далучылася да малога валянтэрскага праекту, які дапамагае дзецям-сіротам, інвалідам у Чэрвені. Спадзяюся, што рана ці позна беларускі валянтэрскі рух выйдзе на ўсясьветныя прасторы, бо вельмі шмат краінаў знаходзіцца ў значна горшай сытуацыі ў параўнаньні зь Беларусьсю.

У мяне быў сьціплы досьвед валянтэрства ў Індыі, у дзіцячым доме ў глыбінцы — там падбіралі на вуліцы бяздомных папрашаек, выкуплялі дзяцей зь нявольніцтва. І ў Амэрыцы я дапамагала ў Нью-Ёрку вэтэрану-інваліду. Гэта так здаецца, што калі краіна багатая, то там усе шчасьлівыя і ўсім добра. Заўсёды ёсьць людзі, якім патрэбная дапамога.

Колькі каштавала валянтэрства?

— Квіткі на самалёт каштавалі каля 800 даляраў, дзённыя (з харчаваньнем) — каля 25 даляраў у дзень. Я плаціла складкі, каб падтрымаць валянтэрскую арганізацыю. Нешта даеш самому праекту. Немагчыма глядзець, калі ў дзяцей няма пітной вады, замест мыла яны мыюць рукі пяском. Выходзяць на вуліцу да ветру, бо туалет не працуе. Я ведала, што ў Афрыцы дастаткова бедныя краіны, але што будзе так бедна, я не ўяўляла.

Вучань прыляпіў на твар сардэчка, знак выдатнай адзнакі, якую прыклеіла яму ў сшытак Ларыса Саенка.
Вучань прыляпіў на твар сардэчка, знак выдатнай адзнакі, якую прыклеіла яму ў сшытак Ларыса Саенка.

У дзяцей няма асадак, няма кніжак. Калі я прынесла некалькі кніжак, гэта быў фурор, яны проста хапалі іх. Потым я прынесла ім каляровыя алоўкі, малявала дома для іх карцінкі — а як патлумачыць, што такое агурок, дрэва ці кветка? Вялікі посьпех мелі папяровыя самалёцікі маёй вытворчасьці — згадала, як мы запускалі такія ў школьныя гады. А калі прынесла каляровыя балёнікі, гэта была забава на тыдзень. А калі яны палопаліся, дзеці ўвесь тыдзень іх жавалі.

Акрамя працы, я падарожнічала па краіне, па розных плямёнах. Гэта быў асобны і даволі дарагі бюджэт. Я хачу зрабіць фільм пра дзетак, якім я выкладала. Гэта будзе фільм для хатняга прагляду, для сацыяльных сетак. Я разьлічваю сабраць пэўныя сродкі, каб дапамагчы гэтым дзецям дабудаваць школку ў вёсцы, наладзіць кіпячэньне вады. Яны чытаюць малітву перад бясплатным абедам — лыжкай кукурузнай кашы ці бабоў, а ў горадзе мы ня здолелі арганізаваць для іх харчаваньне.

Ларыса Саенка ў гасьцях у племені хадзабі
Ларыса Саенка ў гасьцях у племені хадзабі

Мы ня можам накарміць усіх дзяцей, але мы можам навучыць іх элемэнтарнай пісьменнасьці. Нават гэта цяпер праблематычна ў Танзаніі. У асобных плямёнах, дзе я была, 1% пісьменных людзей. Ёсьць плямёны, дзе зусім няма пісьменнасьці. Ёсьць плямёны, больш уцягнутыя ў цывілізацыю.

Ларыса Саенка з вучнямі
Ларыса Саенка з вучнямі

Але калі ў горадзе ў мяне ў коле былі дзяўчынкі, то плямёны дасылаюць у школу толькі хлопчыкаў. У шпіталі бацькі з племені масаі адмовіліся накладваць гіпс на дачку са зламанаю нагою, так проста і патлумачыўшы — мы трацім грошы толькі на хлопчыкаў.

Якіх вучняў вы згадваеце найчасьцей?

Племя масаі
Племя масаі

— У маёй школе былі трое хлопчыкаў з племя масаі. Яны ішлі на заняткі праз джунглі, дзе была іхная вёска, я нават ня ведаю. Гэтыя хлопцы не гаварылі спачатку ні на якой мове, толькі на мове свайго племя. Іх цкавалі іншыя вучні, і яны былі вельмі затурканыя. Калі я пачалі зь імі працаваць, яны ўвогуле не маглі напісаць нічога, прытым што яны пасьвілі жывёлу і мелі шмат абавязкаў у сваім племені. Я брала руку хлопчыка з крэйдай і вадзіла ёю па дошцы. У канцы тэрміну ён паклікаў мяне да дошкі і напісаў усе галосныя літары па-ангельску і ўсе лічбы да 10. Вельмі прыгожа напісаў, між іншым. Практыкаваўся дома.

Сшытак у яго быў увесь пакамечаны і зашмальцаваны. Я зрабіла заўвагу пра сшытак, а ён не зразумеў. Я ведала, як жывуць гэтыя людзі — у нейкім хляве, дзе ў хлопчыка няма ні стала, ні крэсла, у яго няма ложка, у яго няма чыстай вады, і тое, што ён захаваў сшытак, каб каровы не зжавалі, гэта ўжо быў подзьвіг для яго.

Якая самая галоўная выснова пасьля месяца працы ў Танзаніі?

— У мяне быў досьвед працы ў розных цывілізацыях — я працавала ў Індыі, Расеі і ў ЗША. Афрыка — абсалютна іншае адкрыцьцё. Гэта нейкая «зямля Саньнікава». Прыходзіш і бачыш, як людзі жывуць у каменным веку. Пераяжджаеш у іншы раён і бачыш, як людзі жывуць у бронзавым веку. На гэта вельмі цікава паглядзець з цывілізацыйнага гледзішча.

Што ўва мне асабіста зьмянілася? Мне хочацца дапамагаць і праз гэта пазнаваць іншыя краіны і культуры. Беларусы — даволі адукаваны народ, нам ёсьць чым дзяліцца. Мне было неймаверна цікава працаваць зь дзецьмі, пазнаёміцца з валянтэрамі, з многімі мы пасябравалі.

Жанчына з Канады, якая была валянтэркай у шпіталі, стала маёй сапраўднай сяброўкай. Яна расчаравалася ў валянтэрстве, бо цяжка было глядзець на тое, што адбываецца ў шпіталі, дзе нічога няма і яны не маглі дапамагчы дзецям, якія паміралі. Яна сказала, што больш ня будзе валянтэрыць. Але я не расчаравалася і яшчэ вазьму ўдзел у валянтэрскім праекце ў Афрыцы, вярнуся да «сваіх дзетак» наступнай зімой — ужо на некалькі месяцаў і з валізкамі падарункаў.

Раён у Танзаніі, дзе працавала валянтэрка Ларыса Саенка.
Раён у Танзаніі, дзе працавала валянтэрка Ларыса Саенка.

Аруша — горад халупаў, але тут шмат валянтэраў. Калі ідзеш яго вуліцамі бяз назваў, табе насустрач заўсёды выбягаюць дзеці. Яны нічога не выпрошваюць, яны вельмі паважліва вітаюць, усьміхаюцца, махаюць рукамі. Гэта вельмі грэе душу. Яны ведаюць, хто мы і навошта тут, бо толькі дзякуючы валянтэрскаму руху многія зь іх пайшлі ў школу.

Ці варта стаць валянтэрам падчас пандэміі каранавірусу?

Калі я паехала ў Танзанію ў студзені, эпідэмія была толькі ў Кітаі. Сярод добраахвотнікаў у Арушы былі маці і дачка з Пэкіну і дзяўчына з Шанхаю — яны працавалі зь ВІЧ-інфікаванымі людзьмі. Мы даведаліся ад іх пра усе справаздачы, спачувалі, раілі не вяртацца ў Кітай, а заставацца ў іншых краінах. Цяпер усё зьмянілася, лепш за ўсё заставацца дома. У Афрыцы, безумоўна, лепш не хварэць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG