У гарадзкім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласьці група валянтэраў ужо чацьвёрты год добраўпарадкуе закінутыя габрэйскія могілкі, бадай што самыя вялікія на тэрыторыі Беларусі. Працы засталося ня так шмат: плошча 4,2 га расчышчана ад сьмецьця і хмызьняку прыкладна на тры чвэрці. А пачыналася ўсё з прыватнага інтарэсу Ганны Клімовіч, жыхаркі Санкт-Пецярбургу, якая шукала на Беларусі сьлядоў свайго роду.
Сакральнае месца, зарослае крапівой
Сёньня Бешанковічы мала чым нагадваюць габрэйскае мястэчка, якім яны былі ў канцы 19-га — пачатку 20-га стагодзьдзяў — зь пяцьцю сынагогамі і школай, дзе выкладалі на іўрыце і на ідышы, габрэйскай народнай вучэльняй і бібліятэкай.
Калі габрэі зьявіліся ў Бешанковічах, дакладна не вядома, але гісторыкі кажуць, што яшчэ ў 1785 годзе габрэйскім семʼям належалі тут 150 дамоў. У 19 стагодзьдзі, у выніку абмежаваньняў, уведзеных уладамі Расейскай імпэрыі, габрэі былі вымушаны сяліцца ў Беларусі выключна па гарадох ды мястэчках. І ў 1897-м годзе колькасьць габрэйскага насельніцтва складала амаль 72% ад усіх жыхароў Бешанковічаў.
Людзі жылі — нараджаліся і паміралі, і сёньня на вялізных кладах на ўскрайку мястэчка ўжо не пералічыць усіх магіл, пазначаных вялізнымі камянямі — мацэйвамі. Або не пазначаных аніяк: частка старадаўніх помнікаў-надмагільляў былі драўляныя, і праіснавалі яны нядоўга.
Каменныя слупы зь візэрункавымі надпісамі на іўрыце сёньня добра відаць кожнаму цікаўнаму. Хоць да нядаўняга часу пра могілкі ведалі толькі мясцовыя жыхары: магілы пазаросталі кустоўем і маладымі дрэвамі. За савецкімі часамі за некалькі дзясяткаў крокаў ад тых габрэйскіх могілак узьвялі сцэну для сьвяточных канцэртаў.
«Кожнае надмагільле і цэлыя могілкі недатыкальныя да таго часу, пакуль вядома пра іх месцазнаходжаньне. (...) А што творыцца на Бешанковіцкіх габрэйскіх могілках? Яны, данельга занядбаныя, зарослыя лесам і хмызьняком, з паваленымі, перакуленымі надмагільлямі паказваюць усё наша дзікунства. Дзікунства гэтай улады. Дзікунства ўсіх грамадзян краіны. Дзікунства самой краіны ў плянэтарным маштабе», — напісаў у 2013 годзе мясцовы журналіст і настаўнік Георгі Станкевіч.
Першымі ініцыятарамі добраўпарадкаваньня габрэйскіх могілак у Бешанковічах стала лекарка з Санкт-Пецярбургу Ганна Клімовіч і яе сын Аляксандар.
Лекарка з Расеі прыехала ў Бешанковічы і жахнулася
Калісьці ў Бешанковічах жыла бабуля Ганны Клімовіч па бацькавай лініі. Сваякі амаль зьмірыліся з тым, што ўся памяць пра бешанковіцкіх габрэяў зьнікла. Але спадарыня Ганна вырашыла паглядзець на свае вочы, што за мястэчка Бешанковічы, у якім жылі яе продкі.
У красавіку 2014 году яе з сынам сустрэла на ўскраіне Бешанковічаў роспачнае відовішча: сотні надмагільных камянёў, дзе паваленых, дзе ўрослых у зямлю, а панавокал бруд і крапіва. Тыя мацэйвы, што стаялі, яны з сынам пачалі фатаграфаваць, каб па вяртаньні ў Санкт-Пецярбург перакласьці надпісы, зробленыя на іўрыце.
«Мы зразумелі, што знайсьці тут пахаваньні сваякоў — шанцы мізэрныя. І тут прыйшло адчуваньне, што мы ня можам пакінуць гэта як ёсьць — калі надмагільныя камяні нашых продкаў валяюцца ў зарасьніках, у брудзе, побач зь бітымі бутэлькамі», — кажа Ганна Клімовіч.
Улетку 2015 году яна прывезла ў Бешанковічы першую групу валянтэраў. Яны зарганізаваліся праз інтэрнэт, і з тае пары такая практыка стала звычайнай. Разам працуюць і вернікі-юдэі, і хрысьціяне — прадстаўнікі розных канфэсій, розных нацыянальнасьцяў. Знайшліся і мэцэнаты, ахвотныя прафінансаваць працу, у тым ліку нашчадкі выхадцаў зь Бешанковічаў, якія жывуць у Санкт-Пецярбургу, Ізраілі і Амэрыцы.
Гэтымі днямі ў Бешанковічах завяршае працу ўжо 12-я па ліку валянтэрская група. Апрача валянтэраў, сюды выяжджала з палявой экспэдыцыяй каманда маскоўскага абʼяднаньня «Сэфэр». Яны правялі асноўную працу па каталягізацыі — пранумаравалі, сфатаграфавалі і перапісалі 1300 камянёў-мацэйваў. Надпісы, дзе-нідзе зьнішчаныя часам, перакладаюць з іўрыту, каб зрабіць адмысловы каталёг для тых, хто хоча прыехаць у Бешанковічы ды пакланіцца магілам сваякоў.
Такія ахвотныя ўжо ёсьць, кажа сын спадарыні Ганны, сталы ўдзельнік валянтэрскіх выездаў.
«Мы расчысьцілі ўжо тры чвэрці тэрыторыі могілак, знайшлі яшчэ з паўсотні мацэйваў, апрача зафіксаваных у ранейшыя гады. І ўжо прыяжджалі людзі зь Нямеччыны, Швайцарыі, Амэрыкі, якім удалося адшукаць магілы сваіх сваякоў ужо цяпер — да таго, як зроблены канчатковы каталёг».
З усяго габрэйскага насельніцтва Бешанковічаў засталіся «тры бабулькі»
Яшчэ адзін сталы ўдзельнік валянтэрскіх груп — мясцовы краязнаўца Станіслаў Леаненка. Так склалася, што ў сёлетняй групе ён адзіны беларус, астатнія валянтэры прыехалі з Расеі. Усім прыежджым ён расказвае трагічную гісторыю Бешанковіцкага гета, зьнішчанага ў 1942 годзе — пасьля гэтага габрэяў у мястэчку практычна не засталося.
«Немцы прыйшлі сюды ў ліпені 1941-га, увосень усіх габрэяў сагналі ў гета. 15 лютага 1942 году насельнікаў гета павялі на расстрэл — на другі бок Дзьвіны. Больш за тысячу чалавек замардавалі: кагосьці расстралялі і кінулі ў брацкую магілу каля тагачаснага пасёлку „Стрэлка“, а кагосьці — яшчэ па дарозе. Пасьля вайны габрэйская грамада практычна не аднавілася: з вайны ды эвакуацыі вярнуліся хіба чалавек 20–30. А сёньня сябе лічаць габрэйкамі хіба тры бабулькі», — кажа краязнаўца.
Паводле спадара Станіслава, апошнім пасьляваенным кіраўніком габрэйскай грамады быў Лазар Мінцэнгендлер, які прыклаў шмат намаганьняў, каб у Бешанковічах паўстаў помнік ахвярам Галакосту. Ён арганізаваў збор сродкаў, ахвяравалі на помнік сваякі забітых зь іншых гарадоў былога СССР. Помнік і агароджу зрабілі ў Ленінградзе, усталявалі ў канцы 1950-х. Дазволу на гэта ні ў кога не пыталіся і спагады да ініцыятывы з боку савецкіх уладаў не адчулі. Больш за тое: жыхара Ленінграду Пятра Берліна, які каардынаваў выраб помніка і агароджы, звольнілі з пасады галоўнага энэргетыка буйнога прадпрыемства і перавялі ў шараговыя электрыкі.
Лазара Мінцэнгендлера пахавалі не на габрэйскіх, а на звычайных гарадзкіх могілках: так вырашылі сваякі, сярод якіх было шмат беларусаў. Кажуць, што родныя некалькі дзён вартавалі ягоную магілу — баяліся, што яе раскапае габрэйская грамада ды перанясе парэшткі на ўскраек парку імя героя Савецкага Саюзу Міхаіла Ткачэнкі.
Менавіта дзякуючы гэткаму месцазнаходжаньню габрэйскія могілкі і захаваліся, лічыць Ганна Клімовіч.
«Дзякуючы таму, што тут паркавая зона, мацэйвы апынуліся пад аховай: тэрыторыю не чапалі, тут не пракладалі дарог, ня ўкочвалі камяні пад асфальт, не скідалі іх убок, вызваляючы месца пад будаўніцтва. Многія надмагільлі проста раскіданыя, але калі мацэйву падняць з гэтага пяску і паглядзець на залачоныя ці пафарбаваныя срэбрам літары — гэта нейкі цуд!» — кажа валянтэрка.
Спадарыня Ганна адзначае, што працы добраахвотнікаў спрыяюць мясцовыя ўлады. Але пакуль не ўдаецца дамагчыся, каб могілкам надалі статус культурна-мэмарыяльнай каштоўнасьці: адзіны дакумэнт, дзе яны зафіксаваныя, — гэта плян мясцовага лясгасу, на тэрыторыі якога знаходзяцца пахаваньні. Трэба сабраць яшчэ мноства дакумэнтаў, каб пацьвердзіць відавочнае: тут пахаваныя людзі, і ставіцца да гэтага трэба з належнай павагай.
Парушэньне канонаў ці клопат пра захаваньне памяці?
Ганна Клімовіч прызнаецца: ня ўсе аднадушна ўхваляюць дзейнасьць валянтэраў. Справа ў тым самым кананічным прынцыпе «непарушнасьці магіл»: паводле традыцыі супакой памерлых трывожыць забараняецца, таму на могілках нельга рабіць нічога, не прадугледжанага рэлігійнымі абрадамі.
На думку спадарыні Ганны, нельга лічыць парушэньнем канону праявы ўвагі ды павагі. Дый дзеяньні валянтэраў могуць патрывожыць спакой нябожчыка хіба тым, што камень зь ягоным імем будзе падняты зь зямлі.
Дарэчы, якраз такім чынам Ганьне Клімовіч удалося зьдзейсьніць сваю даўнюю мару — знайсьці пахаваньні сваякоў.
«У першай жа экспэдыцыі мы знайшлі камень незвычайнай формы — з трыма гранямі і амаль аднолькавымі надпісамі на дзьвюх. Я так насілася з гэтым каменем, што прадстаўнік віцебскай габрэйскай грамады Міхаіл Шульман мяне зь ім сфатаграфаваў. Калі надпіс пераклалі, то высьветлілася, што гэта пахаваньне мужчыны. Прозьвішча на камені не было, але дата сьмерці, імя і імя па бацьку супалі з тымі зьвесткамі, што былі вядомыя нашай сямʼі! Атрымалася, што я знайшла магілу майго прапрадзеда!» — кажа спадарыня Ганна.
Досьвед пошукавай працы падказаў і верагоднае тлумачэньне амаль што аднолькавых надпісаў на двух баках трохграннага слупка. Маўляў, продкі гэтага роду былі мудрыя і ўсё прадугледзелі — калі мацэйва паваліцца на бок, то імя пахаванага ўсё адно будзе відаць і ня страціцца ў забыцьці...
Знайшла Ганна Клімовіч і яшчэ адно роднае пахаваньне — тых, хто загінуў на пажары ў 1922 годзе. Сярод іх было шасьцёра сваякоў дасьледчыцы.
Могілкі — гэта вельмі мала для сапраўднай памяці
Самае старое датаванае пахаваньне гэтых могілак адносіцца да 1772 году, а самае апошняе — да 1968-га. Тады сваякі нябожчыкаў дамагліся, каб парэшткі выхадцаў зь Бешанковічаў спачывалі ў роднай зямлі і менавіта на габрэйскіх могілках. Хоць пасьля 1941 году тых могілак афіцыйна ўжо не існавала, улады далі ўсё ж дазвол на пахаваньне — на самым ускрайку.
Апошнія пахаваньні выглядаюць больш падобнымі да хрысьціянскіх: магілы ў агароджах, замест мацэйваў — стандартныя «інтэрнацыянальныя» помнікі з надпісамі па-расейску.
Да наступнай экспэдыцыі, верагодна, далучацца адмыслоўцы з геарадарам — прыстасаваньнем, якое дапамагае знайсьці камень пад тоўшчай глебы. Знойдзеныя зь яго дапамогай мацэйвы валянтэры хочуць падняць на паверхню.
Але Ганна Клімовіч разумее, што аднаго толькі добраўпарадкаваньня могілак вельмі мала, каб адрадзіць памяць пра габрэяў, якія жылі ў Бешанковічах. Яна лічыць неабходным вярнуць у Бешанковічы імя мастака Саламона Юдовіна — тутэйшага ўраджэнца, які ў свой час сабраў унікальную калекцыю фатаздымкаў габрэйскіх паселішчаў, зафіксаваў габрэйскі арнамэнт на надмагільлях Валыні і Падольля.
А яшчэ марыць пра канцэрты традыцыйнай габрэйскай музыкі — каб у цяперашні райцэнтар хоць на пару гадзін вярнуць атмасфэру мястэчка, дзе здаўна жылі побач габрэі і беларусы, дзе суседнічалі царква і сынагога, а звычаі суседзяў ведалі і шанавалі ўсе без выключэньня.