Якая цана расейскай нафты для Беларусі і Эўропы? Гэтае пытаньне асабліва актуальнае ў сьвятле цяперашняга нафтавага канфлікту паміж Менскам і Масквой і пошукаў Беларусьсю альтэрнатыўных крыніцаў нафты.
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, які на мінулым тыдні наведаў Менск, прапанаваў Беларусі купляць нафту ў ЗША, хоць усе 100% патрэбаў. А колькі і па якой цане куплялі нафту Беларусь і краіны Эўразьвязу? Ніжэй пададзеныя зьвесткі пра нафтавы імпарт у пазамінулым годзе, па якім ёсьць канчатковыя дадзеныя, якія можна параўноўваць.
Табліца 1. Імпарт нафты з Расеі ў Беларусь і краіны Эўразьвязу, 2018
|
Аб'ем імпарту нафты з РФ (млн тон) |
Кошт імпарту нафты з РФ (млрд даляраў) |
Цана расейскай нафты (даляраў за тону) |
Аб'ём імпарту нафты з-за межаў ЭЗ (млн тон) |
Доля РФ ў імпарце з-за межаў ЭЗ, % |
ВУП (млрд. даляраў) |
Кошт імпарту нафты РФ/ ВУП, % |
Беларусь |
18.2 |
6.82 |
374 |
18.2 |
100 |
59.6 |
11.5 |
Нямеччына |
26.3 |
13.3 |
513 |
68.9 |
38 |
3947.6 |
0.3 |
Польшча |
20.3 |
10.2 |
513 |
25.7 |
79 |
585.6 |
1.7 |
Нідэрлянды |
20.2 |
10.3 |
513 |
47.8 |
42 |
913.6 |
1.1 |
Фінляндыя |
10.1 |
5.1 |
499 |
12.4 |
82 |
276.7 |
1.8 |
Літва |
7.6 |
3.9 |
513 |
9.6 |
79 |
53.4 |
7 |
Італія |
5.6 |
2.9 |
513 |
61.9 |
9 |
2083.9 |
0.1 |
Вялікабрытанія |
2.3 |
1.3 |
551 |
46.1 |
5 |
2855.3 |
0.04 |
* Крыніцы: Volumes and prices for monthly and cumulative crude oil imports by country of origin (2013-2018), Эўракамісія, Экспарт і імпарт з краінамі ЭАЭС у 2018 годзе, Белстат, GDP (current US$), Сусьветны банк
У табліцы прыводзяцца дадзеныя па асноўных імпартэрах расейскай нафты ў Эўропе.
З дадзеных вынікае, што цана расейскай нафты для Беларусі ў 2018 годзе была заўважальна ніжэйшай, чым для асноўных гандлёвых партнэраў Расеі ў Эўразьвязе.
Залежнасьць Беларусі ад расейскай нафты была поўнай. Але і некаторыя іншыя краіны Эўропы былі залежныя ад расейскай нафты вельмі істотна – Фінляндыя, Літва, Польшча, таксама больш за траціну імпартаванай з-за межаў ЭЗ нафты прыпадала на Расею ў Нямеччыне і Нідэрляндах.
Залежнасьць Беларусі ад расейскай нафты увасаблялася таксама у прапорцыях паміж імпартам расейскай сыравіны і памерамі эканомікі.
Аб'ём нафты з РФ, які імпартавала Беларусь, быў амаль такім жа, як расейскі нафтавы экспарт у Польшчу і Нідэрлянды. Пры гэтым ВУП гэтых краінаў пераўзыходзіў беларускі адпаведна ў 10 і ў 15 разоў.
У выніку атрымлівалася, што, скажам, Нямеччына, Польшча і Нідэрлянды плацілі за расейскую нафту больш грошай, чым Беларусь, але гэтыя выдаткі складалі нязначную долю іх нацыянальнага багацьця. У Беларусі на закупкі расейскай нафты ішоў фактычна кожны восьмы рубель, які прадукавала эканоміка.
Падобнай на беларускую была сытуацыя ў Літве – расейская нафта і там складала значную частку нафтавага імпарту (хаця і меншую, чым у Беларусі), выдаткі на закупкі гэтай нафты і ў Літвы складалі істотную частку нацыянальнага ВУП (аднак таксама меншую, чым у Беларусі).
У сьвятле шчодрай прапановы, якую агучыў Майк Пампэо, цікава паглядзець, колькі і па якой цане куплялі амэрыканскую нафту ў 2018 годзе краіны Эўразьвязу.
Табліца 2. Імпарт нафты з ЗША ў краіны Эўразьвязу, 2018
|
Аб'ем імпарту нафты з ЗША (млн тон) |
Аб'ём імпарту нафты з-за межаў ЭЗ (млн тон) |
Кошт імпарту нафты з ЗША (млрд даляраў) |
Цана нафты з ЗША (даляраў за тону) |
Доля ЗША ў імпарце нафты з-за межаў ЭЗ, % |
Нямеччына |
4 |
68.9 |
2 |
522 |
6 |
Польшча |
0.6 |
25.7 |
0.4 |
537 |
2 |
Нідэрлянды |
2.6 |
47.8 |
1.4 |
522 |
5 |
Італія |
1.5 |
61.9 |
0.8 |
532 |
2 |
Вялікабрытанія |
7.7 |
46.1 |
4 |
522 |
8 |
* Крыніца: Volumes and prices for monthly and cumulative crude oil imports by country of origin (2013-2018), Эўракамісія
** Фінляндыя і Літва ў 2018 годзе не куплялі амэрыканскую нафту
З параўнаньня дадзеных дзьвюх табліц вынікае, што нафта з ЗША была для кожнага з эўрапейскіх спажыўцоў (акрамя Вялікабрытаніі) даражэйшай за расейскую. Пры гэтым зьвяртае на сябе увагу, што нафта з Амэрыкі складала невялікую частку нафтавага імпарту эўрапейскіх краінаў.
Літва амэрыканскую нафту не купляла ў 2018 годзе наагул, у Нямеччыны доля амэрыканскай нафты ў імпарце з-за межаў ЭЗ была ў 6 разоў меншай, чым доля расейскай, у Польшчы – амаль у 40 разоў меншай.
Так што прапанова Майка Пампэо для Беларусі купляць хоць 100% патрэбнай нафты ў ЗША – шчодрая і прыемная. Але чамусьці бліжэйшыя саюзьнікі ЗША, краіны, значна багацейшыя за Беларусь, нарэшце, краіны, якія маюць уласныя порты, карыстаюцца падобнымі амэрыканскімі прапановамі ў даволі сьціплых памерах.
Пэўныя аб'ёмы амэрыканскай нафты яны закупляюць, але выглядае, што не ў апошнюю чаргу – з мэтай дывэрсыфікацыі нафтавага імпарту, каб зьнізіць залежнасьць ад аднаго, расейскага пастаўніка. Прапанова Пампэо Беларусі наконт нафты выглядала хутчэй палітычным жэстам, а не камэрцыйнай альтэрнатывай.
Увесь студзень, пакуль доўжылася нафтавая «вайна» з Расеяй, беларускія ўлады казалі пра альтэрнатыўныя пастаўкі, гаварылася нават, што расейская нафта мусіць складаць ня больш за 30-40% імпарту. Ці атрымліваецца гэта ў суседзяў, чальцоў NATO і ЭЗ, бачна з табліцы 1, якая прыведзеная вышэй.
Вельмі імаверна, што ўсё скончыцца так, як сканчалася раней: Аляксандар Лукашэнка дамовіцца з Уладзімірам Пуціным (а дамовіцца раней ці пазьней), у Беларусь пойдзе расейская нафта (падаражэўшая, але не такая дарагая, як для Эўропы), усе ўздыхнуць з палёгкай і забудуць развагі, пагрозы і надзьмуваньне шчок наконт альтэрнатыўнай нафты. Да наступнай «вайны».
А шкада. Досьвед Эўропы паказвае, што ня складаць усе яйкі ў адзін расейскі нафтавы кошык і можна, і варта ўвесь час, а ня толькі ліхаманкава шукаючы альтэрнатываў падчас чарговай нафтавай «вайны» з Расеяй.
Перадрук з парталу TUT.BY
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.