Старшы эканаміст BEROC Зьміцер Крук адказвае на пытаньне, колькі будзе каштаваць Беларусі «нафтавая вайна» з Расеяй, расказвае пра эканамічныя пэрспэктывы на гэты год і тлумачыць, чым небясьпечная эміграцыя мэдыкаў і як беларуская эканоміка можа трапіць у «пастку беднасьці».
Сьцісла
- У новых умовах праца беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў будзе стратнай.
- «Адкаціць назад» у перамовах з Масквой — немэтазгодна і небясьпечна палітычна і эканамічна.
- Перадумовы для стабільнасьці курсу сёньня значна больш трывалыя, чым раней.
- Калі чалавечы капітал, «мазгі», уцякаюць з краіны, — дзяржава ў доўгатэрміновай пэрспэктыве ня мае шанцаў для якаснага росту.
— Зараз мы назіраем разгар нафтавага крызісу паміж Беларусьсю і Расеяй. Заявы афіцыйных асобаў наконт таго, колькі працэнтаў нерасейскай нафты будзе паступаць у Беларусь, даволі розныя. Трэба ўлічваць і тое, што Беларусь ня вельмі падрыхтаваная да альтэрнатыўнай нафты. Якіх матэрыяльных стратаў для Беларусі можна чакаць ад гэтай «нафтавай вайны» з Расеяй, ад пераходу на альтэрнатыўную, нерасейскую нафту?
— Я б не ўжываў тэрмін «страты». Калі мы параўноўваем зь мінулым годам, то, сапраўды, становішча істотна пагоршыцца. Але калі параўноўваць з рынкавымі ўмовамі, то тады казаць пра «страты» не выпадае. Так, можна казаць, што ў новых умовах праца беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў будзе стратнай, хутчэй за ўсё. І ў такім выпадку мэтазгодна будзе зьніжаць аб’ёмы нафтаперапрацоўкі. І вось гэта ўжо можна ацэньваць як эфэкт, які будзе зьніжаць валавы ўнутраны прадукт (ВУП).
Па розных ацэнках, у гэтым выпадку непасрэдныя страты ВУП складуць каля 1 працэнта. А ўскосныя, за кошт узьдзеяньня на іншыя галіны эканомікі — гуртовы гандаль, нафтахімія ды іншае — могуць даходзіць да 3 працэнтаў ВУП.
— І па-вашаму, кіраўніцтва Беларусі, ведаючы ўсё гэта, гатовае пайсьці на гэта і пераходзіць на альтэрнатыўную нафту? Ці, як гэта здаралася раней, канфлікт нейкім чынам скончыцца і Беларусь зноў здабудзе льготныя ўмовы і вернецца да расейскай нафты?
— У Беларусі ёсьць пэўная падушка бясьпекі, назапашаная зь мінулых гадоў. Таму, нават калі новыя ўмовы паставак нафты выльюцца ў адмоўную рэнтабэльнасьць нафтаперапрацоўчых заводаў (калі гэтая нэгатыўная рэнтабэльнасьць ня будзе надта вялікай, напрыклад, ня больш як мінус 5 працэнтаў), то ў гэтым выпадку гэты ўдар можа ўзяць на сябе бюджэт. І гэта на 1 год можа быць адносна эфэктыўным рашэньнем праблемы, бо яно дазволіць нэўтралізаваць патэнцыйныя страты.
Што да палітычнай часткі праблемы. Калі Менск здолее знайсьці больш-менш прывабныя цэны для альтэрнатыўных паставак — то пазыцыя Беларусі ў перамовах з Масквой будзе даволі жорсткая. Бо торг ідзе не за 200–300 мільёнаў. А фактычна гэта пытаньне сярэднетэрміновай устойлівасьці беларускай эканомікі. Таму «адкаціць назад» — немэтазгодна і небясьпечна і ў палітычным, і ў эканамічным сэнсе.
Тое, як беларускія ўлады пачалі дзейнічаць апошні месяц, — гэта ўжо аўтаматычна ператварыла нафтавае пытаньне ў сымбалічнае і палітычнае. Зьмяніць істотна сваю пазыцыю і пагадзіцца на ўмовы Расеі — гэта будзе страта свайго твару. Таму, я мяркую, пазыцыя Менску ў гэтым годзе ня зьменіцца. Мяч на баку Расеі, і нейкія кампрамісы магчымыя толькі ў тым выпадку, калі зьменіцца пазыцыя расейскага боку.
— Вы казалі пра «запас», відаць, маючы на ўвазе перш за ўсё золатавалютныя рэзэрвы, якія сапраўды моцна вырасьлі за апошнія гады. Калі здараецца крытычны момант — чаму б яго ня выкарыстаць? Наколькі маштабна можна адтуль чарпануць?
— Кажучы пра «падушку бясьпекі», я меў на ўвазе ня толькі золатавалютныя рэзэрвы, а таксама і значныя сродкі на рублёвых рахунках Мінфіна, дзе на сёньня больш за 4 мільярды рублёў, і гэтыя сродкі не ўваходзяць у склад золатавалютных рэзэрваў (ЗВР). І тут трэба разумець, што гэтыя сродкі Мінфін можа выкарыстоўваць дастаткова вольна, у законе аб бюджэце прадэкляравана, што дэфіцыт будзе пакрывацца за кошт гэтых сродкаў. Пры большай пагрозе Мінфін можа выкарыстоўваць і тую частку ЗВР, якія належыць гэтаму ведамству. Гэта дазваляе нэўтралізаваць даволі значны шок.
— Нельга скідаць з рахункаў, што мы жывём у выбарчы год, і ўлада ня можа дазволіць сабе падзеньне ўзроўню жыцьця. Матэрыяльны дабрабыт людзей павінен як мінімум не зьмяншацца. Гэтая задача таксама будзе ўплываць на прыняцьцё эканамічных рашэньняў?
— Мне падабаецца гэтая вашая фармулёўка — «не зьмяншацца». Калі недзе да 2012–14 гадоў гэтая фармулёўка гучала б як «падвышацца», то цяпер хаця б «не зьмяншацца». Менавіта таму ў бюджэт было закладзена адносна істотнае падвышэньне заробкаў для працаўнікоў бюджэтнага сэктару. Але ў цэлым па эканоміцы, у залежнасьці ад сцэнару, даходы, я мяркую, будуць заставацца больш-менш стабільнымі.
— Калі ўжо казаць пра пляны ўладаў, то варта ўзгадаць, што на 2019 год было закладзена каля 4 працэнтаў росту ВУП. У выніку маем 1,2 працэнта росту. І ніхто, падаецца, не зьбіраецца караць урад за правал. Чаму так атрымалася?
— Адпачатку гэтыя пляны былі нерэалістычныя, і пра гэта казалі нават на пачатку 2019 году. Аптымістычны прагноз быў складзены, каб заставаліся шанцы выканаць закладзеныя пляны на пяцігодку. Былі нейкія мізэрныя шанцы: калі б усё добра было ў замежнай сфэры, калі б нейкія тэндэнцыі адбыліся ўнутры эканомікі — тады можна было б «выцягнуць» 3 працэнты росту.
— Наколькі рэалістычныя пляны ўраду на гэты год?
— Яны больш аптымістычныя, чым рэалістычныя. Большая частка эканамістаў, як і мы ў BEROC, дае прагноз на рост каля 1 працэнта. Але пра гэта мы казалі да «нафтавага шоку», які адаб’ецца на паказьніках ВУП. 2,8 працэнта росту, які прагназуе ўрад на 2020 год, — занадта аптымістычны сцэнар. Магчыма, нейкія новыя стымулы, фіскальныя стымулы стануць тым чыньнікам, якія могуць падштурхнуць эканоміку на кароткатэрміновую пэрспэктыву.
— Наколькі стабільным выглядае курс беларускага рубля, менавіта ў доўгатэрміновай пэрспэктыве? Беларусы гістарычна прызвычаіліся да дэвальвацый. Няўжо цяперашняя стабільнасьць курсу можа стаць доўгатэрміновым трэндам?
— Шанцаў, што стабільнасьць курсу можа стаць трывалым трэндам, даволі шмат. Галоўная прычына — істотнае паляпшэньне якасьці эканамічнай палітыкі з 2015 году, што забясьпечыла стабільны рахунак плацёжнага балянсу, адсюль і адносная стабільнасьць на валютным рынку.
Але ж пэўныя рызыкі існуюць. Гэта зноў-такі адносіны з Расеяй, і, па-другое, вонкавы і ўнутраны доўг. Калі нейкія шокавыя зьмены адбудуцца ў гэтых кірунках, гэта можа паўплываць на курс рубля. Але перадумовы для стабільнасьці курсу сёньня значна больш трывалыя, чым раней.
— Каб выкараскацца з той ямы, у якую Беларусь трапіла ў выніку падзеньня ВУП у 2015–16 гадах, беларускай эканоміцы трэба расьці даволі моцна кожны год, не на 1 працэнт. Але істотнага росту няма, Беларусь застаецца ў стагнацыі, што накіроўвае эканоміку ў пэўную дэградацыю.
— Безумоўна, гэта галоўная праблема. Яе вынікам могуць быць сацыяльныя наступствы, некаторыя зь якіх мы ўжо можам назіраць. Прадстаўнікі шмат якіх прафэсій ужо разглядаюць не беларускі рынак, а іншыя краіны для працаўладкаваньня. Напрыклад, мэдыкі. Што гэта можа азначаць у пэрспэктыве? Тое, што ў першую чаргу ў малых гарадах і сельскай мясцовасьці будзе не хапаць мэдычных спэцыялістаў. А гэта істотны выклік для беларускай «сацыяльнай мадэлі».
Па-другое, эканоміка пры такіх нізкіх тэмпах разьвіцьця трапляе ў пэўную пастку. Яе называюць па-рознаму — «пастка нізкага даходу», «пастка беднасьці». Калі чалавечы капітал, «мазгі», сыходзяць з краіны — гэта яшчэ больш зьніжае пэрспэктывы росту, і краіна ў доўгатэрміновай пэрспэктыве ня мае шанцаў для якаснага росту. Даволі часта як прыклад гэтага прыводзяць Альбанію ці Малдову. Гэта выглядае вельмі сур’ёзным выклікам, адказ на які трэба даць і штосьці яму супрацьпаставіць.