Ці праўда, што расейская нафта для Беларусі таньнейшая за любую альтэрнатыву? Чаму ранейшыя альтэрнатыўныя пастаўкі нафты з Вэнэсуэлы і Азэрбайджану ня сталі сталымі? Якой мэты дасягае Лукашэнка канфліктам наконт нафты ў стасунках з Расеяй?
Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць заснавальнік Цэнтру новых ідэяў, аналітык брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня, галоўная рэдактарка інтэрнэт-выданьня Валерыя Касьцюгова і эканаміст Яраслаў Раманчук.
Астапеня:
- Гэты крызіс не эканамічны, а палітычны, гэта пэрсанальны двубой
- Цяпер у расейскай палітычнай клясе ёсьць кансэнсус наконт таго, што Беларусь рухаецца ў няправільным накірунку
- Для Лукашэнкі канфлікт — гэта быў самы зручны шлях, бо і раней атрымлівалася дзейнічаць такім чынам
- Праз паўгода альтэрнатыўныя пастаўкі будуць каля нуля
Касьцюгова:
- Расейская цана на нафту, вышэйшая за ўсясьветную — гэта як прагноз надвор’я ад Гідрамэтцэнтру з дакладнасьцю ў 120%
- Толькі расейская нафта, якая значна таньнейшая за ўсясьветную, дае магчымасьць працягваць існаваньне беларускай мадэлі эканомікі
- Калі б Лукашэнка сапраўды баяўся за незалежнасьць, настолькі сурʼёзна ацэньваў пагрозу з боку РФ — то навошта ён уступіў у перамоўны працэс паглыбленьня інтэграцыі?
- Калі беларускі бок ня здолее дамагчыся ніякіх саступак ад Масквы, на альтэрнатыву прыпадзе 10-15% нафтавага імпарту
Раманчук:
- І беларускі ўрад, і грамадзянская супольнасьць, і вытворцы гатовыя пацярпець больш высокую цану на нафту, каб захаваць краіну
- нават у школах праводзяцца сходы з вучнямі і іх бацькамі з парадкам дня «Ўстанем на абарону незалежнасьці»
- Расея мае свой сцэнар, які яна можа ўключыць у асобе свайго кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах
- 15-20% альтэрнатыўных паставак — гэта максымум
Дракахруст: Паміж Беларусьсю і Расеяй — чарговая нафтавая вайна. Вось яе сьціслая храналёгія.
— З 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты.
— Лукашэнка даручыў тэрмінова арганізаваць альтэрнатыўныя пастаўкі.
— Нарвэгія паставіла Беларусі 80 тысячаў тонаў празь літоўскі порт Клайпеда.
— 21 студзеня Лукашэнка паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў. Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
Падчас цяперашняга нафтавага крызісу нярэдка выказвалася думка, што нават найгоршыя ўмовы пастаўкі расейскай нафты лепшыя, танейшыя за найлепшыя альтэрнатывы. Гэта сапраўды так?
Раманчук: Каб ацаніць гэтыя лічбы, трэба адказаць на пытаньне — колькі каштуе незалежнасьць Беларусі? Тады разьлікі, паводле якіх альтэрнатыўная нафта даражэйшая за расейскую на 10-20 даляраў, будуць мець зусім іншы выгляд.
І беларускі ўрад, і грамадзянская супольнасьць, і вытворцы гатовыя пацярпець гэтую больш высокую цану, але захаваць краіну.
Ці ёсьць на рынку больш танная, чым расейская, прапанова? Яе няма.
Трэба мець на ўвазе, што інтарэсы двух беларускіх НПЗ і нафтавага лёбі кардынальна адрозьніваюцца ад інтарэсаў субʼекта міжнароднага права Рэспубліка Беларусь.
Дракахруст: Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея прапаноўвае Беларусі цану на нафту вышэйшую за ўсясьветную. Што азначае гэтае выказваньне? Што цана, скажам, для Нямеччыны без транзыту і мыта ніжэйшая, чым для Беларусі?
Касьцюгова: Я ня ведаю, якія ў яго падлікі. Але вось чытаю яго нядаўнюю заяву — Гідрамэтцэнтар дае прагноз надворʼя з дакладнасьцю ў 120%.
Што ён меў на ўвазе? Мы яго ведаем, ён любіць мэтафары, якія яму здаюцца прыгожымі. І якраз у сфэры лічбаў.
Астапеня: Калі Лукашэнка кажа пра гэтыя рэчы, ён выкарыстоўвае ўласную крэатыўную бухгалтэрыю. Эканамічна мэтазгодна набываць нафту безумоўна ў Расеі.
Але гэты крызіс не эканамічны, а палітычны, гэта пэрсанальны двубой.
Таму ёсьць сэнс, хай кароткатэрміновы, у альтэрнатыўных пастаўках. Мэта — паказаць свой характар, «кінуць панты».
«Калі праблема толькі ў грошах — гэта не праблема, а выдаткі»
Дракахруст: Ёсьць габрэйская прымаўка: калі праблема толькі ў грошах — гэта не праблема, а выдаткі. Цяперашняя беларуска-расейская нафтавая «вайна» — гэта праблема ці выдаткі?
Раманчук: У габрэйскага народу шмат мудрых думак. Думаю, што і наконт цяперашняй сытуацыі ёсьць. Калі вы працавалі з адным партнэрам 20 гадоў, а цяпер гэты партнэр хоча прыйсьці ў ваш дом і ўсталёўваць у ім свой парадак, то нават калі ён прапаноўвае больш танную нафту, вы з меркаваньняў годнасьці гэтую нафту ня купіце.
Расейскія энэрганосьбіты заўсёды былі і ёсьць інструмэнтамі геапалітыкі. Лукашэнка 20 гадоў думаў, што Беларусі гэта тычыцца ня будзе. Але ён памыляўся. Прымус да жыцьця бяз гэтага энэргетычнага гранту прыняў такія формы. У Крамлі мяркуюць, што Лукашэнка настолькі ня хоча праводзіць рэформы, што пагодзіцца на прапановы Крамля і расейскіх нафтавых «баронаў». Лукашэнка мяркуе, што зараз Крэмль будзе заняты канстытуцыйнай рэформай і праз пару месяцаў стасункі размарозяцца.
Астапеня: Мне падаецца, што тут шмат пераменных — гэта і падатковы манэўр, і інтэграцыя, і брудная нафта. Думаю, што для Лукашэнкі гэта найперш палітычны выклік.
Я малады бацька і бачу, як дзеці гуляюць у пясочніцы. Адзін кінуў у іншага пяском, той у адказ высыпаў на крыўдзіцеля вядро пяску. І гэта тыя, хто 3 хвіліны таму адзін адному ўсьміхаліся. Гэтак жа адбываецца і ў беларуска-расейскіх адносінах.
Чаму альтэрнатыўныя пастаўкі ня сталі сталымі?
Дракахруст: Пра тое, што імпарт энэрганосьбітаў варта дывэрсыфікаваць, беларускія ўлады казалі і раней. Беларусь у мінулым мела досьвед альтэрнатыўных паставак нафты, у прыватнасьці, з Азэрбайджану і з Вэнэсуэлы. Чаму гэтая практыка ня стала сталай, штогадовай?
Касьцюгова: Адказ на гэтае пытаньне залежыць ад адказу — гэта праблема ці выдаткі. Дык вось гэта праблема. Толькі расейская нафта, якая значна таньнейшая за ўсясьветную цану, дае магчымасьць працягваць існаваньне беларускай мадэлі эканомікі.
Да апошняга часу перапрацоўка нафты і экспарт нафтапрадуктаў давалі магчымасьць фінансаваць стратную беларускую прамысловасьць. Гэта магчыма толькі пры цане на нафту ніжэйшай за ўсясьветную.
Але да 2024 году, пасьля завяршэньня падатковага манэўру ў Расеі, цана на расейскую нафту для Беларусі стане прыкладна такой жа, як і ва ўсім рэгіёне. Тады НПЗ можа і будуць працаваць з прыбыткам, але яны ня змогуць падтрымліваць усю астатнюю неэфэктыўную эканоміку.
Таму Менск хоча хаця б на пэўны тэрмін зафіксаваць прыярытэтныя ўмовы пакупкі нафты.
Дракахруст: Альтэрнатыўныя пастаўкі нафты — ці стануць яны сталымі?
Касьцюгова: Тэарэтычна гэта магчыма. Краіны-суседзі могуць пашукаць магчымасьці. Але гэта ж не сацыялістычныя эканомікі, там урады наўпрост не ўплываюць на маркетынгавыя стратэгіі прыватных кампаніяў. Але гэта ў любым выпадку ня верне часы, калі нафтаперапрацоўка была звышпрыбытковай галіной.
Дракахруст: Цяперашняя нафтавая вайна — далёка ня першая ў гісторыі двухбаковых адносінаў. У чым сёлетні крызіс падобны да папярэдніх, а ў чым — адрозны? Спрэчкі кожны раз пра адно і тое ж ці пра рознае?
Раманчук: Адно прынцыповае адрозьненьне — гэта Пуцін, гэта царскія паўнамоцтвы, якія ён атрымае праз канстытуцыйную рэформу, гэта моц, якую набыла Расея.
За 15 гадоў, якія прайшлі з першай нафтавай вайны, у Беларусі не адбылося ніякай мадэрнізацыі. Танныя нафта і газ сталі наркотыкамі, ад якіх Лукашэнка адмовіцца ня здолеў.
Сёньня Лукашэнка абвяшчае ідэалягічную мабілізацыю. Я даведаўся, што нават у школах праводзяцца сходы з вучнямі і іх бацькамі з парадкам дня «Ўстанем на абарону незалежнасьці». Нават дзяцей мабілізуюць.
Астапеня: Я мяркую, што цяперашні крызіс у адносінах — вызначальны. Раней у Беларусі было сваё лобі ў Расеі, былі нафтавыя бароны, былі Праханавы-Зюганавы, былі блізкія да Менску губэрнатары. Цяпер саюзьнікаў там у Беларусі няма.
Цяпер у расейскай палітычнай клясе ёсьць кансэнсус наконт таго, што Беларусь рухаецца ў няправільным накірунку. І яе трэба шчыльней прывязаць да Расеі.
А ў Беларусі ёсьць разуменьне, што нельга надта шчыльна прывязвацца да Расеі.
І тут цяжка знайсьці кампраміс. І справа нават ня ў тым, што думае Пуцін пра 2024 год. Ёсьць несупадзеньне, супярэчнасьць паміж нацыянальнымі інтарэсамі дзьвюх краінаў. Гэты крызіс такі доўгі таму, што ён пра вельмі важныя рэчы.
Ці дамовяцца як заўжды?
Дракахруст: Ці можна сказаць, што цяперашні крызіс вырашыцца, як і папярэднія — дамовяцца з Расеяй і расейская нафта, як і раней, будзе складаць ільвіную долю беларускага нафтавага імпарту? Калі так, то навошта было даводзіць сытуацыю да крызісу? Якую задачу можна вырашыць пра дапамозе крызісу?
Касьцюгова: Я нязгодная ні зь Яраславам, ні з Рыгорам наконт радыкальнага адрозьненьня цяперашняга крызісу ад папярэдніх. Крызіс — гэта ёсьць сэнс палітыкі Беларусі, ніякай іншай палітыкі ў Лукашэнкі ніколі не было.
Калі б Лукашэнка сапраўды баяўся за незалежнасьць, настолькі сурʼёзна ацэньваў пагрозу з боку РФ — навошта ён уступіў у перамоўны працэс паглыбленьня інтэграцыі? Можна ж было выбраць «кансэрватыўны варыянт», які прапанаваў Мядзьведзеў у сьнежні 2018 году разам з паглыбленьнем інтэграцыі. Пры гэтым «кансэрватыўным варыянце» мы б штогод плацілі крыху больш за нафту і да 2024 году прыйшлі б да сярэдніх для рэгіёну цэнаў.
Не, ён пайшоў у гэтую паглыбленую інтэграцыю, паколькі ніколькі не лічыў гэта сурʼёзнай пагрозай.
Я лічу, што гэтыя крызісы, і цяперашні ў тым ліку, павінны абгрунтаваць права Лукашэнкі займаць прэзыдэнцкую пасаду ўжо 25 гадоў.
Бо менавіта ён — здабыўнік рэсурсаў для неэфэктыўнай беларускай мадэлі, менавіта ён прыносіць грошы з Расеі. Гэта падмурак яго палітыкі, і крызіс — яе інструмэнт.
Астапеня: Для Лукашэнкі канфлікт — гэта быў самы зручны шлях, бо раней атрымлівалася дзейнічаць так. Мы пасварымся, паспрачаемся, яны нам дадуць чарговую зьніжку.
І ён не баяўся гэтых крызісаў і канфліктаў, я думаю, што ён і цяперашняга крызісу не асабліва баіцца. Але ён не пабачыў, што Расея зьмянілася. Я думаю, што гэта проста пралік.
Дракахруст: Яраслаў, а ці пралік? Колькі было прагнозаў падчас папярэдніх крызісаў — Лукашэнка прайграў, прадзьмуў, пралічыўся. А вось не прадзьмуваў. Дык можа і зараз не прадзьме? Так, ён абвастрае, ён рызыкуе. Але магчыма, што і гэтым разам падобная тактыка дасьць плён?
Раманчук: Адказ залежыць ад Пуціна і тых новых тэхнакратаў, якія прыйшлі ў расейскі ўрад.
Лукашэнка працуе праз сваіх лабістаў у Расеі, якія нікуды не падзеліся — той жа Прыходзька, той жа Чайка, той жа Грэф, тыя ж нафтавыя бароны.
З пуцінскім алігархам Ратэнбэргам ён зьбіраецца працаваць па камэрцыйных праектах.
Але шмат што будзе залежыць ад пазыцыі расейскіх сілавікоў, для якіх грошы — не галоўнае, іх інтарэсы адрозныя ад інтарэсаў нафтавікоў і банкіраў.
Балянс інтарэсаў ссунуўся ў бок сілавікоў.
І зараз пасланьне Лукашэнкі будзе — мы будзем плаціць за сваю незалежнасьць. Хай заробкі зьнізяцца да 350-400 даляраў, але адстаім незалежнасьць.
Аднак ці пагодзіцца Расея з гэтай адаптацыяй да новых цэнаў і новых варункаў? Ці пагодзяцца з гэтым беларусы, ці ня скажуць — ты не здабываеш нам грошы ў Расеі, тады мы не давяраем цябе?
Расея мае свой сцэнар, які яна можа ўключыць у асобе свайго кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. І неабавязкова гэта будзе прадстаўнік апазыцыі.
Чаму Беларусь ня Польшча?
Дракахруст: Польскі экспэрт у пытаньнях энэргетыкі паведаміў у інтэрвію РС лічбу: доля РФ у нафтавым імпарце Польшчы — 70%. Лукашэнка ставіць задачу зьнізіць долю Расеі ў нафтавым імпарце Беларусі да 30-40%. Гэта рэальна? А якой доля альтэрнатыўных паставак магла б быць у самых лепшых абставінах?
Раманчук: 15-20% у самай лепшай сытуацыі. Усё будзе залежыць ад таго, каму будуць належаць беларускія НПЗ. Калі Лукашэнка ў межах кампрамісу прадасьць частку акцыяў гэтых НПЗ блізкім да Крамля кампаніям, то мяркую, што гэтыя кампаніі здолеюць дамагчыся зваротнага акцызу, кампэнсацыі падатковага манэўру, для тады ўжо сваіх НПЗ у Беларусі.
Так што 15-20% альтэрнатыўных паставак — гэта максымум. Але статус нафтавага эмірату Беларусь страціла назаўжды.
Касьцюгова: 30% альтэрнатыўных паставак у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы — гэта патрабаваньне энэргетычнай бясьпекі ЭЗ, гэта выкананьне брусэльскіх нарматываў. Паколькі Беларусь не ўваходзіць у ЭЗ, то Беларусі такі нарматыў ніхто не накідае.
Дракахруст: Дык Лукашэнка ж сказаў яшчэ круцей — што альтэрнатыўныя пастаўкі павінныя складаць 60-70%.
Касьцюгова: Ну гэта яго жарсьць да жангляваньня лічбамі і перабольшаньняў. Відавочна, што гэта сказана дзеля прыгажосьці.
Калі беларускі бок ня здолее дамагчыся ніякіх саступак ад Масквы і калі НПЗ будуць заставацца беларускімі, то на альтэрнатыву прыпадзе 10-15% нафтавага імпарту.
Калі ж дамоўленасьць будзе дасягнутая, то і 15% ня будзе.
Астапеня: Я мяркую, што праз паўгода альтэрнатыўныя пастаўкі будуць каля нуля. Дамоўленасьць з Масквой будзе дасягнутая, а альтэрнатыўныя пастаўкі будуць абстракцыяй.
Беларуская сыстэма даволі лянівая.
Яна пачынае гэтыя альтэрнатыўныя пастаўкі, а потым кідае. А пасьля вяртаецца да расейскіх паставак. А калі пачнецца крызіс, то што-небудзь прыдумаем.